Яўген Дамінікавіч Будзінас нарадзіўся ў Маскве ў сям’і служачых. У 1946 г. бацькі пераехалі ў Вільнюс. У 1961 г. Я. Будзінас скончыў школу рабочай моладзі. Вучыўся завочна ў радыётыхнічным інстытуце (спачатку ў Разані, потым у Мінску), які скончыў у 1972 г. З 1960 па 1968 г. працаваў лабарантам у Вільнюскім радыётэхнічным вучылішчы, слесарам у Разані, манцёрам Мінскага гарадскога аўтатрэста, настаўнікам матэматыкі, рускай мовы і літаратуры ў вячэрняй школе пасёлка Светлы Цюменскай вобласці. З 1968 г. на журналісцкай рабоце ў Мінску. Быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзела ў газеце «Знамя юности», уласным карэспандэнтам Агентцтва друку «Навіны» па Беларусі (1972–1975), карэспандэнтам часопіса «Рабочая смена» (1975–1976). З 1982 г. – спецыяльны карэспандэнт часопіса «Дружба народов» па БССР і Прыбалтыцы. У 1985 г. Я. Будзінас стаў лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў СССР. У 1986 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. З 1990 па 1997 г. ён старшыня праўлення выдавецтва «Паліфакт» (Мінск). З'яўляўся таксама выдаўцом шматтомнай серыі «Итоги века».
Першы нарыс Я. Будзінаса «Нефть, гитара и мотопила» быў змешчаны ў 1966 г. у часопісе «Нёман» (№11). Ён друкаваўся ў саюзных і рэспубліканскіх выданнях і з'яўляўся адным з вядучых нарысістаў і публіцыстаў Беларусі па вясковай тэматыцы. Пісаў на рускай і беларускай мовах. У кнігах «Один практический шаг» (1983), «Дом в сельской местности» (1985), «Действующие лица» (1986), «Преждевременный конфликт» (1988) разглядаў аграрныя і сацыяльныя праблемы, перспектывы вёскі. Яўген Будзінас – аўтар біяграфічных раманаў «Дураки» (2001), «Давайте, девочки» (2007). Ён напісаў сцэнарый мастацкага фільма «С юбилеем подождем» (сумесна з А. Кудраўцавым), тэлевізійнага «Лифт для промежуточного человека» (1990), дакументальнага «Магистраль» (1990) і інш.
У 1994 г. Я. Будзiнас стварыў прыватны музей «Дудуткi», у якiм сабраны прадметы сялянскага побыту, сельскагаспадарчая тэхніка XIX – пачатку XX ст. На тэрыторыі музея працуюць піваварня і сыраварня, дзе па старажытных тэхналогiях вырабляецца сыр, ёсць ветраны млын, кузня, ганчарная і сталярная майстэрні, дрэваапрацоўчы цэх i інш. На базе музея створана турыстычная фiрма.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.