Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", ТАА
Дата пачатку:
10.1994 Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Скарочаныя назвы:
"Дудуткі"
Варыянты назвы:
ТАА "Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі"; Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі"
Назвы на іншых мовах:
"Дудутки" (руская); Музейный комплекс старинных народных ремесел и технологий "Дудутки" (руская); Общество с ограниченной ответственностью "Музейный комплекс старинных народных ремесел и технологий "Дудутки" (руская); ООО "Музейный комплекс старинных народных ремесел и технологий "Дудутки" (руская);
Папярэднія назвы:
Гандлёва-вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства "Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі"; Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры; Дудичский музей материальной культуры; Торгово-производственное частное унитарное предприятие "Музейный комплекс старинных народных ремесел и технологий "Дудутки"; ЧУП "Музейный комплекс старинных народных ремесел и технологий "Дудутки"
2665 сімвалаў
Даведка
Адзін з самых вядомых музейных комплексаў Беларусі – “Дудуткі” –знаходзіцца за 40 км ад Мінска. Тут, непадалёк ад ад вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёна, на тэрыторыі былога маёнтка Ельскіх размясціліся кузня, ганчарная і дрэваапрацоўчая майстэрні, хлебапякарня і сыраварня, стайня, заасад, парк рэтра-аўтамабіляў. Галоўным сімвалам “Дудутак” з’яўляецца вятрак, пабудаваны ў пачатку ХХ ст.
Стварэнне “Дудутак” непарыўна звязана з імем Яўгена Дамінікавіча Будзінаса, які на пачатку 1990-х гг. са згоды Пухавіцкага райвыканкама узяў у арэнду 162 га зямлі “для вядзення падсобнай гаспадаркі” супрацоўнікамі выдавецтва “Паліфакт”. У той час аб стварэнні музея ніхто не думаў: была прыведзена ў парадак тэрыторыя, закуплена жывёла і сельскагаспадарчая тэхніка, пачалася гаспадарчая дзейнасць.
Паступова Я. Будзінас захапіўся ідэяй стварэння маёнтка ХІХ ст. з натуральнай гаспадаркай. Ён пачаў збіраць калекцыю старых рэчаў, шукаць ганчароў, ткачоў, кавалёў. А яшчэ яму вельмі хацелася мець сапраўдны млын. Драўляны вятрак, пабудаваны ў 1903–1905 гг. братамі Паповымі, быў прывезены з вёскі Бярозаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Адноўлены млын удала ўпісаўся ў прыродны ландшафт. У кастрычніку 1994 г. ён быў запушчаны. Гэтая падзея і лічыцца днём нараджэння музейна-гаспадарчага комплексу.
З пачаткам працы млына з’явілася пякарня. З малака ўласных кароў у “Дудутках” пачалі рабіць сыр і масла. З часам з’явіліся кузня, бровар, і іншыя майстэрні, якія працавалі па старажытных тэхналогіях.
Прафесар Анатоль Федарук паведаміў уладальнікам аб багатай гісторыі гэтых зямель, якімі некалі валодаў шляхетны род Ельскіх, а вёска Дудзічы згадвалася ў “Слове пра паход Ігаравы”. Менавіта тады было прынята рашэнне назваць сядзібу “Дудуткі”.
З цягам часу было прынята рашэнне надаць “Дудуткам” статус музея, наведвальнікі якога мелі б магчымасць дакрануцца да кожнага экспаната і прылады, далучыцца да кавальскай і ганчарнай справы, пакаштаваць духмяны хлеб, смачны сыр і самаробную каўбасу.
“Дудуткі” – музейны комплекс, месца, дзе сустракаюцца мінулае і сучаснасць, побыт шляхецкай сядзібы і камфорт сучаснага турыстычнага цэнтра. На тэрыторыі комплексу адбываюцца самыя разнастайныя мерапрыемствы, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Штогод у “Дудутках” святкуюць Спас, Масленіцу і Каляды, адзначаюць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. З 2009 г. тут праводзіцца сярэднявечны фестываль “Наш Грунвальд”. На базе музея праходзяць пленэры і фестывалі майстроў пляцення з саломы і лазы, разьбы па дрэве, ткацтва, ганчарства і інш.
“Дудуткі” – Беларусь у мініяцюры, адзін з галоўных турыстычных сімвалаў краіны, вядомы далёка за яе межамі.