Дата пачатку: 1102 Барысаўскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Мінскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Борисов (руская);
Барысаў – адзін са старажытных гарадоў Беларусі – размешчаны на маляўнічым беразе р. Бярэзіны. Знаходзіцца за 71 км на паўночны ўсход ад Мінска. З’яўляецца вузлом чыгуначных ліній на Мінск – Орша, аўтадарогамі злучаны з Бягомлем, Беразіно, Плешчаніцамі. На р. Бярэзіна – порт. У IX ст. на ўзвышаным левым беразе ракі славянскае племя дрыгавічоў заснавала паселішча, якое мела зручнае і выгаднае геаграфічнае становішча. Рака з’яўлялася адгалінаваннем вялікага воднага шляху «з варагаў у грэкі» – з Балтыйскага ў Чорнае мора. На гэтым месцы, мяркуецца, і ўзнік Барысаў у пачатку XII ст. Паводле звестак даследчыка В. М. Тацішчава, горад заснаваны ў 1102 г. полацкім князем Барысам Усяславічам і названы яго імем. Па іншых даных ён закладзены ў 1032 г. кіеўскім князем Яраславам Мудрым. Упершыню ўпамінаецца ў рукапісах пад 1125 г. Згадваецца таксама пад 1127 г. у Лаўрэнцьеўскім летапісе і пад 1128 г. – у Іпацьеўскім летапісе. Археалагічныя даследаванні сведчаць, што спачатку Барысаў знаходзіўся на месцы сучаснага пасёлка Стара-Барысаў, на левым беразе р. Бярэзіны. Складаўся з дзядзінца і вакольнага горада. У выніку пажару, які адбыўся ў XII ст., пасяленне загінула, а яго жыхары перасяліліся ў сутоку рэк Сха і Бярэзіна, на месцы сучаснага горада. На думку вучоных, Барысаў быў адносна невялікім па памерах: умацаваны дзядзінец, дзе жыў мясцовы феадал з дружынай, і гандлёва-рамесны пасад. Каля двух стагоддзяў з моманту заснавання з’яўляўся ўласнасцю полацкіх князёў. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, у сярэдзіне ХІІІ ст. Барысаў стаў развітым гандлёва-рамесным цэнтрам. Барысаўшчына была багатая на хвою, што сплаўлялася і ў аддаленыя краіны. Наяўнасць розных парод дрэў спрыяла развіццю саматужнага бандарнага промыслу, прычым вырабы адпраўляліся і ў іншыя месцы. Акрамя таго вывозіліся на рынкі, якіх было шмат на водным шляху, скуры і футра лясных звяроў, мёд, дзёгаць і іншыя тавары. З далёкіх паўночных і паўднёвых зямель прывозіліся рэчы з золата, бронзы і жалеза, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі ў час раскопак паселішча ў пасёлку Стара-Барысаў. У канцы ХІІІ ст. Барысаў разам з заходнімі княствамі ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
Прыкладна ў другой палове XIV – пачатку XV ст. горад перамясціўся на 4–5 км ніжэй па цячэнні Бярэзіны, дзе ў пойме ракі на востраве быў пабудаваны драўляны замак. Вакол яго хутка вырас новы горад. З 1413 г. ён стаў цэнтрам воласці. У канцы XIV ст. Барысаў і воласць належалі вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. У 1396 г. князь даў гораду грамату на вечавое права весці нагляд за гандлёвай дзейнасцю свабодных гараджан. Таксама выдаў прывілей, які ўстанаўліваў парадак прыёму і ўліку мядовай даніны. З яго імем звязана будаўніцтва так званых «вітовак» – дарог, рэшткі якіх у ваколіцах горада захоўваюцца і зараз. Рост дабрабыту гараджан прывёў да таго, што Барысаў у XV ст. стаў буйным культурна-рэлігійным цэнтрам. Стратэгічнае размяшчэнне горада, які знаходзіўся на перакрыжаванні сухапутнага і воднага шляхоў, прадвызначыла яго далейшы лёс. Барысаў неаднаразова падвяргаўся набегам, спусташаўся ў часы войнаў. Быў разбураны ў 1431 г. у выніку міжусобных войнаў паміж князямі Ягайлам, Свідрыгайлам і Жыгімонтам. У час войнаў Маскоўскага княства з ВКЛ Барысаў спалены і разрабаваны ў 1507, 1514, 1519 і 1534 гг.
