Дата пачатку: 19.05.1944 Мінск, г.
Кароткая даведка: установа, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2012)
Назвы на іншых мовах: State Literary Museum of Yanka Kupala (не вызначана); Государственный литературный музей Янки Купалы (руская);
Папярэднія назвы: Литературный музей Янки Купалы; Літаратурны музей Янкі Купалы; Музей Янки Купалы; Музей Янкі Купалы
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі, які даследуе, збірае, захоўвае і інтэрпрэтуе літаратурную спадчыну народнага паэта, класіка беларускай літаратуры.
Быў заснаваны ў Мінску паводле пастановы Савета Народных Камісараў БССР ад 19 мая 1944 г. пры Акадэміі навук БССР і да 1962 г. уваходзіў у яе сістэму. Збіральнікам музейных рэліквій стала жонка Я. Купалы У.Ф. Луцэвіч – заслужаны дзеяч культуры БССР, стваральнік і першы дырэктар. Менавіта ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках, захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў твораў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго паплечнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавых калекцый музея. Яго дзейнасць пачынаючы з 1945 г. была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складанне бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. Спачатку музей размяшчаўся ў будынку былога Дома прафсаюзаў. Тут 20 верасня 1945 г. была адкрыта першая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Я. Купалы, якая дазволіла пазнаёміць наведвальнікаў са спадчынай паэта. Асноўным напрамкам дзейнасці музея на этапе станаўлення было фарміраванне пастаяннай экспазіцыі. Усё ўскладнялася тым, што дом паэта згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, а разам з ім знішчаны багаты архіў і бібліятэка. У гэты час загінуў і той архіў, які Я. Купала перадаў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна ў даваенныя гады. Летам 1949 г. прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб пераводзе музея ў былы дом Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля рамонту ў гэтым будынку ў маі 1951 г. была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала тыя нешматлікія матэрыялы, сабраныя ў час вайны і першыя пасляваенныя гады. Яны дазволілі адлюстраваць толькі дзве асноўныя тэмы ў творчасці паэта – “Янка Купала – паэт і драматург”, “Янка Купала ў выяўленчым мастацтве”.
Яшчэ ў 1945 г. было вырашана пабудаваць асобны будынак для музея. Толькі ў 1959 г. ён быў узведзены на месцы дома, дзе сям’я паэта жыла да вайны. Цяпер гэты будынак знаходзіцца на вуліцы, што носіць імя Я. Купалы. З 1949 г. тут быў насаджаны парк, які з 1962 г. называецца Купалаўскім. У музеі створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта, што праіснавала да пачатку 1970-х гг. У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 г. музей перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР. З 1973 г. (на працягу двух гадоў) супрацоўнікі ўстанавы пачалі распрацоўваць новы тэматыка-экспазіцыйны план музея. Гэта давала магчымасць па-новаму асвятляць жыццё, літаратурную і грамадскую дзейнасць паэта. Экспазіцыя была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў у 1976 г. і складалася з васьмі зал і мемарыяльнай часткі (фрагмент пецярбургскай кватэры Я. Купалы, гасцёўня і кабінет у доме паэта ў Мінску, куток маскоўскай кватэры мастака К. Елісеева і інш.). У 1990-я гг. праведзена яе мадэрнізацыя. З паступленнем раней невядомых матэрыялаў і дакументаў паўстала пытанне аб стварэнні новых раздзелаў экспазіцыі. У 1994 г. навукова-экспазіцыйным аддзелам распрацавана тэматычная структура, дзе адлюстроўваліся жыццё і дзейнасць Я. Купалы ў 1920–40-я гг. Доўгія гады тэма трагічнай смерці паэта была амаль не паказана ў музеі. У 2007 г. (да 125-годдзя паэта) створаны тэматычныя раздзелы “Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці”, “Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта”. У 2012 г. (да 130-годдзя паэта) створана стацыянарная экспазіцыя “Шляхі” (аўтар мастацкай канцэпцыі А. Давідовіч). Галоўнай яе мэтай з’яўляецца паказ жыцця і творчасці Я. Купалы ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, ролі пісьменніка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Стваральнікі экспазіцыі імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць гісторыю шляхецкага роду Луцэвічаў, фальклорныя і біблейскія вытокі творчасці, філасофска-грамадзянскую пазіцыю паэта і драматурга, стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства. Упершыню ў экспазіцыйнай прасторы беларускага музея з’явіліся новыя тыпы мультымедыйных сістэм, такія як праекцыйная музейная экспазіцыя з дэманстрацыяй тэматычных відэакліпаў у трохмерным выяўленні (фармаце 3D), трывізар для трансляцыі аб’ёмных выяў, touch-манітор, што выконвае функцыю інфакіёска, змест якога складаюць чатыры віртуальныя туры па філіялах музея, электронная кніга ганаровых гасцей.
На працягу ўсяго перыяду існавання музеем праведзена грунтоўная праца па фарміраванні калекцый. У зборах захоўваюцца рукапісы і дакументы Я. Купалы, асабістыя рэчы і фотаздымкі, сфарміраваны вялікі кніжны фонд. Музей валодае багатай калекцыяй твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кінаархіў захоўвае відэа- і фоназапісы выступленняў пісьменніка і інш. На 01.01.2010 г. колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду складала 38 425 адзінак захавання, навукова-дапаможнага – 12 046. Усе музейныя прадметы размеркаваны па 22 калекцыях, якія адпавядаюць профілю музея і могуць паўнавартасна выкарыстоўвацца ў яго дзейнасці.
Многія дзесяцігоддзі ўстанова з’яўляецца вядучым літаратурным музеем рэспублікі, што мае багатыя традыцыі ў правядзенні культурна-адукацыйнай дзейнасці (экскурсіі і музейна-педагагічныя заняткі, выезды ў школы з лекцыямі і мультымедыйнымі прэзентацыямі выставак, творчыя сустрэчы і конкурсы, Купалаўскія чытанні і міжнародныя навуковыя канферэнцыі і інш.). Тут паспяхова працуюць клубы – суполка маладых паэтаў “Літаратурнае прадмесце” і музычнае аб’яднанне “Спроба актавы”. Па ініцыятыве музея створаны Міжнародны фонд Я. Купалы (1995), у які ўваходзяць даследчыкі спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі Англіі, ЗША. На матэрыялах музейных фондаў створаны чатыры філіялы “Вязынка” (1948), “Ляўкі” (1978), “Акопы” (1992), “Яхімоўшчына” (2001) – на аснове першых двух заснаваны Купалаўскія мемарыяльныя запаведнікі, – Музей-кватэра Я. Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літаратурны музей “Над ракой Арэсай” у Любанскім раёне (1980), музеі імя Я. Купалы ў Сенніцкай (Мінскі раён; 1982) і Бяларуцкай (Лагойскі раён; 1998) школах.
Музей стаў сапраўдным гасцінным домам для наведвальнікаў. Пры дапамозе ўнікальных калекцый, разнастайных выставак, адукацыйных праграм і публікацый адбываецца знаёмства з творчасцю паэта, якая з’яўляецца ўвасабленнем лепшых здабыткаў беларускага народа. У 2012 г. калектыву ўстановы за працу па захаванні і папулярызацыі літаратурнай спадчыны Я. Купалы прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.