Існуе некалькі версій аб даце пачатку працы Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў. Большасць даследчыкаў падае звесткі аб тым, што гэта адбылося ў пачатку 1740-х гг. Аднак дакументаў, якія б падцвярджалі гэта, не знойдзена. Згодна з крыніцамі, якія выяўлены ў архівах, прадпрыемства па выпуску паясоў у Нясвіжы пачало дзейнічаць 16 студзеня 1757 г.
Па запрашэнні нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі сюды з г. Станіслава (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна) прыбыў майстар-армянін Ян Маджарскі, які паходзіў са Стамбула. Маюцца звесткі, што ў гэты час у вытворчых памяшканнях, размешчаных непадалёк ад замка на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу “Кансаляцыя”, ішлі працы па ўсталяванні варштатаў, у мясцовых рамеснікаў закупаліся запасныя часткі – катушкі, чубукі, шпулі і інш. Сыравіну для вытворчасці набывалі ў Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія), потым па Нёмане на грузавых парусных караблях дастаўлялі ў Новы Свержань (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці), адкуль на падводах у Нясвіж. Сярод закупак пазначаны сярэбраныя тканіны малінавага, пунсовага, цялеснага, сіняга, белага, карычневага, попельнага, блакітнага колераў, золата і серабро ў трубках і на катушках, вагі для золата, эталонныя гіры і інш.
Згодна з кантрактам, заключаным у 1758 г. паміж Радзівілам Рыбанькай і Я. Маджарскім, майстар атрымліваў заработную плату ў памеры 1 дукат у тыдзень, акрамя паясоў павінен быў вырабляць шпалеры, збрую для коней і іншыя тканыя рэчы, а таксама падрыхтаваць вучня-майстра. Кіраўнік мануфактуры – “мэтр” распараджаўся варштатамі і работнікамі персіярні, займаўся распрацоўкай дэкору вырабаў і інш. Сярод работнікаў прадпрыемства ў дакументах захаваліся імёны майстроў – Тамаша Хаецкага і Яна Гутоўскага, чаляднікаў Я. Ігнатовіча, Я. Івашкевіча, А. Гутоўскага, Р. і Я. Слівінскіх, вучня В. Райскага. Штотыднёва ім выплачвалі па 2 злотых на харчаванне і па 3 дукаты за кожны выраблены пояс. Па даных на 1759 г. на прадпрыемстве дзейнічала ўжо тры ткацкія варштаты і адзін гладзільны каток.
Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак. Некаторыя з іх цалкам вырабляліся з залатых нітак, а потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі. Такая тэхналогія надавала ім выгляд металічных, таму іх яшчэ называлі “літымі”. Паясы мелі даўжыню ад 2 да 4,5 м і шырыню 20–40 см. Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсходнія матывы. Згодна з гаспадарчымі запісамі мануфактуры, на выпуск аднага пояса ў залежнасці ад складанасці ішло ад 1 да 3 тыдняў. Першымі вырабамі “персіярні” сталі паясы пераліўчыты з чорнага і зялёнага шоўку, шаўковы цёмна-сіні і малінавы з серабром, кожны з якіх каштаваў па 18 дукатаў. Акрамя гэтага былі зроблены і больш танныя паясы, якія ўладальнік мануфактуры падараваў сваім таварышам – С. Лопацю, А. М. Пацу, прадстаўнікам роду Вашчынскіх. Сярод эксклюзіўных прадметаў, вытканых на мануфактуры па заказе ўладальніка, пазначаны збруя для каня князя коштам 60 дукатаў і вышыты золатам кісет для курляндскага герцага Карла Саксонскага.
У 1760 г. Радзівіл Рыбанька, атрымаўшы ў спадчыну г. Слуцк пасля смерці свайго брата Гераніма Фларыяна, вырашыў перанесці туды сваю "персіярню". Працэс пераводу вытворчасці пачаўся летам гэтага ж года. На поўную магутнасць прадпрыемства ў Слуцку запрацавала ў 1763–1764 гг. Дзякуючы сваёй высокай якасці і арыгінальнасці, прадукцыя карысталася попытам і атрымала шырокае распаўсюджанне далёка за межамі радзівілаўскіх уладанняў. Пазней сам тэрмін “слуцкі пояс” стаў своеасаблівай назвай для ўсіх кунтушовых паясоў Рэчы Паспалітай. Вырабы ж нясвіжскай мануфактуры не мелі спецыяльных метак, былі вельмі падобныя на слуцкія паясы, таму іх часта адносілі да апошніх.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.