Ігар Іванавіч Раеўскі нарадзіўся 30 мая 1937 г. у Маскве ў сям'і рабочага. У 1954 г. скончыў Маскоўскае харавое вучылішча, заснавальнікам якога быў А.В. Свешнікаў, і атрымаў накіраванне ў кансерваторыю, але выбраў Інстытут ваенных дырыжораў. Вучоба давалася яму лёгка. Студэнцкія гады падарылі знаёмства з выдатным педагогам, прафесарам Б.А. Дзіевым, у якога ён шмат чаму навучыўся. Пасля атрымання дыплому ў 1958 г. Ігар Раеўскі пачаў самастойную творчую дзейнасць у якасці мастацкага кіраўніка Ансамбля песні і танца ваенна-паветраных сіл Групы савецкіх войск у Германіі.
У 1963 г. І.І. Раеўскага прызначылі мастацкім кіраўніком Ансамбля песні і танца Беларускай ваеннай акругі, і ён пераехаў у Мінск. Лёс звёў яго з выдатнымі артыстамі В. Вуячычам, У. Мулявіным, чый ансамбль “Песняры” зараджаўся менавіта ў калектыве І.І. Раеўскага. Пад яго кіраўніцтвам свой творчы шлях пачыналі А. Рудкоўскі, В. Кучынскі, Ю. Ведзянееў. У 1967 г. І.І. Раеўскаму было прысуджана ганаровае званне “Заслужаны артыст Беларусі”.
У 1968 г. Ігара Раеўскага як самага маладога мастацкага кіраўніка накіравалі для фарміравання новага творчага калектыву – Ансамбля песні і танца Цэнтральнай групы войск. Яму выпала важная роля – прадстаўляць краіну за мяжой. У далейшым ансамбль карыстаўся вялікім поспехам у слухачоў. За творчыя дасягненні І.І. Раеўскі быў ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Чэхаславакіі (1972).
У 1974 г. дырыжора перавялі ў Маскву, дзе ён узначаліў Ансамбль песні і танца Маскоўскай акругі супрацьпаветранай абароны. Праз пэўны час калектыў стаў лаўрэатам Усеармейскага конкурсу ансамбляў песні і танца Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту. У 1978 г. Ігару Іванавічу Раеўскаму было прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Расіі”.
З 1984 па 1994 г. І.І. Раеўскі займаўся педагагічнай работай на кафедры падрыхтоўкі мастацкіх кіраўнікоў ансамбляў песні і танца, якую арганізавалі на ваенна-дырыжорскім факультэце пры Маскоўскай кансерваторыі. Яму было прысвоена воінскае званне палкоўніка, вучонае званне дацэнта, прафесара.
У 1995 г. Ігар Іванавіч Раеўскі стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору імя А.В. Свешнікава. Новы кіраўнік працягвае і развівае традыцыі свайго настаўніка, узбагачае рэпертуар калектыву новымі праграмамі, пашырае геаграфію яго гастроляў. Дзяржаўны акадэмічны рускі хор імя А.В. Свешнікава пад кіраўніцтвам І.І. Раеўскага гастраліраваў у Швецыі, Польшчы, Кітаі, Грэцыі, Ізраілі, Карэі, Тайвані, Ганконгу і інш. Бліскучы поспех спадарожнічаў кожнаму выступленню хору ў канцэртных турнэ па Амерыцы. Дзякуючы майстэрству галоўнага дырыжора калектыў выконвае творы як рускай, так і замежнай музыкі. Вядучае месца ў яго рэпертуары займае руская класіка – творы М. Глінкі, П. Чайкоўскага, А. Варламава, А. Барадзіна і інш. Канцэртныя праграмы ўпрыгожваюць народныя песні ў апрацоўцы А. Свешнікава, Д. Шастаковіча, М. Рымскага-Корсакава. А такія вядомыя, як “Ах ты степь широкая”, “В темном лесу” сталі песнямі-сімваламі. З іх пачынаюцца канцэртныя праграмы хору, што складаюцца з твораў рускай харавой музыкі. На працягу многіх гадоў калектыў прымае ўдзел у розных святах і іншых мерапрыемствах. Ігар Іванавіч Раеўскі – аўтар больш за 200 песень, сімфанічных і харавых твораў, аркестравых апрацовак. Жыве і працуе ў Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.