Дата пачатку: 1267
Кароткая даведка: цэнтр раёна і вобласці
Назвы на іншых мовах: Могилёв (руская);
На беразе Дняпра, на высокім плато, раскінуўся адзін са старажытных гарадоў Беларусі – Магілёў. У розныя гістарычныя перыяды ён станавіўся цэнтрам культурнага і палітычнага жыцця дзяржавы: у Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) мала чым уступаў Вільні, у Рэчы Паспалітай сапернічаў з самой Варшавай і доўгі час быў адзіным на ўсёй тэрыторыі Беларусі цэнтрам праваслаўя, у Расійскай Імперыі служыў месцам сустрэч імператараў, у гады Першай сусветнай вайны з’яўляўся апошнім месцам дыслакацыі Стаўкі апошняга расійскага імператара, у час Кастрычніцкай рэвалюцыі ўваходзіў у вырашальны ваенны трохкутнік “Петраград – Масква – Магілёў”, у 1939 г. ледзь не стаў афіцыйнай сталіцай БССР.
На працягу стагоддзяў Магілёў быў месцам сутыкнення чалавечых інтарэсаў і канфліктаў – рэлігійных, міждзяржаўных, нацыянальных. Ён зведаў багацце і веліч, войны і разбурэнні, уздым і заняпад, але, нягледзячы ні на што, захаваў своеасаблівасць, якая вартая памяці і ўшанавання.
У сувязі з атрыманнем горадам ганаровага статусу культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2013 г. на працягу года будуць праведзены многія творчыя праекты: канцэрты, святы мастацтваў, выстаўкі, конкурсы. Магілёў наведаюць прафесійныя танцавальныя, музычныя, харэаграфічныя калектывы.
Гісторыя і сучаснасць горада
Магілёў мае багатую і слаўную гісторыю. Аб узнікненні назвы і даце яго заснавання існуе шмат розных легенд і паданняў, якія ў наш час змешчаны ў шматлікіх выданнях аб старажытным і вечна маладым горадзе на Дняпры. Ён адносіцца да ліку гарадоў, што будаваліся і развіваліся вакол умацаванага замка. Паводле адной з легенд заснаванне Магілёва звязана з іменем князя Льва Данілавіча Могія (Могій Леў – Магутны Леў), які быццам бы ў 1267 г. пабудаваў замак у сутоках рэк Дубровенка і Дняпро. Народнае паданне звязвае назву горада з іменем асілка Машэкі, над магілай якога быў насыпаны вялікі курган, названы “Магіла Льва”. Археалагічныя даследаванні сведчаць, што тэрыторыя Магілёва была заселена яшчэ ў раннім жалезным веку (V ст.). У пісьмовых крыніцах ён упершыню згадваецца ў “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх” (канец XIV ст.) сярод кіеўскіх гарадоў.
Пачынаючы з XIV ст. Магілёў уваходзіў у склад ВКЛ. У канцы таго ж стагоддзя горад належаў Ядвізе – жонцы польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы, у 1431 г. – вялікаму князю ВКЛ Свідрыгайлу. У 1501 г. (паводле іншых звестак у 1503 г.) Магілёў быў падараваны ў пажыццёвае валоданне Алене Іванаўне – жонцы польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра. Пазней горадам кіравалі намеснікі (старосты) Ю. Зяновіч, Я. Шчыт, князь В. І. Саламярэцкі і інш. У 1561 г. Магілёву было дадзена права на войтаўства – гарадское самакіраванне. Дзякуючы каролю Рэчы Паспалітай і вялікаму князю літоўскаму Стафану Баторыю ў 1577 г. горад атрымаў магдэбургскае права і герб (на блакітным полі – мураваная вежа з надпісам “Печать места Могилевского”). Быў створаны выбарны орган гарадскога самакіравання – магістрат. Пабудавана гарадская ратуша. У ВКЛ Магілёў паводле свайго гаспадарчага значэння займаў адно з першых месцаў пасля Вільні. Горад меў спрыяльнае геаграфічнае становішча. Тут перакрыжоўваліся найважнейшыя гандлёвыя шляхі. Мясцовыя купцы, карыстаючыся гэтым, наладжвалі сувязі не толькі з гарадамі Беларусі, але і з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай, Чэхіяй.
