Дата нараджэння:
24.06.1777 Крывічы, г. п., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
10.11.1851 Мінск, г.
Кароткая даведка:
пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1830–1831 гг.
Псеўданімы:
Jan ze Swіsloczy; Ян из Свислочи; Ян са Свіслачы
Варыянты імя:
Барэйка Ян
Імёны на іншых мовах:
Борейко Ян (руская); Ходька Ян (руская); Ходько-Борейко Ян (руская);
3791 сімвал
Даведка
Адным з прыкметных дзеячаў літаратурнага, грамадска-культурнага і асветнага жыцця Віленшчыны і Міншчыны першай паловы ХІХ ст. быў прадстаўнік разгалінаванага шляхецкага роду Ходзькаў – Ян, сын Юзафа, вядомы таксама пад псеўданімам Ян са Свіслачы.
Нарадзіўся ён у мястэчку Крывічы Вілейскага павета Віленскага ваяводства (зараз гарадскі пасёлак Мядзельскага раёна Мінскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад наглядам гувернёраў, з 1788 г. вучыўся ў адной са школ Вільні. З 1793 г. быў цывільна-вайсковым камісарам Ашмянскага павета, з 1795 г. асэсарам суда ў Паставах, з 1798 г. падсудкам, з 1808 г. падкаморым Вілейскага павета, з 1811 г. старшынёй Галоўнага цывільнага суда ў Мінску. У 1822–1823 гг. з’яўляўся інспектарам школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.
Займаючыся службовымі справамі, Я. Ходзька імкнуўся таксама наладзіць і культурнае жыццё грамадства. Ён ператварыў свой дом у Мінску ў сапраўдны асяродак культуры, дзе арганізоўваў канцэрты і тэатральныя пастаноўкі. Сам гаспадар прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах: выступаў у якасці аўтара і рэжысёра, выконваў акцёрскія ролі, а сродкі ад спектакляў ахвяраваў на дзейнасць Мінскага таварыства дабрачыннасці. Менавіта ў гэты час да яго прыйшло захапленне паэзіяй і з’явіліся першыя вершы. Друкаваўся малады пісьменнік у часопісе «Dziennik Wilenski» («Віленскі дзённік»), альманаху «Rubon» («Рубон») і інш. Адзін з яго вершаў «Як мяне хто пакахае...» пазней нават быў пакладзены на музыку кампазітарам С. Манюшкам. У 1812 г. Я. Ходзька напісаў патрыятычную камедыю «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана», у якой агучыў сваю мару аб адраджэнні Вялікага Княства Літоўскага. Пасля вайны 1812 г. некаторы час жыў у Варшаве, потым вярнуўся ў Мінск. Стаў арганізатарам і кіраўніком масонскіх лож у Мінску і Вільні, прымаў актыўны ўдзел у дабрачыннай дзейнасці. Пасля звальнення з дзяржаўнай службы Я. Ходзька пераехаў у Вільню. Працаваў у камісіі па спадчыне князёў Радзівілаў, быў членам таварыстваў дабрачыннасці, шубраўцаў, дапамогі навучэнцам Віленскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у рабоце тайнага патрыятычнага студэнцкага таварыства філаматаў ва ўніверсітэце. Цікавіўся таксама праблемамі асветы ў краі. У 1820 г. у часопісе «Dzieje dobroczynnosci…» («Гісторыя дабрачыннасці…») надрукаваў артыкул пра вясковыя школы, у якім выказаўся за пашырэнне адукацыі сярод народа. У далейшым ідэю народнай школы пісьменнік развіў у аповесці «Пан Ян са Свіслачы» (1821), што была напісана ў форме гутарак гандляра, які вандраваў па беларускіх землях і абмяркоўваў з сялянамі гаспадарчыя, гандлёвыя ды іншыя справы. Кніга атрымала высокую ацэнку грамадскасці і вытрымала некалькі перавыданняў.
У 1826 г. Я. Ходзька за сувязь з філаматамі быў арыштаваны і некаторы час утрымліваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Санкт-Пецярбургу. Пасля вяртання ў Вільню ў 1830 г. знаходзіўся пад наглядам паліцыі. За ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. быў зноў арыштаваны і сасланы ў Пермскую губерню. Пасля вызвалення ў 1834 г. вярнуўся на радзіму, прадаў сваю занядбаную гаспадарку і пераехаў да дачкі ў маёнтак Раговічы каля Мінска. Тут прысвяціў сябе творчасці: пісаў апавяданні, аповесці, навукова-гістарычныя працы, у мемуарах узнаўляў карціны грамадскага жыцця часоў сваёй маладосці. І хаця пісаў на польскай мове, аднак манера выкладання яго была вельмі набліжана да беларускай і ў творах мелася значная колькасць беларусізмаў. Творчая спадчына пісьменніка, адметная жывасцю апавядання, склала 12-томны збор «Pisma rozmaite autora Pana Jana ze Swisloczy» (выдадзены ў Вільні ў 1837–1842 гг.).
Ян Ходзька, адданы сын беларускай зямлі, актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця і таленавіты пісьменнік ХІХ ст., быў узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны і Святога Уладзіміра.