У 1542 г. горад падараваны вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам II Аўгустам віленскаму ваяводзе Я. Глебавічу і ўключаны ў Віленскае ваяводства ВКЛ. У 1550 г. Жыгімонт II Аўгуст даў прывілей М. Я. Радзівілу, маршалку ВКЛ, на староства Барысаўскае. На працягу двух з паловай стагоддзяў на пасадзе барысаўскага старосты знаходзіліся, змяняючы адзін аднаго, прадстаўнікі самых знатных і ўплывовых магнацкіх родаў: Радзівілы, Гаштоўты, Глябовічы, Казаноўскія, Агінскія, Сапегі, Служкі, Хадкевічы. Кожны з іх пакінуў свой след у гісторыі горада. У 1563 г. Барысаў атрымаў магдэбургскае права. Горад стаў цэнтрам староства, уваходзіў у Аршанскі павет Віленскага ваяводства, належаў да разраду мястэчак. Права на самакіраванне на працягу двух стагоддзяў некалькі разоў (у 1577, 1595, 1640, 1792) пацвярджалася і пашыралася.
У час Лівонскай вайны (1558–1583) польскія войскі на чале з каралём Стафанам Баторыем і маскоўскія войскі неаднаразова рабавалі і палілі Барысаў. Аслабленае княства вымушана было шукаць абароны ў Польшчы, тым больш што з поўдня яму пагражалі татары і туркі. Так з 1569 г., пасля падпісання Люблінскай уніі, і да канца ХVIII ст. Барысаў знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. У горадзе, праз які ішла вядомая пасольская дарога, спыняліся на начлег дыпламаты і прадстаўнікі пасольстваў замежных дзяржаў, розныя службовыя людзі, падарожнікі, гандляры. Іх успаміны даюць уяўленне аб жыцці і абліччы горада ХVI–ХVII стст. У пачатку ХVII ст. у Барысаве існавала царкоўнае брацтва, дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы, а таксама мужчынскі манастыр, пры якіх меліся вялікія бібліятэчныя зборы. Цэнтрам асветніцтва стаў і касцёл, заснаваны ў 1642 г.
Да сярэдзіны ХVII ст. драўляныя ўмацаванні Барысаўскага замка ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. былі амаль усе знішчаны. У 1656–1663 гг. замак адрадзіўся. Ужо ў 1656 г. зрабілі тыны ў чатыры сцяны, а паміж імі паставілі плеценыя туры. Каля замка збудавалі астрог. Замак меў вароты і ўязную браму з усходу. У 1659 г. па ўсім вале ўзвялі пяць вежаў у дзве сцяны вышынёй 2,5 аршына з тоўстага хваёвага дрэва, у іх высеклі байніцы. Праз Бярэзіну пабудавалі вісячы мост. Уся сцяна вакол замка мела даўжыню 312 сажняў. Знадворку сцяны зрабілі абламы і новыя раскаты, нанава выкапалі шырокі і глыбокі роў, прапусцілі ваду з рэчкі. Па-за ровам паставілі ўмацаванні. У інвентарным апісанні 1680 г. у горадзе ўпаміналіся царква Святога Спаса, рынак са складамі і 4 заезныя дамы, 382 дамы, 9 вуліц (Сожская, Замкавая з завулкамі, Маставая, Полацкая, Палынская або Бярэзінская, Аніськавая, Млынарная, Аршанская з завулкамі, Забалотная). Жыхары з даўніх часоў займаліся паляваннем, земляробствам і рыбнай лоўляй, радзей – кавальскай і шавецкай справай, некаторыя зараблялі гандлёвымі перавозкамі, продажам спажывецкіх тавараў, рамесніцтвам. Барысаў быў вядомы сваімі кірмашамі, што праводзіліся два разы на год. Навагодні кірмаш працягваўся цэлы тыдзень, летні – адзін дзень. На базарную плошчу з’язджаліся з Мінска, Полацка, Віцебска, Оршы, навакольных мястэчак купцы з рознымі таварамі, а мясцовыя гандлявалі бандарнымі і ганчарнымі вырабамі. Летам прадавалі коней, буйную рагатую жывёлу. На зімовыя кірмашы прыязджалі таксама расійскія купцы, якія прывозілі сукно, футры, кафтаны, шаўковыя вырабы, кнігі, люстэркі, цукар, мыла, прадметы раскошы. Галоўнымі пакупнікамі былі дваране, памешчыкі, купцы. Асноўная частка жыхароў і прыгонныя сяляне жылі бедна.