Горад часта станавіўся арэнай баявых дзеянняў у час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558–1583 гг.). У 1595 г. быў узяты казацка-сялянскім войскам С. Налівайкі. У 1606–1610 гг. адбыліся выступленні рамеснікаў і гарадской беднаты супраць магістрата з-за злоўжыванняў уладай, непасільных падаткаў і грашовых пабораў. У канцы XVI – XVIII ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі Магілёў з’яўляўся буйнейшым цэнтрам беларускага праваслаўя. У рэлігійным жыцці значнае месца займалі брацтвы. У 1589 г. у Магілёве ўзнікла брацтва кушняроў – адно з першых у Беларусі. Пазней былі вядомы брацтвы пры Спаскай, Праабражэнскай і Богаяўленскай цэрквах. Яны выступалі супраць нацыянальнага прыгнёту і акаталічвання, абаранялі мову і культуру беларускага народа, садзейнічалі асветніцтву. У 1616 г. пачала дзейнічаць Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала царкоўныя, палемічныя і павучальныя кнігі на беларускай, польскай і стараславянскай мовах. У 1632 г. заснавана Магілёўская праваслаўная епархія – адзіная ў той час праваслаўная епархія ў Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. горад быў здадзены рускім войскам. У ходзе абароны Магілёва ў 1655 г. горад вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваенных дзеянняў настроі магіляўчан змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661 г., у выніку якога маскоўскі гарнізон амаль цалкам быў знішчаны. У гэтым жа годзе кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Ян II Казімір пацвердзіў гораду яго прывілеі і даў новы герб (у блакітным полі – тры гарадскія вежы, у сярэдзіне – у адчыненай браме – рыцар з узнятым мячом, наверсе – коннік). Апаліла тэрыторыю Магілёўшчыны і Паўночная вайна 1700–1721 гг. Усходнія землі Беларусі сталі асноўным тэатрам ваенных дзеянняў. Праз Магілёў праходзілі руская і шведская арміі. У гэты час горад наведаў Пётр I. У 1708 г. у Магілёве і яго наваколлях знаходзіліся рускія войскі. Жыхары горада павінны былі забяспечыць іх харчаваннем, зброяй і падводамі, прымаць удзел у будаўніцтве мастоў праз Дняпро. У ліпені таго ж года Магілёў занялі шведскія войскі. Яны грабілі цэрквы і манастыры, вывозілі срэбра. Шведы былі на тэрыторыі горада не так доўга – шэсць тыдняў, – але за гэты перыяд адабралі ў мясцовага насельніцтва ўсе запасы харчавання, знішчылі болей за 1700 жылых дамоў. Пераломным момантам вайны стала цяжкая і кровапралітная бітва каля в. Лясной.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Магілёў увайшоў у склад Расійскай Імперыі. Быў вызначаны цэнтрам Магілёўскай губерні, у 1772–1775 гг. – Магілёўскай правінцыі, у 1778–1796 гг. – Магілёўскага намесніцтва. У 1781 г. горад атрымаў новы герб (выява конніка на чырвоным полі, у верхняй частцы – двухгаловы арол). Ён стаў рачным портам у сувязі з адкрыццём у 1805 г. Бярэзінскага канала. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. паскорылася развіццё Магілёва, ажывіліся прамысловасць і гандаль. Праз яго прайшла Пецярбургска-Адэская чыгунка, была пабудавана электрастанцыя.
