Варыянты імя:
Алелька-Радзівіл Соф'я; Радзівіл Соф'я
Імёны на іншых мовах:
Олелькович София (руская); Радзивилл София (руская);
6259 сімвалаў
Даведка
Ёсць у дні Вялікага поста свае духоўныя святы. Яны ўшаноўваюцца яркімі агнямі царкоўных свечак, малітвамі. Адным з такіх свят з’яўляецца дзень памяці праведнай Соф’і, княгіні Слуцкай. Гэта жанчына звярнула на сябе ўвагу сучаснікаў не веліччу аскетычных подзвігаў, не пакутніцкай смерцю, а тым, што пры жыцці змагалася за ўмацаванне праваслаўя ў родным Слуцку.
Соф’я паходзіла са славутага старажытнага роду, пачынальнікам якога лічыцца Аляксандр (Алелька), сын Уладзіміра кіеўскага, унук Альгерда – вялікага князя літоўскага. Яе дзед Юрый Юр’евіч, што княжыў у Слуцку, быў шчырым вернікам. Ён праславіўся перапісваннем каштоўнага Евангелля, заснаваў багатую бібліятэку, якой карыстаўся гісторык і паэт М.Стрыйкоўскі. Пры яго двары доўгі час жыў старац Арцемій, які быў актыўным абаронцам праваслаўя, праціўнікам каталіцтва і Рэфармацыі. У духоўным завяшчанні (ад 6 кастрычніка 1578 г.) князь Юрый наказваў сваім тром сынам апекаваць Слуцкі Троіцкі манастыр, захоўваць павагу да яго архімандрыта, дапамагаць яму і цвёрда трымацца праваслаўнай веры. Бацька Соф’і (таксама Юрый) аказаўся адзіным з трох сыноў, які выканаў гэтыя запаветы. У той час, як малодшыя браты Іван-Сімяон і Аляксандр перайшлі ў каталіцтва, ён не здрадзіў веры бацькоў і звычаям продкаў і да апошніх сваіх дзён прытрымліваўся праваслаўя. Князь Юрый падараваў Троіцкаму манастыру сярэбраны посах і паціры (чашы), якія яшчэ ў 1928 г. захоўваліся ў Дзяржаўным музеі БССР, спрыяў заснаванню ў 1586 г. пры Праабражэнскім манастыры праваслаўнага брацтва са шпіталем, школай і друкарняй.
Юрый Юр’евіч быў жанаты з Кацярынай з роду Кішак: ад гэтага нядоўгага шлюбу, які існаваў менш года, і нарадзілася іх адзіная дачка, апошні парастак роду Алелькавічаў. Цяжкія выпрабаванні адразу ж выпалі на долю князёўны. Немаўляці не споўнілася нават і года, калі памерла яе маці, адразу за ёй пайшоў з жыцця і бацька. Над маленькай, але багатай спадчынніцай узялі апякунства Хадкевічы, з вядомага на Беларусі княжацкага роду. Ішлі гады, жыццё Соф’і праходзіла сярод чужых людзей далёка ад роднага Слуцка, у Вільні – сталіцы Вялікага княства Літоўскага.
Выяўляючы вонкавы клопат пра адзіную князёўну Слуцкую, Хадкевічы мелі, аднак, і карыслівыя мэты. Яны вырашылі аплаціць яе пасагам – Слуцкім княствам – свае даўгі князям Радзівілам. Адзінаццацігадовая Соф’я была сасватана за Януша Радзівіла, сына віленскага ваяводы Крыштофа, унука знакамітага Мікалая Рыжага. Перад вяселлем абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух знакамітых кланаў, у выніку якіх Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы былі зусім не тымі людзьмі, з якімі можна было б так абысціся. Яны рашуча заявілі, што не жадаюць адмаўляцца ад багатай прыгожай нявесты і падалі на Хадкевічаў у суд. Рашэнне суда на карысць Радзівілаў вельмі ўдарыла па гонару апекуна Соф’і. Адносіны абвастрыліся, і абодва бакі пачалі збіраць войскі для лакальнай вайны. Усё Вялікае княства Літоўскае з нецярпеннем чакала, чым жа скончыцца гэтая сварка. Нават кароль Польшчы праз паслоў заклікаў ваяўнічых магнатаў да міру, але голас яго не быў пачуты. Перад пагрозай унутранай вайны ў дзяржаве здолелі знайсці агульную мову нават дзеячы розных рэлігійных канфесій. Так, напярэдадні ваенных падзей, уніяцкі мітрапаліт Іпаці Пацей адрасаваў ліст настаяцелю Слуцкага праваслаўнага манастыра Ісаю Сабалеўскаму і ўсяму слуцкаму духавенству аб тым, каб яно малілася за мірнае вырашэнне цяжбы.
