Дата нараджэння:
25.12.1891 Вішнева, аграгарадок, Валожынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
25.02.1960
Кароткая даведка:
літаратуразнавец і культурны дзеяч, заснавальніца і першы дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Варыянты імя:
Луцэвіч Уладзіслава; Станкевіч Уладзіслава Францаўна (дзявочае)
Імёны на іншых мовах:
Луцевич Владислава Францевна (руская);
3993 сімвалы
Даведка
У гісторыі літаратуры назаўсёды застануцца імёны жанчын, якія прысвяцілі жыццё творчай спадчыне сваіх мужоў-пісьменнікаў. Імёнаў гэтых няшмат, і сярод іх – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.
Нарадзілася яна ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і лесніка. Маці Уладзіславы, педагог па адукацыі і францужанка па нацыянальнасці, абучала дзяцей грамаце. Яе вясёлы, неспакойны характар перадаўся дачцэ. Пад уплывам маці выбрала Уладзіслава і жыццёвы шлях – стала настаўніцай. У 1906 г. экстэрнам закончыла Віленскую гімназію, потым педагагічныя курсы ў Варшаве і пачала працаваць у віленскім дзіцячым прытулку пры Таварыстве апякунства над беднымі. Бачачы бязрадаснае жыццё дзяцей, яна імкнулася сваёй любоўю і ласкай, шчырасцю і цеплынёй напоўніць іх невясёлае маленства. Энергічны, незвычайна эмацыянальны характар Уладзіславы Францаўны праявіўся ў рабоце з працоўнай моладдзю і падлеткамі ў розных культурна-асветных і нелегальных гуртках. На занятках гучалі вольналюбівыя вершы А. Міцкевіча, А. Пушкіна, М. Лермантава, першыя рэвалюцыйныя творы Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі. У 1909 і 1911 гг. маладая настаўніца была прыцягнута мясцовымі ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці і атрымала месяц арышту.
Шчырая прыхільніца роднай мовы і літаратуры, У. Ф. Луцэвіч памагала распаўсюджваць беларускія кнігі, газеты, календары па вёсках і мястэчках. Часта яе памочнікам у гэтай справе быў Я. Купала, з якім дзяўчына пазнаёмілася ў Вільні. У 1916 г. Уладзіслава Францаўна назаўсёды звязала з ім свой лёс.
У цяжкія гады Першай сусветнай вайны У. Ф. Луцэвіч не пакідала педагагічнай дзейнасці. Спачатку працавала ў Маскве ў прытулку для дзяцей-бежанцаў з Беларусі, потым – у Смаленску і Полацку. У 1919–1941 гг. была інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавальніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў. Шмат увагі ўдзяляла Уладзіслава Францаўна Мінскаму палацу піянераў, дзе супрацоўнічала да Вялікай Айчыннай вайны.
У першыя ваенныя дні згарэлі дом Я. Купалы ў Мінску, дача ў Ляўках і ўвесь духоўны скарб, нажыты за многія гады: вялікая асабістая бібліятэка, рукапісы, фатаграфіі і іншыя каштоўныя матэрыялы. Луцэвічы ледзь паспелі выехаць з палаючага Мінска. Паэт быў вельмі прыгнечаны: у горадзе засталіся яго маці і родная сястра. Уладзіслава Францаўна як магла падбадзёрвала і супакойвала мужа, пераносячы з ім усе цяжкасці ваеннага часу. 28 чэрвеня 1942 г. Я. Купалы не стала. Гэта бяда вялікім болем адбілася ў сэрцы Уладзіславы Францаўны, і яна страціла цікавасць да жыцця. Толькі пасля ліста Я. Коласа, у якім паэт пісаў, што лепшым помнікам народнаму песняру будзе музей, У.Ф. Луцэвіч зразумела, што не мае права падаць духам. Перад ёй стала важная задача – сабраць усю спадчыну Я. Купалы і стварыць музей. Па крупінках збірала яна экспанаты, успаміны, рукапісы, складала зборнікі матэрыялаў, арганізоўвала вечары памяці, Купалаўскія чытанні, гутаркі ў калгасах, школах, на фабрыках і заводах. У 1943 г. Уладзіслава Францаўна стала спачатку адказным сакратаром камісіі па ўвекавечанні памяці Я. Купалы пры Акадэміі навук БССР, а з 1944 па 1960 г. была дырэктарам Літаратурнага музея Я. Купалы. На жаль, дзверы новага будынка, узведзенага на месцы дома, дзе да вайны жыў паэт, расчыніліся для першых наведвальнікаў 17 мая 1960 г. ужо без яе: Уладзіслава Францаўна не дажыла да гэтай урачыстай падзеі ўсяго два месяцы.
Штодня музей Я. Купалы наведваюць людзі. Тут наладжана і экспазіцыя, прысвечаная У. Ф. Луцэвіч, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы, перапіска, творы пісьменнікаў з аўтографамі, кнігі, складзеныя і перакладзеныя ёю, яе вершы. Верны друг, памочніца і дарадчыца Я. Купалы, Уладзіслава Францаўна назаўсёды пасялілася ў яго доме. Жанчына з добрай адукацыяй, шчырай душой, вялікімі патэнцыяльнымі магчымасцямі, яна была сапраўднай музай для Я. Купалы. Пры гэтым захавала сябе, не падпарадкавалася толькі ролі яго спадарожніцы, не грэлася ў промнях славы паэта, а стварыла сябе як асобу.