Лудчыцкая вышыня (на штабных картах пазначана лічбай 150,9) знаходзіцца ў 10 км ад Быхава, ад в. Лудчыцы – у 1,5 км. Яна мела важнае стратэгічнае значэнне. У 1944 г. немцы ўмацавалі гэта месца агнявымі кропкамі і мінамі. 23 лютага 1944 г. савецкімі войскамі быў фарсіраваны Днепр каля вёсак Абідавічы і Сялец, у выніку чаго пад кантролем Чырвонай Арміі апынуўся Новы Быхаў і плацдарм на правабярэжжы ракі. У баях, якія праходзілі тут, праявіў сябе капітан Галакціён Размадзе, які разам са сваёй групай байцоў утрымліваў плацдарм, што дало магчымасць пераправіцца іншым часткам арміі. У баях на заходнім беразе Дняпра вылучыўся камандзір гарматнага разліку 971-га артылерыйскага палка 110-й дывізіі старшы сяржант Іван Барысевіч. Аднак, нягледзячы на адваяваны плацдарм і злучэнне 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, савецкія войскі не маглі зрушыцца з месца. 24 чэрвеня 1944 г. пры наступальнай аперацыі «Баграціён» праявілі сябе батальёны 556-га палка 169-й дывізіі 40-га стралковага корпуса 3-й арміі 1-га Беларускага фронта, якія моцным арганізаваным ударам у кірунку Лудчыцаў завалодалі вышынёй і на працягу 20-цi гадзін да прыходу падмацавання ўтрымлівалі яе. У баі вызначыліся падраздзяленні камандзіра стралковай роты, старшага лейтэнанта Уладзіміра Мартынава. Гераічным подзвігам стаў учынак радавога Сундуткалі Іскаліева, які закідаў варожы дзот гранатамі, а пасля адкрыцця адтуль кулямётнага агню закрыў сабою амбразуру. Рота У. Мартынава адбівала да апошняга патрона контратакі немцаў, з боку якіх на вышыні засталіся ляжаць 470 чалавек. Такі ж гераізм праявіла і рота аўтаматчыкаў капітана Гуляма Якубава, пасля баёў з якой вораг не далічыўся каля 425 чалавек. Праз некалькі дзён, калі было ажыццёўлена агульнае наступленне савецкіх войск, нямецкія часці былі абкружаны і поўнасцю разгромлены. Усяго ў баях каля в. Лудчыцы загінулі 165 савецкіх воінаў і 174 былі паранены.
28 чэрвеня 1984 г. у дзень святкавання 40-годдзя вызвалення Быхаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылося ўрачыстае адкрыццё Мемарыяла воінскай славы, сімвала доблесці і мужнасці, воінскага братэрства. Ён уяўляе сабой скульптурна-архітэктурную кампазіцыю, над якой працавалі скульптары П. Белавусаў, У. Лятун і архітэктары В. Бялянкін, М. Мызнікаў (у 1986 г. за гэты помнік яны былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР). На штучна-створаным высокім кургане ўстаноўлена сілумінавая сімвалічная фігура быліннага Баяна, які нібы пяе вечную песню, услаўляе подзвіг воінаў-герояў. У падножжа помніка, на авальнай пляцоўцы, размешчана ўвагнутая сцяна-стэла з гарэльефамі 6-ці Герояў Савецкага Саюза: У. Мартынава, С. Іскаліева, Г. Якубава, П. Вінічэнка, Г. Размадзе, І. Барысевіча. Вышыня фігуры Баяна складае 10 м, гарэльефаў – 2,5 м. Побач з комплексам усталявана абліцаваная гранітам стэла, гарыць Вечны агонь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.