Дата пачатку: 1685 Веткаўскі раён, Гомельская вобласць
Кароткая даведка: горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Ветка (руская);
Ветка – горад у Гомельскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Веткаўскага раёна, прыстань на рацэ Сожы. Знаходзіцца за 22 км на паўночны ўсход ад Гомеля і чыгуначнай станцыі Гомель-Пасажырскі (на лініі Жлобін – Церахоўка). Аўтадарогамі злучаны з Гомелем, Добрушам, Чачэрскам.
Паводле адной з версій, паселішча названа па аднайменным востраве, утвораным ракой Сож і невялікімі адасобленымі ад яе затокамі, падобнымі на галінку.
Ветка заснавана ў 1685 г. рускімі стараверамі ва ўладаннях мазырскага старосты К. Халецкага. У хуткім часе перасяленцы атрымалі каралеўскую грамату, якая гарантавала ім рэлігійную незалежнасць і некаторыя падатковыя льготы. Такія ўмовы прыцягвалі новых мігрантаў з Масквы, Калугі, Яраслаўля, Бранска, Ноўгарада і іншых гарадоў. За некалькі гадоў Ветка пераўтварылася ў цэнтр стараверства. У 1695 г. тут была пабудавана першая на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага стараверская царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, крыху пазней – Пакроўскі манастыр. У пачатку XVIII ст. Ветка стала буйным пасяленнем гарадскога тыпу з самакіраваннем, шырокімі гандлёвымі сувязямі, акружанае шматлікімі слабодамі, манастырамі і скітамі. У гэты час сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа разьбы па дрэве. Рост значэння Веткі, якая моцна ўплывала на прыхільнікаў старой веры ў рускіх гарадах і прыцягвала сюды новых перасяленцаў, непакоіла расійскія ўлады. У 1732–1733 гг. выпушчаны маніфесты са зваротам да старавераў вярнуцца на радзіму, але яны не падпарадкаваліся царскім указам. У 1735 г. веткаўскія малітоўныя дамы і скіты былі разбураны, прыгодныя да ваеннай службы стараверы залічаны ў салдаты, астатнія пераселены. У 1764 г. адбылося другое выгнанне, з Веткі і суседніх слабод у Сібір былі вывезены каля 20 тыс. жыхароў. Пасля гэтага Ветка страціла сваё значэнне як цэнтр стараверства, аднак захавала свой гістарычны і культурны аўтарытэт. Жыхары па-ранейшаму падтрымлівалі сувязі з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Кіевам і іншымі гарадамі, куды выязджалі на промысел мясцовыя рамеснікі. У 1772 г. тут некаторы час хаваўся ад праследаванняў расійскіх улад будучы кіраўнік сялянскага паўстання (1773–1775) Емяльян Пугачоў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Ветка далучана да Расійскай імперыі, з 1784 г. стала мястэчкам у складзе Беліцкага, з 1852 г. – Гомельскага паветаў Магілёўскай губерні. З 1840 г. у Ветцы працавала верф, дзе будаваліся драўляныя рачныя судны (бярлінцы). Актыўна дзейнічалі прыстань і пераправа праз раку Сож. Штогод праводзіліся два кірмашы. Жыхары мястэчка займаліся земляробствам, гандлем, сталярным, бандарным, шавецкім, кравецкім промысламі. У 1868 г. у Ветцы адкрыта жаночае, у 1874 г. – мужчынскае народныя вучылішчы. Згодна з перапісам 1897 г. у мястэчку пражывала каля 7,2 тыс. жыхароў, працавалі царква, капліца, стараверскі і яўрэйскі малітоўныя дамы, прыёмны пакой, дзейнічалі паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, бібліятэка, 2 цагельныя заводы і інш.
У Першую сусветную вайну ў 1918 г. Ветку займалі германскія войскі. З 1919 г. мястэчка знаходзілася ў Гомельскай губерні РСФСР, у 1925 г. атрымала статус горада. У 1926 г. Ветка ўвайшла ў склад БССР, з 8 снежня 1926 г. стала цэнтрам раёна Гомельскай акругі. У 1930-я гг. тут працавалі вінзавод, торфараспрацоўчая і трыкатажная арцелі, машынна-трактарная станцыя, маслазавод, нафтавы млын і інш. 20 лютага 1938 г. горад уключаны ў склад Гомельскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 18 жніўня 1941 г. Ветку захапілі нямецка-фашысцкія войскі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 656 чалавек. У гады акупацыі дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. 28 верасня 1943 г. горад вызвалены савецкімі войскамі ў ходзе Бранскай аперацыі. Пасля вайны Ветка пачала аднаўляцца, узводзіліся новыя прадпрыемствы, адкрываліся культурна-асветніцкія ўстановы.
У 1986 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС горад апынуўся ў зоне радыяцыйнага забруджвання, была праведзена дэзактывацыя, частка жыхароў пераселена ў чыстыя месцы.
У 2001 г. зацверджаны герб Веткі – у чырвоным полі іспанскага шчыта выява лацінскай літары “W” сярэбранага колеру. Афіцыйны сімвал створаны на аснове герба “Абданк” шляхецкага роду Халецкіх, на землях якіх заснаваны сучасны горад.
У Ветцы знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены памятныя знакі воінам-інтэрнацыяналістам, адселеным вёскам, якія спынілі існаванне ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Захаваліся помнікі архітэктуры і археалогіі: былы дом купца Грошыкава (1897; цяпер у ім размяшчаецца музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый), гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку.
У цяперашні час у горадзе працуюць гімназія, сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтр культуры і народнай творчасці, цэнтральная раённая бібліятэка, музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, гасцініца, бальніца. Дзейнічаюць ААТ “Веткаўскі аграсервіс”, УП “Веткаўскае”, лясгас і інш. Выходзіць раённая газета “Голас Веткаўшчыны”. Штогод у горадзе праходзіць раённае свята народнай творчасці “Траецкі карагод на Веткаўшчыне”.
Ветка з’яўляецца радзімай партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, журналіста, дыпламата У. І. Бровікава, ваеннага дзеяча, генерал-маёра артылерыі Д. І. Скарабагатава, дзяржаўнага дзеяча БССР Н. Л. Сняжковай, удзельніка Першай сусветнай вайны, поўнага Георгіеўскага кавалера К. А. Вышнікава, паэта, перакладчыка Д. М. Кавалёва, краязнаўца, калекцыянера Ф. Р. Шклярава, скульптара, заслужанага работніка культуры БССР А. Р. Курачкіна, жывапісца В. Р. Ландарскага і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