У гады Першай сусветнай вайны Магілёўская губерня была на ваенным становішчы. У Магілёве ў гэты час размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй цара Мікалая II. Тут, у штабе Стаўкі, апошні расійскі цар сустракаўся з прадстаўнікамі Антанты ў 1915 г. У 1919 г. Магілёў стаў павятовым цэнтрам Гомельскай губерні РСФСР. З сакавіка 1924 г. горад увайшоў у склад БССР, з ліпеня 1924 г. ён цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 1938 г. – цэнтр Магілёўскай вобласці. Ёсць у гісторыі Магілёва даволі цікавы факт. 19 красавіка 1939 г. была прынята пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы Беларускай ССР”. Аднак пачатак Другой сусветнай вайны, далучэнне Заходняй Беларусі да БССР перакрэслілі гэтыя планы.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс горада ўпісала Вялікая Айчынная вайна. У яе пачатку было створана народнае апалчэнне, якое разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічала ў абароне горада. Асабліва кровапралітныя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі. З 26 ліпеня 1941 г. горад акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. Захопнікі масава знішчалі насельніцтва і ваеннапалонных. За час акупацыі ў Магілёве было загублена 70 тыс. чалавек. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле. Магілёў вызвалены 28 чэрвеня 1944 г. войскамі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 г.
Пасля вайны старажытны горад ляжаў у руінах. Нягледзячы на шматлікія разбурэнні і чалавечыя ахвяры, былі хутка адноўлены прадпрыемствы, жылы фонд, аб’екты культуры і інш. За мужнасць і гераізм, праяўленыя жыхарамі горада ў час Вялікай Айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве, Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
У пачатку трэцяга тысячагоддзя Магілёў – горад абласнога падпарадкавання, адміністрацыйны, эканамічны і буйны індустрыяльны цэнтр Беларусі і вобласці. Ён мае свае афіцыйныя сімвалы: герб і флаг, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2005 г. № 1. Герб па сваім сюжэце, кампаноўцы элементаў і каляровым рашэнні з’яўляецца дакладнай копіяй гістарычнага герба Магілёва ўзору ХVII ст. і адпавядае ўсім законам геральдыкі. Ён уяўляе сабой барочны шчыт, у аснове якога намаляваны тры срэбраныя вежы; у сярэдняй, адчыненай браме знаходзіцца срэбраны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом; уверсе, над брамай, на круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы – малюнак срэбранага ўзброенага конніка з мячом і шчытом. Флаг Магілёва белае прамавугольнае палотнішча з выявай гербавай эмблемы горада ў цэнтры.
Магілёў мае транспартныя шляхі і камунікацыі з усімі беларускімі гарадамі, аўтадарогі злучаюць яго з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Кіевам, Адэсай. Працуюць абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты і адпаведныя саветы дэпутатаў, іншыя дзяржаўныя ўстановы горада і вобласці. Дзейнічаюць шэраг грамадскіх партый і аб’яднанняў, у тым ліку і грамадскія аб’яднанні нацыянальных супольнасцей Беларусі. Таварыствы праводзяць грамадскую і культурна-асветніцкую працу. Горад мае моцны вытворча-тэхнічны патэнцыял. Працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай (Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. М. Кірава ў складзе ВА “БелаўтаМАЗ”, Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, ААТ «Магілёўскі завод “Строммашына”», ААТ “Магілёўтрансмаш” і інш.), металаапрацоўчай (ААТ “Чырвоны металіст”, ААТ “Магілёўскі металургічны завод” і інш.), хімічнай (ВА “Хімвалакно”), будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, лёгкай (ААТ “Магатэкс”, ЗАТ МШФ “Вяснянка”, ААТ “Світанак” і інш.), харчовай прамысловасці.
Жыццё горада асвятляецца на старонках газет “Могилевская правда”, “Магілёўскія ведамасці”, “Зямля і людзі”, “Вечерний Могилев”, “Могилевские епархиальные ведомости” і інш. Працуе літаратурнае аб’яднанне “Прыдняпроўе”. Ёсць стадыёны, спартыўныя залы, басейны, розныя спартыўныя пляцоўкі, тэнісныя корты, спартыўныя школы і інш. У 2006 г. завершана будаўніцтва спартыўнага комплексу “Алімпіец”. Спартсмены Магілёва паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах па розных відах спорту.