У Паўночную вайну 1700–1721 гг. Барысаў неаднаразова займалі рускія і шведскія войскі. У 1792 г. кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў гораду новую грамату (прывілей), паводле якой ён прызнаваўся «вольным» і атрымліваў розныя льготы ў фінансах, судзе і павіннасцях. Адначасова з прывілеямі зацверджаны герб: на сярэбраным полі – вароты з дзвюма вежамі пад спічастымі стрэхамі, паміж якімі на воблаку выява Святога Пятра Апостала з двума ключамі ў правай руцэ. У складзе Расійскай імперыі горад апынуўся ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. і стаў цэнтрам Барысаўскага павета, павятовым горадам. У 1800 г. складзены праект планіроўкі, паводле якога ён быў падзелены на дробныя прамавугольныя кварталы. У цэнтры размяшчалася гандлёвая плошча з цэрквамі і крамамі. Значную ролю ў развіцці Барысава адыграла будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы. Яна звязала праз Бярэзіну рэкі Днепр і Заходнюю Дзвіну ў адзіную транспартную лінію. З яе адкрыццём у 1806 г. горад стаў рачным портам і цэнтрам судабудаўніцтва і набыў важнае значэнне ў гандлёва-эканамічных сувязях унутры дзяржавы і за яе межамі.
Напярэдадні вайны 1812 г. на правым беразе ракі пачалося будаўніцтва земляных умацаванняў з мэтай абароны Барысава ад магчымага нападзення. Да пачатку вайны яны не былі завершаны, але адыгралі важную ролю. Іх выкарыстоўвалі спачатку напалеонаўскія, а потым рускія войскі ў час баёў за Барысаў. Найбуйнейшай у еўрапейскай гісторыі трагедыяй стала пераправа цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка арміі на чале з імператарам Францыі Напалеонам I Банапартам, у час якой загінула больш за 50 тыс. чалавек. Менавіта з яе пачалося адступленне арміі Напалеона за межы Расійскай імперыі. Барысаў быў у ліку найбольш пацярпелых ад напалеонаўскага нашэсця. Шмат сродкаў і сіл спатрэбілася, каб аднавіць гаспадарку. Паводле зацверджанага ў пачатку XIX ст. плана забудовы горада, у цэнтры яго стваралася вялікая прамавугольная плошча, дзе знаходзілася каля 80 крам. Да яе сыходзіліся галоўныя вуліцы – Мінская, Маскоўская, Полацкая, Лепельская. Над невысокімі драўлянымі гарадскімі будынкамі падняўся белакаменны касцёл (1806–1823). У 1834 г. узведзена драўляная царква ў новым руска-візантыйскім стылі. Барысаўскі замак з цягам часу перастаў служыць для абарончых мэт. Часткова тут размяшчалася адміністрацыя радзівілаўскіх маёнткаў. У сярэдзіне XIX ст. замак быў драўляны, на высокім каменным фундаменце, выцягнуты ў даўжыню. Праз адну браму зроблены ўваход. Ад замка на вуліцу, дзе стаяў абнесены ровам з вадой харугвены дом, цягнуўся вузкі мост з адной парэнчай для пешаходаў. Некаторы час ён з’яўляўся месцам выбараў дваранскіх сходаў. З цягам часу замак прыйшоў у заняпад. У 1861 г. на яго месцы пабудавалі турму. Насупраць замка на правым беразе ракі была гандлёвая прыстань, запоўненая баркамі. На гэтым бойкім месцы разгружаліся тавары з караблёў, закупляліся тавары і прадукты. Паводле інвентарных кніг, у 1840-х гг. у горадзе былі дзве драўляныя царквы, мураваны касцёл, дзве сінагогі, тры службовыя дамы, два млыны, 604 прыватныя дамы. Барысаў меў 12 вуліц і 8 завулкаў, але толькі тры з іх забрукаваныя. У 1863 г. ужо налічвалася 5876 жыхароў, пяць гарбарных, піваварны і цагельны заводы, 83 лаўкі, бальніца, царкоўнапрыходская школа, прыстань, касцёл і дзве царквы, восем сінагог і малітоўных дамоў. Новы штуршок у развіцці эканомікі горад атрымаў пасля завяршэння ў 1871 г. будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Непадалёку ад Барысава на правым беразе ракі ўзніклі чыгуначная станцыя і гандлёва-прамысловы пасад, які атрымаў назву Нова-Барысаў. Выгаднае размяшчэнне станцыі паблізу сухапутнага і воднага шляхоў, даступнасць сыравіннай базы з’явіліся асноўнымі фактарамі стварэння і далейшага развіцця правабярэжнага пасада. Пачалося