Дата нараджэння:
18.02.1895 Галоўчын, в., Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
06.01.1975
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне гігіены і санітарыі, член-карэспандэнт АМН СССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Могилевчик Захар Кузьмич (руская);
4041 сімвал
Даведка
Захар Кузьміч Магілёўчык нарадзіўся ў мястэчку Галоўчын Бялыніцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер вёска Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1914 г. скончыў Магілёўскую фельчарскую школу. Працаваў у розных паветах губерні. У час Першай сусветнай вайны быў ваенным фельчарам у Магілёўскім ваенным шпіталі, затым у супрацьэпідэмічным атрадзе Магілёўскага губернскага аддзела аховы здароўя. У 1923 г. скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працягнуў вучобу ў Санітарна-гігіенічным інстытуце Наркамата аховы здароўя РСФСР. У 1924‒1925 гг. З. К. Магілёўчык быў павятовым урачом і намеснікам загадчыка Горацкага аддзела аховы здароўя. Потым пераведзены ў Мінск, дзе стаў гарадскім санітарным урачом. У 1925‒1931 гг. з’яўляўся загадчыкам санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Наркамата аховы здароўя БССР. Адначасова быў асістэнтам, дацэнтам кафедры агульнай і эксперыментальнай гігіены медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1934 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1931‒1934 гг. выконваў абавязкі загадчыка кафедры агульнай гігіены Беларускага медыцынскага інстытута. Адначасова ў 1932‒1934 гг. ‒ дэкан санітарна-гігіенічнага факультэта. Да 1938 г. Захар Кузьміч кіраваў аддзелам жыллёва-камунальнай гігіены Беларускага санітарна-гігіенічнага інстытута Наркамата аховы здароўя БССР. У 1934‒1941 гг. загадваў кафедрай агульнай гігіены Мінскага медыцынскага інстытута. У 1935 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1941‒1943 гг. быў загадчыкам кафедры гігіены Іжэўскага медыцынскага інстытута. Аказваў кансультацыйную дапамогу па санітарных пытаннях медчасцям абаронных заводаў, ваенным шпіталям і Наркамату аховы здароўя Удмурцкай АССР. У 1943‒1944 гг. З. К. Магілёўчык з’яўляўся дырэктарам Беларускага медыцынскага інстытута ў Яраслаўлі, у 1944‒1953 гг. ‒ Мінскага медыцынскага інстытута (адначасова ў 1943‒1971 гг. загадваў кафедрай агульнай гігіены). У 1945 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Состояние и пути санитарного оздоровления г. Могилева в процессе социалистической реконструкции его». У 1953 г. выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. З’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Здравоохранение Белоруссии» (1955‒1967).
Захар Кузьміч ‒ аўтар больш за 150 навуковых прац па пытаннях жыллёва-камунальнай гігіены, планіроўкі і санітарнага дорбаўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі, сельскай гігіены. Сярод іх ‒ «Минский хлеб и санитарные условия его производства» (1925), «Санітарнае становішча БССР і дзейнасць санітарных органаў рэспублікі» (1928), «Становішча і перспектывы санітарнага аздараўлення БССР: у разрэзе пяцігодкі» (1931), «Санітарная памятка» (1937), «Санитарное оздоровление колхозных сел в процессе социалистической реконструкции их: (в порядке обсуждения)» (1951), «Основы здорового быта» (1956, у суаўтарстве). Вучоны прымаў удзел у фарміраванні санітарнай службы Беларусі, санітарнага заканадаўства, ліквідацыі наступстваў войнаў. Правёў даследаванні па гігіенічнай ацэнцы вопытнага і стандартнага жыллёвага будаўніцтва ў гарадах і рабочых пасёлках БССР, нарміраванні санітарна-ахоўных зон пры планіроўцы жылых кварталаў, аказваў кансультацыйную дапамогу пры распрацоўцы генеральных планаў рэканструкцыі Мінска, Магілёва, Віцебска, Бабруйска, Гомеля і інш.
Навуковую працу З. К. Магілёўчык сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю, быў старшынёй праўлення Беларускага навуковага таварыства гігіеністаў, членам праўленняў Усесаюзнага навуковага таварыства гігіеністаў, Усесаюзнага і Беларускага навукова-тэхнічных таварыстваў гарадской гаспадаркі, членам архітэктурнага савета Камітэта па справах будаўніцтва і архітэктуры Савета Міністраў БССР, прэзідыума Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР і інш.
У 1949 г. Захар Кузьміч удастоены ганарована звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя», медалямі, граматамі.