Малілася Богу і князёўна Соф’я. Ёй, добрай і памяркоўнай дзяўчыне, здавалася брыдкай нават сама думка пра тое, што з-за яе адбудзецца кровапраліцце. І, мабыць, Бог пачуў усе малітвы: войскі Радзівілаў першымі пакінулі Вільню, а паміж магнатамі быў заключаны мір. Новы дзень вяселля прызначылі на 1 кастрычніка 1600 г., на свята Пакрова Багародзіцы, якой нібы ўручала свой лёс юная нявеста.
Перад шлюбам ціхая Соф’я здолела выставіць пэўныя ўмовы. Яна абвясціла, што ніколі не здрадзіць веры продкаў, бо гэта вера – адзінае, што ёй засталося ад бацькоўскай спадчыны. Больш таго, князёўна пажадала, каб яе будучыя дзеці хрысціліся ў праваслаўе. Гэтым рашэннем Соф’я аберагала не толькі свой род, але ва ўмовах уніі ратавала ад праследавання беларускія праваслаўныя цэрквы, што знаходзіліся на спадчынных землях Алелькавічаў.
Адразу пасля вяселля княгіні даводзілася падоўгу заставацца адной: малады муж удзельнічаў спачатку ў шведскай, а пазней – у маскоўскай войнах. Вось у гэты час яна і пачала асэнсавана і па-сапраўднаму займацца дабрачыннай дзейнасцю: Соф’я раздавала грошы бедным, дапамагала хворым, апекавала адзінаверцаў. У маленнях яна прасіла Бога, каб ён абараніў праваслаўных ад гвалтоўнага далучэння да уніі. Свой родны Слуцк Соф’я ператварыла ў цвярдыню веры: тут акрамя Свята-Троіцкага манастыра дзейнічала 15 праваслаўных цэркваў. Маладая княгіня не толькі аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і слуцкім вернікам, якія аб’ядналіся ў Праабражэнскае брацтва, але і сама ўдзельнічала ў яго дзейнасці. Яна выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і бальніц для бедных, учыняла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату аб забароне гвалтоўнага далучэння праваслаўных да уніі ў сваіх уладаннях. Гэта забяспечыла юрыдычную абарону прыгнечанага праваслаўя.
Соф’я была апошняй у родзе Алелькавічаў: 19 сакавіка 1612 г. яна нарадзіла нежывое дзіця і памерла ад родаў. Увесь Слуцк аплакваў сваю добрую гаспадыню. Яе ўрачыста пахавалі ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра дзівосы, што адбываліся ля труны княгіні. Цудам ахвотна верылі, бо памяталі, як слабой жанчыне ўдалося зрабіць для Слуцка тое, што не кожнаму мужчыне было па сілах. Але кананізавалі княгіню значна пазней, пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэты акт быў сімвалічным, бо ім царква прызнала заслугі перад Богам усяго роду Алелькавічаў.
У канцы 60-х гадоў ХХ ст. мошчы прападобнай святой Соф’і былі перанесены ў Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор. На свінцовай труне выбіты словы з Евангелля: “Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца”. Кожны год у дзень памяці праведнай Соф’і, княгіні Слуцкай, вернікі праходзяць ля яе труны, каб пакланіцца святым мошчам апошняй зоркі са славутага сузор’я Алелькавічаў, святло якой назаўсёды засталося ў чалавечай памяці.