Дата нараджэння:
20.02.1922 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
24.03.2012
Кароткая даведка:
мовазнавец, адзін з заснавальнікаў школы беларускай стылістыкі, журналіст, заслужаны работнік адукацыі Беларусі, заслужаны журналіст Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ст., медалямі
Варыянты імя:
Цікоцкі Міхаіл Яўгеньевіч
Імёны на іншых мовах:
Тикоцкий Михаил Евгеньевич (руская);
3450 сімвалаў
Даведка
Вядомы вучоны-мовазнавец Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі нарадзіўся ў Бабруйску ў сям’і кампазітара. У 1933 г. бацькі пераехалі ў Мінск. Перад Вялікай Айчыннай вайной ён скончыў сярэднюю школу. Некаторы час знаходзіўся на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі. У 1943 г. разам з маці і сястрой перапраўлены партызанамі ў Маскву, потым прызваны ў армію. Ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. Летам 1944 г. пад Кобрынам быў паранены. Пасля дэмабілізацыі паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ), які скончыў у 1950 г. Працаваў у рэдакцыях газет «Савецкі селянін», «Калгасная праўда» і «Беларускі ўніверсітэт», адначасова завочна вучыўся ў аспірантуры пры БДУ на кафедры тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі. У 1953 г. М. Я. Цікоцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Публицистика Якуба Коласа» і пачаў працаваць ва ўніверсітэце на факультэце журналістыкі (спачатку выкладчыкам, потым дацэнтам на кафедры тэорыі і практыкі савецкага друку, у 1965 г. прызначаны загадчыкам). З кастрычніка 1969 г. кіраваў кафедрай стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. У 1972 г. М. Я. Цікоцкі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Проблемы языка и стиля публицистического произведения». Праз год атрымаў званне прафесара. У БДУ ён вёў спецсемінар па эстэтыцы слова, чытаў лекцыі па стылістыцы беларускай мовы і газетных жанраў, якія вызначаліся змястоўнасцю і глыбінёй тэарэтычных ведаў; прымаў удзел у арганізацыі студэнцкіх навуковых даследаванняў.
Надзвычай плённай была і навуковая дзейнасць М. Я. Цікоцкага. Ён з’яўляецца аўтарам некалькіх манаграфій, вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў. Сярод асноўных – «Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстання сінтаксічных сродкаў беларускай мовы» (1958), «З гiсторыi беларускай журналiстыкi XIX стагоддзя» (1960), «Практычная стылістыка беларускай мовы» (ч. 1–2, 1962–1965), «Стылістыка публіцыстычных жанраў» (1971), «Стылістыка беларускай мовы» (1976), «Сугучнасць слоў жывых…» (1981), «Стылістыка тэксту» (2002), «Урокі моўнага майстэрства» (2009) і інш. У сваіх працах вучоны зрабіў першыя спробы стылістычнай характарыстыкі лексічных і фразеалагічных сродкаў беларускай мовы з пункту гледжання іх практычнага выкарыстання ў розных стылях і жанрах, распрацоўваў пытанні марфалагічнай і сінтаксічнай стылістыкі. Яго цікавілі не толькі агульнатэарэтычныя пытанні, але і функцыянальныя стылі мовы (размоўны, афіцыйна-дзелавы, навуковы, публіцыстычны, мастацкі), а таксама іх класіфікацыя. У сферу інтарэсаў вучонага ўваходзілі таксама праблемы стылістыкі мастацкай літаратуры і эстэтыкі слова.
Навуковую і педагагічную работу М. Я. Цікоцкі сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Як член Саюза журналістаў Беларусі прымаў удзел у рабоце яго секцый, выступаў з лекцыямі і дакладамі па праблемах культуры мовы. Пры актыўным удзеле прафесара на кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання БДУ праводзілася вялікая работа па вывучэнні мовы і стылю сродкаў масавай інфармацыі. Ён з’яўляўся таксама адным з рэдактараў перыядычнага зборніка «Культура мовы журналіста».
Працоўныя заслугі М. Я. Цікоцкага адзначаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Ганаровым знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР «За выдатныя поспехі ў рабоце». У канцы 1996 г. вучоны атрымаў званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і двума медалямі «За адвагу».