У кожным куточку горада захаваліся помнікі архітэктуры розных часоў і з’яўляюцца новыя асаблівасці. Ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў, апалчэнцаў, падпольшчыкаў-чырвонаармейцаў, узведзены мемарыяльныя комплексы “Змагарам за савецкую ўладу на Магілёўшчыне”, “Буйніцкае поле”, на месцы Лупалаўскага лагера смерці. Пастаўлены помнікі А. Пушкіну, Герою Савецкага Саюза І. С. Лазарэнку, двойчы Герою Савецкага Саюза І. І. Гусакоўскаму, мастакам В. Бялыніцкаму-Бірулі, П. Масленікаву і інш. Магілёў – радзіма педагогаў і пісьменнікаў І. і Ф. Іяўлевічаў, друкара С. Собаля, фалькларыста і этнографа П. Шэйна, даследчыка Арктыкі О. Ю. Шміта, кінарэжысёра В. Турава і інш.
Архітэктурнае аблічча Магілёва*
У архітэктурнай спадчыне Магілёва скрыжоўваюцца старажытнарускія і заходнееўрапейскія традыцыі. Разам з тым у архітэктуры горада найбольш поўна праявіліся нацыянальныя асаблівасці. У XVII–XVIII стст. сфарміравалася магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу вылучаліся Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі фарны касцёл і калегіум езуітаў, Мікольская, Успенская і Пакроўская цэрквы. Адным з уцалелых помнікаў архітэктуры “магілёўскага барока” з’яўляецца Мікольская царква. Мураваны будынак узведзены на месцы драўлянага ў 1669–1672 гг. Царква ўяўляе сабой трохапсідную крыжова-купальную базіліку, з васьмігранным светлавым барабанам і вялікім цыбулепадобным купалам над міжкрыжжам. Арыгінальным элементам з’яўляецца наяўнасць у дэкоры сцен розных узораў расліннага характару, сугучных разьбе іканастаса. Драўляны чатырох’ярусны іканастас – выдатны твор беларускіх майстроў (па тонкасці выканання і складанасці форм), створаны ў перыяд да 1672 г. Ён увенчаны скульптурным распяццем у абрамленні багатай разьбы. Інтэр’ер царквы ўпрыгожаны фрэскамі XVII–XIX стст. Мікольская царква – характэрны прыклад дойлідства, у якім праявіліся канструктыўна-планіровачныя архітэктурна-дэкаратыўныя рэгіянальныя асаблівасці як у вонкавым абліччы храма, так і інтэр’еры. Побач з ёй пабудавана ў 1798 г. Ануфрыеўская, якая з’яўляецца цёплай (зімняй) царквой. Таксама захаваліся касцёл Св. Станіслава, з каштоўнымі фрэскамі ў інтэр’еры; былы архірэйскі палац, з параднымі варотамі, ажурнай металічнай агароджай, які ўзведзены па праекце віленскага архітэктара Я. Глаўбіца, у 1785–1795 гг. быў рэзідэнцыяй архіепіскапа Г. Каніскага і дапаўняе спіс каштоўных рэлігійных забудоў. У XVIII – пачатку XIX ст. абарончыя ўмацаванні, што страцілі сваё значэнне і перашкаджалі далейшаму развіццю горада, былі разбураны. На месцы старажытных валоў узнікалі новыя плошчы, скверы, бульвары. Праводзіліся работы па добраўпарадкаванні галоўных вуліц. Былі пракладзены і новыя дарогі. Архітэктура горада гэтага перыяду развівалася пад творчым уздзеяннем рускіх архітэктараў. Па праектах вядомых рускіх дойлідаў М. А. Львова і В. П. Стасава быў створаны выдатны ансамбль Саборнай плошчы. Архітэктурнае аблічча цэнтральнай часткі горада вызначалі культавыя, жылыя і адміністрацыйныя будынкі Магілёўскага Спаскага манастыра, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, Магілёўскай мужчынскай гімназіі і інш. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных былі збудаваны мураваныя брамы. У XVIII–XIX стст. Магілёў быў знакаміты сядзібай “Піпенберг”, адным з лепшых прыкладаў садова-паркавага мастацтва таго часу, што знаходзілася на ўскраіне горада. Ансамбль сядзібы размяшчаўся на дзвюх тэрасах правага берага Дняпра. На верхняй тэрасе стаяў дом у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй былі пасадкі, творы архітэктурных малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Сядзіба не збераглася, уцалелі рэшткі падмуркаў, часткова захаваўся парк. На планіровачную структуру Магілёва канца XIX – пачатку XX ст. значны ўплыў зрабіла будаўніцтва чыгункі. Была ўтворана Прывакзальная плошча з кампазіцыйным цэнтрам – будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала, што з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму. Велічны будынак гарадскога тэатра, з чырвонай цэглы, у якім цяпер – Магілёўскі абласны драматычны тэатр, пабудаваны ў псеўдарускім стылі па праекце архітэктара П. Камбурава на сродкі гараджан. У інтэр’еры залы каштоўнымі з’яўляюцца 500 месцаў для гледачоў, упрыгожаныя народнай разьбой па дрэве. Пазней сфарміравалася Тэатральная плошча. У гэты перыяд узведзены будынкі Магілёўскага банка, Магілёўскага губернскага праўлення, Магілёўскага настаўніцкага інстытута, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча, Магілёўскай жаночай гімназіі і інш.
