Варыянты імя:
Маджаранец Лявон; Маджаранц Лявон; Мадзьярскі Лявон; Мажарскі Лявон
Імёны на іншых мовах:
Madżarski Leon (польская); Маджарский Леон (руская); Маджарянц Леон (руская); Мажарский Леон (руская);
1878 сімвалаў
Даведка
Лявон Маджарскі нарадзіўся каля 1743 г. у Стамбуле. Вядома, што яго бацька Ян з’яўляўся членам армянскай абшчыны горада. Сям’я не была знатнага паходжання і належала да гандлёва-рамеснага саслоўя. У 1766 г. ён разам з маці і сёстрамі пераехаў да бацькі са Стамбула ў Слуцк, дзе той у гэты час наладжваў вытворчасць на мануфактуры шаўковых паясоў. Далучыўся да працы і з цягам часу стаў прымаць усё большы ўдзел у яе справах. Да пачатку 1780-х гг. персіярня фактычна знаходзілася пад сумесным кіраваннем абодвух Маджарскіх. У 1777–1807 гг. Лявон з’яўляўся яе арандатарам. На гэты час прыпаў пік эканамічнага росквіту прадпрыемства, яно набыло еўрапейскую вядомасць. Сярод прадукцыі, што выпускалася, былі шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габелены, дываны, тканіны для літургічнага і побытавага ўжытку. Сапраўдным яе брэндам з’яўляліся кунтушныя паясы – неад’емная частка нацыянальнага строю магнатаў, шляхты і заможнага мяшчанства, вядомыя далёка за межамі радзівілаўскіх уладанняў.
За стварэнне і развіццё “пярсідскай фабрыкі”, якая стала карыснай для дзяржавы, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў у 1791 г. Л. Маджарскаму і яго роду шляхецкую годнасць і зацвердзіў герб “Дар”. За часы кіраўніцтва Слуцкай мануфактурай Л. Маджарскі накапіў вялікія фінансавыя сродкі і з часам стаў значным землеўласнікам – валодаў фальваркамі Сёлка і Манькава ў Слуцкім, маёнткамі Дарагабыль і Красевічы ў Навагрудскім паветах. Памёр Л. Маджарскі 21 снежня 1811 г. у маёнтку Манькава. Верагодна, быў пахаваны побач з бацькам у крыпце манастыра бернардзінцаў у Слуцку. Праз шлюбы дзяцей і ўнукаў сям’я Маджарскіх парадніліся з сем’ямі мясцовых шляхецкіх родаў Манюшкаў, Алізаровічаў, Корсакаў і інш. Нашчадкі Л. Маджарскага ў далейшым з’яўляліся павятовымі дваранамі Расійскай імперыі.