Радзівіл Міхал Казімір (мянушка Рыбанька), сын Караля Станіслава
Дата нараджэння:
13.06.1702
Дата смерці:
22.05.1762
Кароткая даведка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат
Псеўданімы:
Рыбанька; Рыбонька
Імёны на іншых мовах:
Radziwiłł Michał Kazimierz Rybeńko (польская); Радзивилл Михаил Казимир Рыбонька (руская);
6061 сімвал
Даведка
Найбуйнейшы ў Беларусі магнацкі род Радзівілаў даў Айчыне палітыкаў, военачальнікаў, прадстаўнікоў вышэйшага духавенства і культуры. Сярод іх вылучаецца Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька, які займаў вельмі адказныя і ўплывовыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ): маршалка надворнага літоўскага (з 1734 г.), кашталяна віленскага (з 1742 г.), ваяводы віленскага і гетмана вялікага літоўскага (з 1744 г.). Быў старостам камянецкім і крычаўскім.
Нарадзіўся Міхал Казімір на Валыні ў г. п. Алыка. Яго бацька Кароль Станіслаў Радзівіл быў вядомы ў ВКЛ і даслужыўся да пасады канцлера, маці Ганна Катажына паходзіла з княжацкага роду Сангушкаў. Дзяцінства Міхала Казіміра прайшло на Памор’і, куды бацькі пераехалі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі. З-за частых пераездаў малады князь не атрымаў належнай адукацыі, але гэты недахоп лёгка кампенсаваўся самаадукацыяй і яго прыроднымі задаткамі, сярод якіх не апошняя роля належала дзелавітасці, рашучасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты.
Міхал Казімір Радзівіл рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Пасля заўчаснай смерці бацькі (1719) князь стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім, адным з багацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Восенню 1720 г. яго абралі дэпутатам варшаўскага сейма ад Навагрудскага ваяводства. У 1721 г. Міхал Казімір адправіўся ў працяглае замежнае падарожжа. Пабываў у Берліне, Празе, Вене, Ротэрдаме, Амстэрдаме, Бруселі. Плённым стала знаходжанне ў Францыі. У Парыжы слухаў лекцыі па матэматыцы, займаўся фехтаваннем, наведваў рыцарскія турніры. У час знаходжання ў Заходняй Еўропе князь набыў тое, чаго працяглы час дарэмна дабіваліся яго продкі: атрымаў у 1723 г. ад германскага імператара ганаровае месца ў імперскім рэйхстагу.
У 1724 г. Міхал Казімір вярнуўся на радзіму і пачаў актыўна адбудоўваць Нясвіжскі замак, разбураны шведамі ў 1706 г. Асаблівую ўвагу надаваў росквіту горада і яго ваколіц. Князь выдаў прывілей з пацвярджэннем усіх правоў гараджан, якія былі дадзены яго продкамі. У 1745 г. зрабіў змены ў Статуце Нясвіжскай ардынацыі і пашырыў паўнамоцтвы шляхты. Неўзабаве Нясвіж стаў яго рэзідэнцыяй і буйным культурным цэнтрам. Тут быў адкрыты кадэцкі корпус па ўзоры тых вайсковых школ, што існавалі ў Германіі; з’явілася друкарня, дзе працаваў знакаміты гравёр Г. Ляйбовіч. Князь дапамагаў фінансавымі сродкамі пры выданні кніг, пры гэтым два экзэмпляры з друкарні абавязкова паступалі для захоўвання ў замкавую бібліятэку. У замку існавалі таксама нумізматычная і прыродазнаўчая калекцыі. Асобнай старонкай культурнай дзейнасці Міхала Казіміра з’яўляецца стварэнне тэатра, кіраўніком якога была яго жонка Францішка Уршуля Радзівіл.
