Кароткая даведка:
прыдворны тэатр, які дасягнуў прафесійнага ўзроўню і стаў значнай старонкай у гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі
Назвы на іншых мовах:
Несвижский театр Радзивиллов (руская);
4079 сімвалаў
Даведка
Нясвіж, дзякуючы намаганням магнацкага роду Радзівілаў, у XVII–XIX стст. з’яўляўся адным з найбуйнейшых культурных цэнтраў Еўропы.
У пачатку XVIII ст. уладаром горада стаў М. К. Радзівіл Рыбанька. Пры ім неад’емнай часткай мастацкага жыцця з’яўляўся тэатр. Першы спектакль па п’есе “Узор справядлівасці” быў пастаўлены ў 1740 г. іншаземнай трупай у Нясвіжскім замку. Гэты від мастацтва захапіў Міхала Казіміра і яго жонку Францішку Уршулю. Пачынаўся тэатр як аматарскі. Спектаклі ладзіліся сваімі сіламі на святы, у гонар важных гасцей, яны ставіліся ў час розных сямейных урачыстасцей. Першыя пастаноўкі адбываліся ў Альбе (прадмесце Нясвіжа) пад адкрытым небам у “зялёным тэатры”. Найбольшага росквіту тэатр дасягнуў пасля 1746 г., калі яго ўзначаліла Францішка Уршуля. У паказах разам з прыгоннымі артыстамі, спевакамі, танцорамі, музыкантамі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, выхаванцы кадэцкай школы, якая існавала тады ў Нясвіжы. У 1747–1748 гг. архітэктарам К. Ждановічам пабудаваны спецыяльны будынак (“камедыенгаўз”), што стаяў за замкам на беразе штучнага вадаёма на рацэ Уша. Паказы адбываліся не толькі летам, але і ў час зімовых свят. Паводле інвентару 1767 г. цэнтральным памяшканнем тэатра была вялікая партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, у якой размяшчаліся ложы. Сцены і столь аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Уздоўж адной з бакавых сцен стаяла доўгая лава. Сцэна адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. З абодвух бакоў сцэны былі хоры для капэлы. Тэатральную залу асвятлялі 53 металічныя ліхтары. Нямала ўвагі надавалася арыгінальным дэкарацыям і касцюмам. Спектаклі таксама ставіліся і ў палацы “Кансаляцыя” (пабудаваны ў 1748 г., не збярогся). Княгіня сама пісала п’есы і ставіла спектаклі. Амаль штогод з-пад яе пяра з’яўлялася па некалькі новых твораў. Яны мелі павучальны сэнс. У адных гаварылася аб неабходнасці адукацыі, у другіх асуджалася нявернасць мужоў ці падкрэсліваліся жаночая дабрачыннасць, шчырасць. Аднак дамінуючай тэмай яе драматургіі было каханне. Аб гэтым сведчаць красамоўныя назвы п’ес: “Дасціпнае каханне”, “Каханне – зацікаўлены суддзя”, “Каханне – дасканалы майстар” і інш. Таксама ў рэпертуары былі перакладзеныя і пераробленыя Ф. У. Радзівіл творы Ж. Б. Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Спектаклі ставіліся на польскай, італьянскай, нямецкай, французскай мовах.
Пераломным для Нясвіжскага тэатра аказаўся 1753 г. Трупа папоўнілася нанятымі кваліфікаванымі выканаўцамі, што істотна паўплывала на якасць прадстаўлення. Князь М. К. Радзівіл Рыбанька стварыў музычную (з 1751 г.), вакальную (з 1751 г.) і балетную (з 1758 г.) школы, аркестр народных інструментаў. Была прафесійна падрыхтавана значная колькасць драматычных акцёраў, музыкантаў, спевакоў, харыстаў. У гэты перыяд тэатр набыў прафесійны характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф. У. Радзівіл, камедыямі Ж. Б. Мальера, Вальтэра, С. Мыцельскага, В. Ржавускага, італьянскімі і нямецкімі камічнымі операмі і балетамі. Нясвіжскі тэатр набыў шырокую вядомасць у Рэчы Паспалітай, выязджаў са сваімі пастаноўкамі ў Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку.
Апошні ўздым у дзейнасці тэатра назіраўся ў канцы XVIII ст. У 1777 г. К. С. Радзівіл Пане Каханку, сын княгіні Ф. У. Радзівіл, вярнуўся з эміграцыі і пасяліўся ў Нясвіжы. Тэатр стаў адной з яго галоўных забаў. Захапляючыся спектаклямі, шмат рабіў дзеля ўдасканалення майстэрства трупы. Адбылася пераарыентацыя тэатра на заходнееўрапейскі рэпертуар і прафесіяналізм замежных выканаўцаў. Нясвіжская трупа значна папоўнілася і складалася з італьянскіх спевакоў, беларускіх прыгонных музыкантаў і танцораў. Пазней да іх далучыліся прафесіянальныя “вольныя” польскія артысты. У рэпертуары былі балеты А. Пуціні, оперы Дж. Паізіела, Я. Голанда, К. В. Глюка і інш. З 1786 г. тэатр працаваў нерэгулярна.
За гады свайго існавання тэатр Радзівілаў у Нясвіжы ўпэўнена заявіў аб высокім узроўні ўласнага мастацтва, стварыў свой арыгінальны рэпертуар, стаў першым прафесійным тэатрам у гісторыі Беларусі.