будаўніцтва фабрык і заводаў. Размяшчаліся яны ў асноўным у Нова-Барысаве. У горадзе дзейнічалі дзве запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», папяровая фабрыка «Папірус», крыштальная фабрыка «Барысаў», смалакурная і шкіпінарная, кафляна-ганчарная і ганчарна-пасудная вытворчасці, чыгуналіцейны і лесапільны заводы і інш. Барысаўская прадукцыя ў той час была таннай, карысталася добрым попытам у мясцовага насельніцтва, вывозілася ў іншыя губерні. Вырабы з крышталю, папера і запалкі выстаўляліся на міжнародных кірмашах і атрымлівалі высокія ўзнагароды. Добрая слава ішла пра барысаўскія параходы. Толькі тут у 1890-я гг. у Беларусі будаваліся паравыя судны. У 1899 г. у горадзе і наваколлі праведзена тэлефонная і тэлеграфная сувязь. З развіццём прамысловых прадпрыемстваў павялічвалася і колькасць насельніцтва. У 1900 г. Нова-Барысаў злучаны з Барысавам доўгім (больш за 1 км) драўляным мостам. У 1910 г. у горадзе было каля 19 тыс. жыхароў. Пераважная большасць іх жыла ў Нова-Барысаве, дзе і працавала. На арэндных землях узнікалі рабочыя пасёлкі. Змяніў свой выгляд і цэнтр горада. Вакол рыначнай плошчы замест драўляных крам пабудавалі цагляныя. На цэнтральных забрукаваных вуліцах узведзены цагляныя дамы, дзе размяшчаліся пошта, аптэка, цырульні, службовыя памяшканні. Для пешаходаў зроблены драўляныя насцілы, з’явіліся газавыя ліхтары. Праз Бярэзіну быў пабудаваны яшчэ адзін мост, надводная частка якога ўздымалася ў той час, калі па рацэ праходзілі параходы.
Пашырэнне гандлёвых зносін з іншымі гарадамі, рост прамысловых прадпрыемстваў выклікалі ў горадзе абуджэнне грамадскай свядомасці, цягу да адукацыі. У першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. працавалі два гарадскія чатырохкласныя вучылішчы, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, чатыры царкоўнапрыходскія, прыватная школы і інш. У горадзе дзейнічала некалькі камерцыйных друкарань, якія выдавалі даклады, каштарысы, пастановы, справаздачы павятовай земскай управы, інструкцыі для дзеянняў апекуноў, каталогі бібліятэк, спісы выбаршчыкаў у Дзяржаўную думу, мастацкія творы. Вольны час насельніцтва праводзіла ў клубах, дзе наладжваліся спектаклі, канцэрты, танцы. Для жыхароў былі даступны два кінатэатры. На 1917 г. у горадзе налічвалася каля 24 тыс. жыхароў. У 1918 г. Барысаў акупіраваны германскімі, у 1919–1920 гг. польскімі войскамі. З 1924 г. Барысаў – цэнтр Барысаўскага раёна, з 1938 г. – горад абласнога падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. Паступова Барысаў становіцца буйным адміністрацыйным, прамысловым і культурным цэнтрам. У 1939 г. у горадзе было каля 49 тыс. жыхароў, каля 40 прамысловых прадпрыемстваў.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс Барысава ўпісала Вялікая Айчынная вайна. У чэрвені 1941 г. на падыходах да Барысава вяліся цяжкія абарончыя баі. Мужнасць і гераізм праявілі курсанты і афіцэры Барысаўскага танкава-тэхнічнага вучылішча, байцы і камандзіры 1-й Маскоўскай Пралетарскай мотастралковай дывізіі і інш. 2 ліпеня 1941 г. горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. На яго тэрыторыі акупанты стварылі 6 лагераў смерці, у якіх загінула больш за 33 тыс. савецкіх грамадзян. У горадзе дзейнічала Барысаўскае партыйна-патрыятычнае падполле, барацьбу з ворагам у раёне вялі партызанскія брыгады. Барысаў вызвалены 1 ліпеня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту. За баі на Барысаўшчыне 24 воінам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яшчэ 45 чалавек удастоены гэтага звання за мужнасць, праяўленую пры фарсіраванні Бярэзіны. Тысячы чалавек былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Шасці ўраджэнцам Барысава і чатыром раёна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Подзвіг герояў увекавечаны ў помніках і на мемарыяльных дошках, у назвах гарадскіх вуліц.
