Дата нараджэння: 06.08.1957
Кароткая даведка: рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (з 2009), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1993), тэатральнай прэміі імя Е. Міровіча (1994, 1999)
Імёны на іншых мовах: Пинигин Николай Николаевич (руская);
Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Мікалай Мікалаевіч Пінігін адносіцца да тых рэжысёраў, чые спектаклі не толькі выклікаюць захапленне, але і становяцца здабыткам айчыннай культуры.
Ён нарадзіўся ў г. Ізюм Харкаўскай вобласці (Украіна) у сям’і акцёраў. У школе М. Пінігін пісаў вершы, друкаваў нататкі, змяшчаў фотаэцюды ў газетах і марыў стаць журналістам, аднак пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на тэатральным факультэце па спецыяльнасці «рэжысура тэлебачання» (курс заслужаных дзеячаў мастацтваў У. Маланкіна і В. Карпілава). Пасля заканчэння працаваў на беларускім тэлебачанні (1979–1980), дзе паставіў тэлеспектакль «Начны дыліжанс» па прозе К. Паўстоўскага.
З 1980 па 1982 г. М. Пінігін з’яўляўся акцёрам і рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага. Сярод найбольш яркіх і прыкметных пастановак у гэтым тэатры – «Апавяданне пра бяздомных сабак» К. Сергіенкі (1980) і «Аб’ява ў вячэрняй газеце» А. Паповай (1982). Мікалай Пінігін ніколі не задавальняўся дасягнутым і пастаянна ўдасканальваў сваё майстэрства. Шмат карыснага дала рэжысёру стажыроўка ў Маскве ў Дзяржаўным акадэмічным Малым тэатры Расіі (1982–1984), пасля якой ён пачаў працаваць у Беларускім тэатры імя Я. Купалы. Галоўная рыса створаных у гэты перыяд пастановак – захаванне аўтарскай атмасферы п’есы, майстэрскае спалучэнне ўсіх кампанентаў спектакля. У шэрагу работ М. Пінігін дасягнуў сцэнічнай выразнасці праз пластыку, музыку ў спалучэнні з віртуозным, высокапрафесійным акцёрскім выкананнем. Да лепшых спектакляў належаць «Жанчына з мора» Г. Ібсена (1984), «Там і тут» Д. Кавачавіча (1985), «Гаральд і Мод» К. Хігінса і Ж.К. Кар’ера (1986), «Дзеці сонца» М. Горкага (1987), «Жыццё Карыцына» А. Паповай (1988), «Дракон» Я. Шварца (1989), «Тутэйшыя» Я. Купалы (1990), «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча (1993) і інш. Рэжысёрскую працу М. Пінігін сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю. У 1985–1987 гг. выкладаў на кафедры «Майстэрства акцёра і рэжысуры» ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
У 1998 г. М. Пінігін быў запрошаны К. Лаўровым (на той час старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі) у Санкт-Пецярбург у Вялікі драматычны тэатр імя Г. Таўстаногава. Пятнаццаць пастаўленых там спектакляў сталі яскравым прызнаннем таленту і прафесіяналізму беларускага рэжысёра. Ён працаваў з выдатнымі артыстамі А. Фрэйндліх, А. Басілашвілі, К. Лаўровым. У трупу тэатра ўваходзілі Т. Дароніна, С. Юрскі, І. Смактуноўскі, А. Талубееў і іншыя знакамітыя акцёры. Сярод пастановак М. Пінігіна ў гэтым тэатры – «Капрызы Марыяны» А. Мюсэ (1997), «ART» Я. Рэза (1998), «Бедная Ліза» М. Карамзіна і «Каліфарнійская сюіта» Н. Саймана (1999), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000), «Таленты і паклоннікі» А. Астроўскага (2001), «Касцюмер» Р. Харвуда (2002), «Чайка» А. Чэхава (2003), «Матылёк» П. Гладзіліна (2004), «Кацярына Іванаўна» Л. Андрэева (2004), «Квартэт» Р. Харвуда (2005), «Эмігранты» С. Мрожака (2006) і інш.
У студзені 2009 г. М. Пінігін па запрашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вярнуўся ў Мінск і быў прызначаны мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Гэта быў не просты для рэжысёра час. Тэатр знаходзіўся не ў лепшым стане: разваленыя цэхі, слабая пастановачная частка, недзеяздольны адміністрацыйны апарат, устарэлы рэпертуар і пустыя залы. Каб зацікавіць гледача і вярнуць яго ў тэатр, М. Пінігін паставіў камедыю «Вячэра з прыдуркам» па п’есе Ф. Вэбера (2009), якая выклікала станоўчыя водгукі ў прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. Спектакль «Местачковае кабарэ», прэм’ера якога адбылася ў лістападзе 2012 г., стаў працягам камедыйнай лініі ў творчасці рэжысёра. За гады працы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы М. Пінігін паставіў шмат спектакляў, і амаль кожны з іх станавіўся ўзрушэннем для гледача, выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Найбольш вядомымі сярод пастановак, якія і сёння з вялікім поспехам ідуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, з’яўляюцца «Ноч на Каляды» М. Гогаля і «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» Ф.У. Радзівіл (2011), «Лістапад. Андэрсен» А. Паповай (2012), «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (2014), «Чайка» А. Чэхава і «Другая сусветная» М. Мермана (2015), «Дзве душы» М. Гарэцкага (2016) і інш. У студзені 2017 г. адбылася прэм’ера новага спектакля «Школа падаткаплацельшчыкаў» Л. Вернэя і Ж. Бэра.
Мікалай Пінігін – рэжысёр шырокага творчага дыяпазону. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь ён паставіў оперы «Візіт дамы» С. Картэса (1995) і «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (2001). Створаныя рэжысёрам спектаклі ішлі ў многіх беларускіх тэатрах. Гэта – «Дзіця з Віфлеема» (1992, у Тэатры-студыі кінаакцёра), «ART» Я. Рэза (1998, у Малым тэатры ў Мінску), «Боты на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна (1999, прадзюсарскі цэнтр «Альфа Радыё»), «Дотык» П. Марбера (2000, Нікола-тэатр, «Альфа Радыё»). Многія спектаклі рэжысёра з поспехам праходзілі ў тэатрах краін СНД, Еўропы і Кітая.
За высокі прафесіяналізм і плённую дзейнасць М. Пінігін адзначаны многімі ўзнагародамі. Ён з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1993), тэатральнай прэміі імя Е. Міровіча (1994, 1999), дыпламантам шматлікіх міжнародных фестываляў у Расіі, Літве, Польшчы, Славакіі, ва Украіне. У 1994 г. рэжысёр быў прызнаны «Чалавекам года Беларусі» ў намінацыі «Сцэна». У 2015 г. атрымаў званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.