Князь клапаціўся аб належным стане сваёй летняй рэзідэнцыі ў Альбе (вёска каля Нясвіжа). На месцы разбураных у перыяд Паўночнай вайны 1700–1721 гг. пабудоў, узведзеных яшчэ Мікалаем Крыштофам Сіроткам, узнік раскошны палац пад назвай “Кансаляцыя”, які прызначаўся як для забаў, так і для духоўнага ўдасканалення. У Альбе Міхал Казімір распачаў работы па стварэнні комплексу, што складаўся з 180 жылых дамоў у нацыянальных архітэктурных стылях розных народаў свету. У гістарычнай літаратуры ён атрымаў назву “хаткі альбанскія”. Садзейнічаў князь і будаўніцтву культавых аб’ектаў. Так, на Міхалкавай гары ў 1732 г. была закончана пабудова другога езуіцкага калегіума. Касцёл Святога Міхаіла грунтоўна перабудавалі. Для езуітаў у Нясвіжы быў узведзены кляштар. Бернардзінцам Міхал Казімір Радзівіл дапамог закласці ў 1736 г. паблізу горада фабрыку “Палосна”, базыльянам выдзеліў фундуш для семінарыі ў Свержані, уніятам ахвяраваў сродкі для пабудовы капліцы.
Шмат сіл і часу аддаў князь развіццю мануфактур, закладзеных яшчэ яго маці на Падляшшы, Навагрудчыне, у Слуцку. Ствараў ён і новыя прадпрыемствы для вытворчасці шкла, керамікі, жалеза, сукна, палатна. Асаблівую вядомасць набыла Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, што карысталіся вялікім попытам далёка за межамі ВКЛ. Вядомасць мела і Налібоцкая шкляная мануфактура, лепшыя вырабы якой сёння можна ўбачыць у славутым Эрмітажы (Санкт-Пецярбург), Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква), Музеі этнаграфіі і мастацкай прамысловасці (Львоў), а таксама ў Варшаўскім і Кракаўскім нацыянальных музеях. Нельга не згадаць Свержанскую фаянсавую мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, дзе вырабляліся габелены, найбольшую вядомасць сярод якіх набыла серыя з гісторыі радзівілаўскага роду.
Будучы адным з самых уплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай, Міхал Казімір Радзівіл заўсёды знаходзіўся ў эпіцэнтры палітычнай барацьбы. На яго падтрымку разлічвалі розныя магнацкія групоўкі. Князь удзельнічаў у арганізацыі выбарчага сейма, дзе ў кастрычніку 1733 г. быў абраны каралём Рэчы Паспалітай Аўгуст III, які рэдка выязджаў з Саксоніі; яго фактычным прадстаўніком у ВКЛ быў Міхал Казімір Радзівіл. Палітычная дзейнасць князя была адзначана высокімі айчыннымі і замежнымі ўзнагародамі. У 1727 г. кароль Аўгуст II узнагародзіў яго ордэнам Белага Арла. Расійская імператрыца Елізавета ў 1758 г. ушанавала Міхала Казіміра Радзівіла ордэнам Святога Андрэя. Багатыя падарункі і дзяржаўныя ўзнагароды ён атрымаў ад караля Аўгуста III і іншых манархаў.
Міхал Казімір Радзівіл, як і некаторыя іншыя знакамітыя прадстаўнікі радзівілаўскага роду, асоба далёка не адназначная. Гісторыкі ўспамінаюць яго на старонках сваіх прац як прадпрымальнага, а часам і вераломнага палітыка; прыхільнікі Мельпамены ўдзячны за стварэнне прыдворнага і самага вялікага ў Беларусі тэатра таго часу; літаратуразнаўцаў князь цікавіць як аўтар шматтомнага дзённіка “Дыярыуш”, які ён вёў на працягу большай часткі свайго жыцця (апошні запіс зроблены ў канцы снежня 1761 г.). Праз паўгода (22 мая 1762) Міхала Казіміра не стала. Ён памёр у Вільні пасля непрацяглай хваробы, прычынай якой была выпадковая прастуда. 12 чэрвеня цела перавезена ў Мір, дзе знаходзілася амаль год. Толькі 20 мая 1763 г. Міхал Казімір Радзівіл назаўсёды вярнуўся ў любімы Нясвіж, дзе далучыўся да сваіх продкаў у крыпце касцёла езуітаў.