Таццяна Міхайлаўна Аляксеева нарадзілася ў Мінску. У 1945 г. скончыла Ленінградскі тэатральны інстытут (цяпер – Санкт-Пецярбургская дзяржаўная акадэмія тэатральнага мастацтва).
У 1941–1942, 1946–1949 гг. Т. Аляксеева – актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Купалы. Сярод роляў гэтага перыяду: Лаура «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вегі, Лёля «Душа Масквы» Л. Нікуліна, Марыана «Скупы» Ж. Б. Мальера і інш. Актрыса пераканаўча ўвасабляла характары сваіх гераінь, адлюстроўвала тонкія нюансы іх пачуццяў. Потым працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1946 г. Т. Аляксеева выступала як чытальнік мастацкіх твораў, удзельнічала ў пастаноўках на Беларускім радыё. У 1956–1976 гг. яна працавала ў рэдакцыі для дзяцей і юнацтва (спачатку рэжысёрам, а ў 1971–1976 гг. галоўным рэжысёрам Галоўнай рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва).
Радыёпастаноўкі Т. Аляксеевай вызначаюцца дакладным раскрыццём мастацкіх якасцей твора, глыбокай распрацоўкай характараў, падкрэсленым нацыянальным каларытам, уменнем раскрываць ідэю твора, выхаваўчай накіраванасцю. Сярод лепшых «Янкава ранне» паводле аповесці З. Бандарынай «Ой, рана, на Івана» (1959), «Пісьмо Ільічу» паводле апавядання Я. Бяганскай (1960), «Ад сіняга мора далёка» Б. Бур'яна, «Падарожжа блакітнай стралы» паводле Дж. Радары (абедзве 1964), «Буквар» паводле В. Хомчанкі (1967), «Расці, Ганька!» – восем перадач паводле аднайменнай аповесці А. Васілевіч (1973–1974), радыёказка «Лалі-лаль» С. Клімковіч (1976).
У творчым багажы рэжысёра Т. Аляксеевай – перадачы паводле твораў савецкіх пісьменнікаў: «Цімур і яго каманда» А. Гайдара (1959), цыкл з пяці перадач «Балада пра бальшавіцкае падполле» Л. Драбкінай (1969), чатыры перадачы пад назвай «Чатыры ўрокі ў Леніна» М. Шагінян (1970–1971).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.