У 1936–1939 гг. распрацаваны першы генеральны план рэканструкцыі Магілёва. Створаны новы адміністрацыйна-грамадскі цэнтр – плошча імя Леніна, будаўніцтва якой у асноўным было завершана ў 1938–1940 гг. У Вялікую Айчынную вайну горад панёс велізарныя страты: разбураны буйнейшыя прамысловыя, жылыя, грамадскія збудаванні, а таксама лепшыя помнікі архітэктуры XVII–XVIII стст. Пасля вызвалення Магілёва пачаўся працэс яго аднаўлення і далейшай рэканструкцыі. Адраджэнне горада вялося згодна з генеральным планам, распрацаваным у Белдзяржпраекце ў 1947–1950 гг. Магілёў фарміраваўся як прамысловы цэнтр. Размяшчэнню прадпрыемстваў надавалася вялікае значэнне. Прамысловы патэнцыял горада патрабаваў распрацоўкі новага генеральнага плана, які быў складзены ў 1967–1970 гг. Сярод грамадскіх пабудоў вылучаліся будынкі кінатэатраў, гасцініц і інш. Шэраг станоўчых асаблівасцей мае генеральны план, зацверджаны ў 2003 г. Магілёў ператварыўся ў горад рацыянальнай комплекснай арганізацыі вытворчых і жылых раёнаў, сеткі культурна-бытавых устаноў, транспарту, створаны найлепшыя ўмовы для працы, побыту і адпачынку жыхароў і гасцей. Архітэктары строга ўлічвалі забудову, што існавала, каб новыя будынкі арганічна ўваходзілі ў яе, ствараючы адзіны ансамбль. Генеральным планам прадугледжвалася фарміраванне адзінай сістэмы ландшафтна-рэкрэацыйнай тэрыторыі на падставе адкрытых прастораў і зялёных насаджэнняў. Прайшоўшы нялёгкі шлях у сваім развіцці, Магілёў паступова паляпшаў, удасканальваў свае архітэктурна-мастацкія якасці. Сучасны горад з яго будынкамі, пабудовамі, планіровачнай структурай, ландшафтамі і культурным слоем з’яўляецца ўнікальнай гістарычнай тэрыторыяй.
Асвета і адукацыя ў Магілёве
Магілёў здаўна быў цэнтрам асветы. Значную ролю ў пашырэнні адукацыі ў Беларусі адыграла Магілёўская брацкая друкарня, у якой С. Собаль выдаў “Буквар” (1636), “Псалтыр” (1637), “Тастамент” (1638). Яркай старонкай у развіцці асветніцтва і педагагічнай адукацыі на Магілёўшчыне з’яўляецца дзейнасць архіепіскапа Г. Каніскага. Ад створанай архіепіскапам духоўнай семінарыі працягнуўся гістарычны ланцужок да педагагічных курсаў пры дырэкцыі народнага вучылішча, гімназіі, рэальнага вучылішча, жаночага пансіёна. Іх дзейнасць, а таксама і рост адукацыйных запатрабаванняў грамадства склалі рэальныя перадумовы для арганізацыі ў Магілёве ў пачатку XX ст. прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Кожная з навучальных устаноў горада прайшла ўласны шлях развіцця, але іх аб’ядноўвае непарыўная сувязь з лепшымі традыцыямі сусветнай навукі. Сучасны Магілёў мае развітую сетку ўстаноў навукі і адукацыі: інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, навукова-даследчыя і праектныя арганізацыі, вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, ліцэі, гімназіі, агульнаадукацыйныя школы, дашкольныя дзіцячыя ўстановы і інш.
