Галоўчын – аграгарадок у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Галоўчынскага сельсавета. Знаходзіцца за 18 км на паўночны ўсход ад Бялыніч, 30 км ад Магілёва. Размешчаны на р. Вабіч.
Па меркаванні некаторых даследчыкаў, у XI ст. на месцы Галоўчына існаваў старажытны горад Галацічаск, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1071 г. у “Аповесці мінулых гадоў”, калі полацкі князь Усяслаў быў разбіты тут войскам уладзіміра-валынскага і тураўскага князя Яраполка Ізяславіча. Аднак гэта версія не пацвярджаецца археалагічнымі даследаваннямі.
У складзе Вялікага Княства Літоўскага паселішча вядома з канца XV ст. З 1501 г. Галоўчын знаходзіўся ў валоданні Алены Іванаўны, жонкі вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка, пазней належаў князям Галоўчынскім, Патоцкім, віленскаму ваяводзе Пацу. У 1567 г. з’яўляўся цэнтрам маёнтка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. У 1583 г. у Баркулабаўскім летапісе ён згадваецца як сяло, у 1584 г. – горад, у 1623 г. – мястэчка. У 1654 і 1708 гг. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) і Паўночнай вайны (1700–1721) мястэчка было амаль поўнасцю разбурана і спалена.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Галоўчын далучаны да Расійскай імперыі. У 1785 г. стаў вёскай у складзе Магілёўскага павета Магілёўскай губерні. У 1858 г. заснавана Троіцкая царква, у 1861 г. працаваў вінакурны завод. Мясцовыя жыхары займаліся земляробствам, кравецкім, шавецкім, кавальскім, сталярным і бандарным промысламі. У 1883 г. у Галоўчыне адкрыта школа. Згодна з перапісам 1897 г. у вёсцы пражывалі 1254 жыхары.
У час Першай сусветнай вайны з лютага да кастрычніка 1918 г. Галоўчын займалі германскія войскі. У сакавіку 1924 г. вёска ўвайшла ў склад БССР, з 20 жніўня 1924 г. стала цэнтрам сельсавета Бялыніцкага раёна. У 1928 г. пачало дзейнічаць сыраробчае прадпрыемства, у снежні 1929 г. арганізаваны калгас “12 год Кастрычніцкай рэвалюцыі”. У 1930-я гг. у Галоўчыне працавалі фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарная лячэбніца, клуб, аддзяленне сувязі і інш. 20 лютага 1938 г. вёска ўвайшла ў склад Магілёўскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 2 ліпеня 1941 г. Галоўчын захапілі нямецка-фашысцкія войскі, якія ў чэрвені 1944 г. спалілі ў вёсцы 178 двароў і знішчылі 201 жыхара. У гады акупацыі на тэрыторыі раёна барацьбу з ворагам вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. 27 чэрвеня 1944 г. вёску вызвалілі воіны 42-й Смаленскай стралковай дывізіі 40-й арміі 2-га Беларускага фронту. У баях за Галоўчын загінуў 51 савецкі воін (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах і ў партызанскай барацьбе за перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі аддалі свае жыццё 129 землякоў, у гонар якіх устаноўлены помнік.
Пасля вайны Галоўчын быў адбудаваны, аднавілі работу прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У 1952–1956 гг. літаратурны гурток мясцовай школы выпускаў рукапісны часопіс “Залаты ранак”. У 2010 г. вёска атрымала статус аграгарадка.
У цяперашні час у Галоўчыне працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, філіял Бялыніцкай школы мастацтваў, бібліятэка, амбулаторыя, аддзяленне сувязі і інш. Устаноўлены помнік Герою Савецкага Саюза С. Р. Церашкевічу, які вызначыўся ў баі за вёску, а таксама памятны знак рускаму паэту, удзельніку вайны 1812 г. Д. В. Давыдаву. Каля аграгарадка захаваліся 2 гарадзішчы і паселішча ХVI–ХVIII стст.
У Галоўчыне нарадзіліся вучоны ў галіне гігіены і санітарыі, член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР, заслужаны дзеяч навукі БССР З. К. Магілёўчык, вучоны і вынаходнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Р. С. Аксельрод, ваенны дзеяч, генерал-маёр, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Е. А. Магілёўчык, вучоны ў галіне гігіены, краязнавец Л. І. Галынец.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.