Кароткая даведка:
пісьменнік, журналіст, публіцыст, дзяржаўны дзеяч Беларусі, генерал-лейтэнант унутранай службы, народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1990), міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" (2013) і многіх іншых рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, кавалер ордэнаў Беларусі, Расіі і СНД, ганаровы грамадзянін Мінска
Імёны на іншых мовах:
Чергинец Николай Иванович (руская);
3949 сімвалаў
Даведка
Імя беларускага празаіка Мікалая Іванавіча Чаргінца добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Мікалай Іванавіч быў выбітным палітычным і грамадскім дзеячам, з’яўляўся членам Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Пастаянную камісію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі. У 2005–2022 гг. быў старшынёй грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Нарадзіўся М.І. Чаргінец у Мінску. З юнацкіх гадоў цікавіўся футболам, выступаў за каманды Мінска, Вініцы, Кішынёва, скончыў Вышэйшую школу трэнераў, працаваў на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя У.І. Леніна. З 1964 г. працаваў у органах унутраных спраў, дзе займаўся крымінальным вышукам. Мікалай Іванавіч прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У гэты час ён прымаў удзел у баявых аперацыях у Афганістане (1984–1987), скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам юрыдычных навук.
Нараджэнню Чаргінца-пісьменніка спрыяла яго праца ў органах унутраных спраў. У 1973 г. была надрукавана яго першая дакументальная аповесць “Четвертый след”, галоўным героем якой з’яўляецца інспектар крымінальнага вышуку. Услед за ёй з’явіліся аповесці “Тревожная служба”, “Следствие продолжается”, “Финал Краба”. У 1980-я гг. выйшла з друку дылогія пісьменніка “За секунду до выстрела”, першая частка якой ахоплівала падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а другая адлюстроўвала складаную работу супрацоўнікаў міліцыі ў пасляваенны час.
Прафесіяналізм, дасканалае веданне прыёмаў і метадаў барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, спосабаў раскрыцця злачынстваў дапамагалі М.І. Чаргінцу ў творчым працэсе. Вялікае ўздзеянне на пісьменніка зрабіла камандзіроўка ў Афганістан, вынікам якой сталі раманы “Тайна Черных гор”, “Сыновья”, “А он не вернулся из боя”.
Мікалай Іванавіч Чаргінец быў майстрам вострасюжэтных сучасных дэтэктываў (“Чёрный пёс”, “Киллер”), палітычнага дэтэктыва (“Тайна Овального кабинета”), самых сапраўдных баявікоў, у якіх бандыцкія групоўкі кідаюць выклік праваахоўным органам (“Смертельный квадрат”, “Рискованная игра”, “Логово змей” і інш.), гісторыка-палітычнага дэтэктыва пра станаўленне савецкай улады на Беларусі (“Приказ № 1”). Свой раман-прадбачанне “Илоты безумия” сам пісьменнік вызначыў як “міжнародны дэтэктыў”. У творы адлюстравана барацьба разведак розных краін з міжнародным тэрарызмам. Напружанасць дзеяння дапаўняецца элементамі містыкі і фантастыкі, што робіць твор яшчэ больш цікавым.
У 2000 г. пісьменнік прапанаваў увазе чытачоў серыю “Уголовный розыск”, якую склалі як яго новыя творы, так і выдадзеныя раней: “Смертник”, “Кремлевский колодец”, “Русское братство”, “Третья звезда”, “Смерть за смерть”, “Побег”, “Упреждающий удар”, “Русская красавица”, “Убить вождя” і інш. Па творах і сцэнарыях М.І. Чаргінца зняты кінафільмы “Бег от смерти” (1996), “Вам – задание” (2004), тэлесерыялы “Майор Ветров” (2007) і “Чёрный пёс” (2018).
У апошнія гады жыцця М.І. Чаргінец апрацоўваў свае ўспаміны. Яны склалі серыю аўтабіяграфічных раманаў “Трудные дороги жизни”.
Мікалай Іванавіч Чаргінец быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Расійскай Федэрацыі, СНД, СССР, Афганістана, Югаславіі, з’яўляўся лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных прэмій (у т.л. Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2022)). У 2014 г. М.І. Чаргінцу было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. У 2017 г. ён стаў ганаровым грамадзянінам Мінска. У 2022 г. М.І. Чаргінцу было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. З 2023 г. СШ № 76 г. Мінска носіць імя народнага пісьменніка Мікалая Іванавіча Чаргінца.