Радзівіл Крыштоф (мянушка Пярун), сын Мікалая Радзівіла Рудога
Дата нараджэння:
09.02.1547 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерці:
20.11.1603
Кароткая даведка:
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, удзельнік Інфлянцкай вайны 1558–1582 гг., вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600–1629 гг.
Псеўданімы:
Перун; Пярун
Варыянты імя:
Радзівіл Крыштоф Мікалай
Імёны на іншых мовах:
Radziwiłł Krzysztof Mikołaj Krzysztof Mikołaj Piorun (польская); Радзивилл Криштоф Перун (руская); Радзивилл Христофор Николай Перун (руская);
2352 сімвалы
Даведка
Адным з таленавітых военачальнікаў Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XVI – пачатку XVII ст. з’яўляўся Крыштоф Радзівіл Пярун, малодшы сын не менш славутага палкаводца Мікалая Радзівіла Рудога.
Крыштоф Радзівіл нарадзіўся ў 1547 г. у Вільні. Атрымаў хатнюю адукацыю. З юнацтва пачаў вайсковую службу пад кіраўніцтвам бацькі. Ужо ў студзені 1564 г. побач з ім удзельнічаў у адной з аперацый Інфлянцкай вайны 1558–1582 гг. – у бітве на рацэ Ула каля Чашнікаў (цяпер Віцебская вобл.). У далейшым амаль бесперапынна ваяваў, ахоўваў паўночна-усходнюю мяжу Вялікага Княства Літоўскага. За некалькі гадоў зрабіў кар’еру ад камандзіра прыдворнай коннай роты да пасады гетмана польнага (1572). Сярод заслуг К. Радзівіла шэраг удалых ваенных аперацый. Адной з іх стаў рэйд войска пад яго кіраўніцтвам да вярхоўяў Волгі, заняцце Старыцы, Ржэва і аблога Пскова у жніўні–кастрычніку 1581 г., які спрыяў падпісанню Ям-Зампольскага перамір’я (1582) паміж Іванам IV Грозным і Стафанам Баторыем. Падчас паўстання С. Налівайкі 1594–1596 гг. змагаўся з казацкімі атрадамі, якія рабавалі магнацкія і шляхецкія маёнткі. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600–1629 гг. камандаваў войскамі ў Інфлянтах: у 1601 г. нанёс паражэнне шведскаму войску ў бітве пад Кокенгаўзенам (цяпер Кокнесе, Латвія), узяў Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). За мужнасць і смеласць, праяўленыя падчас ваенных аперацый, атрымаў мянушку Пярун.
Акрамя вайсковай справы К. Радзівіл у розныя гады займаў шэраг дзяржаўных пасад у Вялікім Княстве Літоўскім: быў крайчым, падчашым, гетманам вялікім, падканцлерам, кашталянам троцкім, ваяводай віленскім. Быў прыхільнікам самастойнасці Княства і мірных узаемаадносін з Маскоўскай дзяржавай.
Як паслядоўнік кальвінізму, К. Радзівіл займаўся будаўніцтвам кальвінісцкіх сабораў (Біржы, Копысь, Попель). Пры яго двары было шмат вучоных і дзеячаў культуры: А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, С. Рысінскі, А. Волан і інш. Крыштоф Радзівіл – буйны землеўладальнік, які меў адну з найбольшых латыфундый у Вялікім Княстве Літоўскім (сярод асноўных маёнткаў – Валожын, Койданава, Смалявічы, Станькава, Усялюб, Біржы, Віжуны), трымаў Барысаўскае, Кокенгаўзенскае і іншыя староствы.
К. Радзівіл памёр у 1603 г. і быў пахаваны ў кальвінісцкім зборы ў Кейданах (цяпер Кедайняй, Літва).