Калектыў быў створаны пры штабе акругі як Ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі ў Смаленску. Арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком з'яўляўся заслужаны артыст БССР А.Ф. Усачоў. З 1949 г. творчы калектыў базіруецца ў Мінску. Сучасную назву атрымаў у 1992 г. Першы канцэрт адбыўся 17 лютага 1938 г. у шпіталі «Гнёздава» пад Смаленскам. У гады Вялікай Айчыннай вайны ансамбль знаходзіўся ў дзеючай арміі, канцэртныя брыгады выступалі ў вайсковых часцях, на перадавой. У гэты перыяд у ім працаваў салістам выдатны оперны спявак М. Ворвулеў, які на адным з канцэртаў быў цяжка паранены, але хутка яго магутны і прыгожы голас зноў заклікаў байцоў на подзвігі.
Сёння ў склад творчага калектыву ўваходзяць мужчынскі хор, аркестр, балетная група і група салістаў. З 2004 г. мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам з'яўляецца заслужаны артыст Беларусі У.С. Варапаеў. Рэпертуар ансамбля не абмяжоўваецца творамі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, у ім прадстаўлена руская і замежная класіка, беларускія, украінскія і рускія народныя песні, сучасная эстрадная музыка. Шырока выконваюцца творы беларускіх кампазітараў: У. Алоўнікава, У. Будніка, Р. Бутвілоўскага, Э. Зарыцкага, Л. Захлеўнага, В. Іванова, І. Кузняцова, І. Лучанка, Л. Мурашкі, Ю. Семянякі, Д. Смольскага, Э. Ханка і інш. У розныя гады ў калектыве пачыналі творчую дзейнасць такія вядомыя салісты, як М. Ворвулеў, В. Вуячыч, У. Мулявін, Я. Еўдакімаў, М. Зданевіч, І. Краснадубскі, В. Кучынскі, А. Кузняцоў, У. Яскевіч і інш.
У ансамблі практыкуецца стварэнне тэматычных праграм, прысвечаных знамянальным падзеям у жыцці дзяржавы і арміі. Сярод вакальна-харэаграфічных кампазіцый мінулых гадоў вылучаюцца «Дружба народаў», «Героі спорту», «Баявая садружнасць». Канцэртныя праграмы ансамбля заўсёды разнапланавыя і разнажанравыя. Яны вызначаюцца імкненнем да наватарства і пошукам арыгінальных мастацкіх вырашэнняў. Творы, у якіх усхваляюцца любоў да Радзімы, арміі, высокі патрыятызм, з'явіліся асновай такіх тэматычных праграм, як «Табе, Перамога, прысвячаецца» (2005), «За квітнеючую Беларусь» (2006), «Беражом цябе, Белая Русь» (2007), «Мы Беларусы» (2008), «Беларусь – гэта Мы» (2010), «Песні роднай Беларусі» (2012). Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была створана праграма «Паклонімся вялікім тым гадам» (2009). З праграмай «Памяць сэрца гаворыць» (2010), прысвечанай 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, калектыў выступаў у Беларусі, Расіі і Польшчы.
Вялікае выхаваўчае значэнне мела героіка-патрыятычная праграма «Ніхто не забыты, нішто не забыта», створаная ў 2011 г. да 70-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай падзеі 22 чэрвеня 2011 г. у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» быў прысвечаны канцэрт, на якім адбылася прэм'ера песні-рэквіема «Абаронцам Брэсцкай крэпасці» кампазітара А. Атрашкевіча. Салісты ансамбля выконваюць таксама песні «Брэст», «Калі б камні маглі гаварыць» І. Лучанка, «Песня аб Брэсцкай крэпасці» У. Алоўнікава і інш.
У рэпертуары балетнай групы ёсць і традыцыйныя пастаноўкі, і харэаграфічныя нумары армейскай тэматыкі: «Салдаты», «Траекторыя руху» і інш. З 2009 г. пашырыліся яе творчыя магчымасці, балет стаў плённа супрацоўнічаць з салістамі. Сумесна яны ствараюць яркія, відовішчныя нумары («Беларусь мая», «Капітан», «Тройка», «Пажаданне» і інш.).
Значнай падзеяй у творчай дзейнасці ансамбля стаў выпуск у 2011 г. двух дыскаў: «Памяць сэрца гаворыць» і «Айчына, табе прысягаю». У першы дыск увайшлі не толькі песні ваенных гадоў з залатога фонду творчага калектыву, але і песні аб вайне, напісаныя ў наш час. Яны займаюць адно з галоўных месцаў у тэматычных канцэртных праграмах. Таксама ў рэпертуары калектыву ёсць шмат песень, якія праслаўляюць нашу Радзіму, армію, і менавіта яны ўвайшлі ў другі дыск. Песні ў выкананні ансамбля садзейнічаюць захаванню гістарычнай памяці, выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму.
Калектыў гастраліраваў на Украіне, у Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Англіі, Іспаніі і іншых краінах блізкага і далёкага замежжа. У маі 2012 г. хор ансамбля з духоўнай праграмай прымаў удзел у Міжнародным фестывалі харавых калектываў у Польшчы (г. Гайнаўка), дзе атрымаў званне лаўрэата ІІІ ступені. У 2008 г. за ўклад у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры ансамбль узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА. За актыўную творчую дзейнасць, прапаганду нацыянальнай культуры і вялікую працу па патрыятычным выхаванні ансамблю ў 2006 г. прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Музычнае мастацтва».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.