Дата пачатку:
пачатак 1760-х гг. Слуцк, г., Мінская вобласць
Дата заканчэння:
1846
Кароткая даведка:
ткацкае прадпрыемства
Назвы на іншых мовах:
Слуцкая мануфактура шёлковых поясов (руская);
Папярэднія назвы:
Слуцкая персіярня
4101 сімвал
Даведка
Адной з важных новых з’яў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў XVIII ст. стала стварэнне ў некаторых магнацкіх маёнтках прамысловых вытворчасцей, заснаваных на ручной працы наёмных работнікаў і яе падзеле. Найбольш вядомым прадпрыемствам такога тыпу ў Беларусі стала Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У шматлікіх публікацыях па гэтай тэме маюцца звесткі пра існаванне вотчынных рамесных майстэрань у Слуцку яшчэ ў 1730-х гг. Аднак пачатак дзейнасці менавіта мануфактуры даследчыкі адносяць толькі да пачатку 1760-х гг.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі ў 1760 г. М. К. Радзівіл Рыбанька, атрымаў у спадчыну г. Слуцк пасля смерці брата Гераніма Фларыяна і вырашыў перанесці сюды з Нясвіжа вытворчыя магутнасці сваёй мануфактуры шаўковых паясоў. Персіярня пад кіраўніцтвам армянскага майстра са Стамбула Яна Маджарскага паспяхова дзейнічала там пачынаючы з 1757 г. Працэс пераводу варштатаў і супрацоўнікаў пачаўся летам 1760 г. Прадпрыемства размясцілася ў будынках былых ваенных казарм. Вытворчым працэсам працягваў упраўляць Я. Маджарскі, а з 1777 г. – яго сын Лявон. Як кіраўнікі мануфактуры, “мэтры” Маджарскія распараджаліся абсталяваннем і работнікамі, распрацоўвалі дэкор вырабаў. Колькасць варштатаў і супрацоўнікаў мянялася на працягу ўсяго існавання прадпрыемства. Вядома, што ў 1763 г. на станках працавалі 6 рамеснікаў, 34 вучні і 6 дзяўчат, а ў канцы стагоддзя мелася ўжо 24 ткацкія варштаты і больш за 50 работнікаў. Большасць ткачоў набіралася на працу са Слуцка і ваколіц, часта гэта былі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў адной сям’і. Кожнаму з іх плацілі заработную плату і штомесяц выдзялялі грошы на харчаванне. Сярод работнікаў мануфактуры вядомы імёны А. Гутоўскага, Ю. і Т. Барсукоў, С. Зданкевіча, Я. Туровіча, В. Райскага і інш. На поўную магутнасць прадпрыемства запрацавала ў 1763–1764 гг. У 1776–1807 гг. яно прыносіла значны даход і арандавалася Маджарскімі за 10 тыс. злотых у год. З 1790-х гг. пачаўся паступовы спад вытворчасці, звязаны з палітычнымі пераменамі ў дзяржаве. З 1807 г. прадпрыемствам кіравалі Т. Барсук і А. Гутоўскі. У вайну 1812 г. мануфактура разрабавана, пашкоджаны яе будынкі, работнікі распушчаны. У далейшым яна была адноўлена, аднак не вярнулася да ранейшых аб’ёмаў. Вядома, што ў 1823 г. тут працаваў усяго адзін варштат. Прадпрыемства перадавалася Радзівіламі ў арэнду, пакуль не было закрыта. Звестак пра яго дзейнасць пасля 1846 г. няма.
Сярод прадукцыі, што выпускалася на мануфактуры ў розныя гады, – шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габелены, дываны, тканіны для літургічнага і побытавага ўжытку і інш. Аднак асноўным вырабам былі кунтушныя паясы, якія з’яўляліся неад’емнай часткай нацыянальнага строю магнатаў, шляхты і заможнага мяшчанства. Іх ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак. Некаторыя потым пракатвалі паміж цяжкімі валамі з-за чаго яны набывалі выгляд металічных – літых. Паясы мелі даўжыню ад 2 да 4,5 м і шырыню 20–40 см. Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсходнія матывы. На выпуск аднага пояса ў залежнасці ад складанасці ішло ад 1 да 3 тыдняў. У гады росквіту прадпрыемства выпускала да 200 паясоў штогод. Значная іх частка выконвалася па заказах уладальніка і ў асноўным служыла княжацкімі падарункамі. Дзякуючы сваёй высокай якасці і арыгінальнасці, прадукцыя карысталася попытам і атрымала шырокае распаўсюджанне далёка за межамі радзівілаўскіх уладанняў. Паясы цаніліся як каштоўныя побытавыя рэчы, уваходзілі ў склад маёмасці пэўных асоб, служылі ахвяраваннямі для храмаў, іх шырока выкарыстоўвалі ў прадметах літургічнага прызначэння. Папулярнасць і мастацкія якасці вырабаў абумовілі з’яўленне шматлікіх копій. Іх паўтаралі на іншых ткацкіх фабрыках у Карэлічах, Слоніме, Ружанах, Гродне, Паставах, Шклове. Паясы слуцкага тыпу або іх копіі вырабляліся і за межамі Беларусі – у Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Аўстрыі. З ХІХ ст. паясы сталі калекцыяніраваць як творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сам тэрмін “слуцкі пояс” стаў своеасаблівай назвай для ўсіх кунтушных паясоў.