Наступствы вайны былі цяжкімі для горада і раёна. За 3 гады акупацыі знішчаны 47 862 жыхары горада і раёна, вывезены на прымусовыя работы ў Германію 7,5 тыс. чалавек, разбураны прамысловыя прадпрыемствы, школы, палавіна жыллёвага фонду, выведзена са строю тэлеграфна-тэлефонная сувязь. Шмат сіл і намаганняў прыклалі барысаўчане, каб адрадзіць свой горад. У 1946 г. зацверджаны першы пасляваенны план развіцця гаспадаркі. Ужо праз два гады былі адноўлены і працавалі ўсе прадпрыемствы. Вялікая ўвага надавалася жыллёваму будаўніцтву, ахове здароўя, асвеце і культуры. Павялічвалася і колькасць насельніцтва. У 1959 г. налічвалася 59 280 жыхароў, у 1970 г. – 84 тыс. У 1960–1970-я гг. Барысаў істотна змяніўся. Ён стаў буйным індустрыяльным цэнтрам за кошт пабудовы новых заводаў машынабудаўнічай і хімічнай галіны. У гэты перыяд сталі дзейнічаць такія прадпрыемствы, як завод аўтатрактарнага электраабсталявання, аўтарамонтны завод, завод пластмасавых вырабаў, хіміка-фармацэўтычны завод, мясакамбінат, завод палімернай тары, завод «Аўтагідраўзмацняльнік». У 1970-я гг. атрымала сваё далейшае развіццё ўнікальнае прадпрыемства – камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Менавіта тут адрадзілі старажытнае габеленавае майстэрства. Вырабы прадстаўлены ў лепшых залах розных устаноў Мінска, Масквы, Кіева, Варонежа і іншых гарадоў. Габелен «Чарнобыль» памерам 40 кв. м (мастак А. Кішчанка) стаў візітнай карткай Рэспублікі Беларусь у ААН. Інтэнсіўнымі тэмпамі аднаўлялася сельская гаспадарка, культурна-асветныя і медыцынскія ўстановы. У 1978 г. у горадзе быў праведзены прыродны газ. За мужнасць і стойкасць, праяўленыя жыхарамі горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, за поспехі ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве 7 мая 1985 г. Барысаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
У 1990-я гг. горад развіваўся паводле генеральнага плана, складзенага ў 1981 г. Рака падзяліла яго тэрыторыю на дзве часткі: Нова-Барысаў (кампазіцыйнае ядро горада) і Стара-Барысаў звязаны паміж сабой мастамі. Галоўная вось (у межах Барысава аўтамабільная дарога Мінск – Смаленск) забудавана шматпавярховымі жылымі дамамі. Аднак значную частку жылой забудовы складаюць драўляныя дамы сядзібнага тыпу. Створана некалькі мікрараёнаў. У паўночнай частцы Стара-Барысава сфарміраваўся прамысловы вузел. У 1989 г. налічвалася 150 тыс. жыхароў. Барысаў мае свае афіцыйныя сімвалы: герб (зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 23 мая 2000 г. № 41) і флаг. Герб уяўляе сабой барочны шчыт, дзе ў сярэбраным полі на зялёнай зямлі размешчана сярэбраная брама, паміж дзвюма вежамі якой на сярэбраным воблаку выява Святога Пятра з двума ключамі ў руцэ. Флаг створаны на аснове гербавай выявы. У 2006 г. згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Барысаўскі раён і г. Барысаў аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку – Барысаўскі раён з цэнтрам г. Барысаў. Гэта дало магчымасць не толькі палепшыць сацыяльна-эканамічнае развіццё, але і ўмацаваць духоўна-культурныя традыцыі.
