Фёдар Рыгоравіч Шкляраў нарадзіўся ў Ветцы ў сям’і старавераў. З самага дзяцінства ён быў захоплены прыгажосцю роднага краю, марыў атрымаць мастацкую адукацыю і стаць сапраўдным мастаком. У 1939 г. юнак паступіў у Харкаўскае мастацкае вучылішча. Жыццёвыя планы парушылі цяжкасці ваенных і пасляваенных гадоў: Фёдар Шкляраў адслужыў у войску, быў паштальёнам, цесляром, сталяром, разбяром, мастаком-афарміцелем, мебельшчыкам, мулярам, фатографам... З цягам часу Ф.Р. Шкляраў не адмовіўся ад сваёй дзіцячай мары: амаль кожны свой дзень самадзейны мастак пачынаў з “паходу на эцюды”, вучыў маляванню веткаўскіх падлеткаў. Ён ‒ аўтар вялікай колькасці пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў землякоў, створаных алоўкамі і фарбамі. Яго мастацкія работы, прысвечаныя роднай прыродзе, адрозніваюцца яркім каларытам, сакавітымі колерамі. Карціны Ф.Р. Шклярава неаднаразова дэманстраваліся на рэспубліканскіх і абласных выстаўках.
У канцы 1960-х ‒ 1970-х гг. Ф.Р. Шкляраў захапіўся вывучэннем гісторыі роднай Веткі. У пошуках рукапісных і старадрукаваных кніг, абразоў, старажытных прадметаў побыту ён наведваў стараверскія вёскі Веткаўска-Старадубскага рэгіёна. Да сярэдзіны 1970-х гг. Ф.Р. Шкляраў сабраў вялікую калекцыю абразоў XVII ‒ пачатку XX ст., старадрукаў XVI‒XVIII стст., рукапісных кніг XVI ‒ пачатку XX ст., прадметаў побыту. Яго калекцыяй зацікавіліся краязнаўцы, выкладчыкі, пісьменнікі, журналісты. У лістападзе 1978 г. было прынята рашэнне аб стварэнні ў Ветцы музея на аснове збору Ф.Р. Шклярава. Фёдар Рыгоравіч стаў першым кіраўніком установы і перадаў музею больш за 400 прадметаў з уласнай калекцыі. Пад кіраўніцтвам Ф.Р. Шклярава супрацоўнікі музея разгарнулі актыўную экспедыцыйную работу па зборы музейных прадметаў, іх захаванні і рэстаўрацыі. Для размяшчэння экспанатаў музею выдзелілі будынак былога веткаўскага купца Грошыкава. 1 лістапада 1987 г. Веткаўскі музей народнай творчасці адкрыўся для наведвальнікаў.
Шматгадовая праца Фёдара Рыгоравіча Шклярава па захаванні культурнай спадчыны Веткаўшчыны была адзначана наданнем яму ганаровага звання заслужанага работніка культуры БССР. На жаль, гэты таленавіты чалавек рана пайшоў з жыцця.
Жыхары Веткі старанна захоўваць памяць пра свайго славутага земляка: у 2011 г. Веткаўскаму музею народнай творчасці было прысвоена імя яго стваральніка. З 2012 г. музей мае назву “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава”. У лістападзе 2022 г. ва ўстанове была адкрыта зала, дзе размясцілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці выбітнага веткаўчаніна. У 2024 г. было прынята рашэнне назваць у гонар Фёдара Шклярава адну з вуліц у новым мікрараёне г. Ветка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.