Сучасны Барысаў – горад з добра развітай машынабудаўнічай (ААТ «Барысаўскі аўтарамонтны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Барысаўскі завод агрэгатаў», ААТ «Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік”», ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання» – кіруючая кампанія холдынга «Аўтакампаненты»), металаапрацоўчай (ААТ «Завод зборнага жалезабетону», ААТ «Барысаўскі завод «Металіст»), хімічнай (ААТ «Гуматэхніка», ВУП «ФрэБар», ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў», ААТ «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў», ААТ «Барысаўскі шпалапрапітачны завод»), дрэваапрацоўчай (ААТ «Барысаўдрэў», ААТ «Барысаўскі ДАК», ВУП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака Дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, ААТ «Лесахімік»), лёгкай (філіял ААТ «Фармэль»), харчовай (ААТ «Барысаўхлебпрам», ТАА «Фаўна», ААТ «Здравушка-мілк», УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Мінскаблхлебапрадукт», ААТ «Барысаўскі кансервавы завод», ААТ «Барысаўскі мясакамбінат № 1») прамысловасцю. Тут дзейнічаюць філіял БНТУ «Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж», УА «Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж», УА «Барысаўскі дзяржаўны каледж», УА «Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй», сярэднія школы, школы мастацтваў, музычныя школы, бібліятэкі, кінатэатры, дамы культуры, цэнтры творчасці, бальніцы, ваенны шпіталь, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторыі-прафілакторыі і інш. Значную ролю ў адраджэнні традыцыйных нацыянальных культур адыгрываюць установы культуры і мастацтва – ДУ «Барысаўскі аб’яднаны музей», ДКАУ «Цэнтр традыцыйнай культуры», ДУ «Палац культуры імя М. Горкага», ДУ «Барысаўскі парк культуры і адпачынку імя М. Горкага» і інш. Жыццё горада асвятляецца на старонках перыядычных выданняў «Борисовские новости» і «Адзінства». Сучасны горад нельга ўявіць без штогадовага святкавання Дня горада, фестываляў і іншых святочных мерапрыемстваў. Кожнае з гэтых свят своеасаблівае і непаўторнае. У горадзе захаваліся помнікі архітэктуры розных часоў і з’яўляюцца новыя адметнасці. Ёсць брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, закатаваных у канцлагеры ў 1941–1944-я гг., магілы ахвяр фашызму. У горадзе ўстаноўлены помнікі полацкаму князю Барысу Усяславічу, «Батарэі» вайны 1812 г., савецкім танкістам, воінам-інтэрнацыяналістам. Захаваліся архітэктурныя помнікі: касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1806–1823), Васкрасенскі сабор (1874), будынак чыгуначнага вакзала (пачатак ХХ ст.), гандлёвыя рады (1908), сінагога «Хеўрэ Тылім» (1911). Дзейнічае царква ў гонар Ражджаства Хрыстовага (пачатак XXI ст.).
Барысаў падтрымлівае даўнія дзелавыя, сяброўскія і культурныя сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Польшчы, Германіі, Балгарыі, Кітая, Славакіі і інш. Сталі гарадамі-пабрацімамі Мыцішчы, Нагінск, Падольск, Малаяраславец, Белая Царква, Пазарджык, Нарва. Бабруйск мае слаўную гісторыю. З правінцыяльнага мястэчка пераўтварыўся ў вялікі і прыгожы горад. Цяпер у старажытнага Барысава прыгожае аблічча і цікавая будучыня.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.