Культурная палітра горада
Прытрымліваючыся сваіх слаўных традыцый, Магілёў заўсёды быў і застаецца высокаразвітым цэнтрам не толькі асветы, адукацыі, але і культуры, духоўнасці. У горадзе дзейнічаюць тэатры (драматычны і лялечны), абласныя музеі (краязнаўчы і мастацкі), кінатэатры, гарадскія бібліятэкі, школы мастацтваў, палацы, дамы культуры і клубы. Штогод Магілёў становіцца цэнтрам буйных міжнародных акцый: у ім праходзяць Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер”, Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, Міжнародны пленэр па жывапісе імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, Міжнародны пленэр па скульптуры ў камені “Каменная казка”. Традыцыйна праводзяцца Дзень горада, калядныя, велікодныя і асеннія кірмашы, народныя святы, гарадскія конкурсы і фестывалі самадзейнай творчасці і інш. Кожнае з гэтых мерапрыемстваў пакідае свой прыметны след у памяці магіляўчан і гасцей горада. Асноўным у фестывальным жыцці Магілёва і вобласці з’яўляецца Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер”, які быў упершыню арганізаваны ў 1995 г. Кожны год у лістападзе ён збірае лепшых эстрадных выканаўцаў з розных краін. Не менш гучную славу гораду прыносіць Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, што праводзіцца з 1993 г. Яго мэтай з’ўляецца адраджэнне духоўнай музыкі, узаемаўзбагачэнне культур народаў, яднанне хрысціян розных канфесій. Выступленні ўдзельнікаў фестывалю праходзяць на канцэртных пляцоўках горада і ў саборы Св. Станіслава. З 1989 г. дзейнічае створаны па ініцыятыве аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама камерны хор, вядомы з 1998 г. як Магілёўская гарадская капэла. Вясёлым святам для дзяцей і дарослых становіцца Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”. Кожны год у верасні ў горад з’язджаюцца мультыплікатары з многіх краін і кіназалы Магілёва запаўняюцца юнымі гледачамі.
Магілёў турыстычны
Кожны горад мае сваю гісторыю і адметнае аблічча. Здаўна прывабліваў падарожнікаў старажытны горад на Дняпры – Магілёў. І сёння дакрануцца да яго велічнай гісторыі імкнуцца многія. Для знаёмства з Магілёвам распрацаваны турыстычныя маршруты “Памятныя месцы горада Магілёва”, “Магілёў – апошняя рэзідэнцыя расійскага імператара Мікалая II”, “Храмы Магілёва”, “Салдатамі былі ўсе”, “Беларуская этнаграфічная вёска XIX ст.”, “Запаветныя сцежкі”, а таксама горад уключаны і ў такія маршруты, як “Горад на Бярэзіне”, “Па старажытнай зямлі Магілёўскай”, “Малая радзіма”, “Зямля крывічоў”, “Зямля, дзе я жыву” і інш. Каб можна было, не спяшаючыся, прайсці і палюбавацца помнікамі гісторыі і культуры, што захаваліся ў горадзе, некалькі вуліц зрабілі пешаходнымі. Адной з адметнасцей Магілёва з’яўляецца Плошча Зорак, дзе на каменных плітах увекавечаны імёны ганаровых грамадзян горада. Побач – скульптурная кампазіцыя: астролаг з падзорнай трубой, які паказвае на неба – сімвал вечнасці. Вакол яго – 12 крэслаў, дзе можна пасядзець, загадаўшы жаданне. Уся кампазіцыя разам у ясны дзень дзейнічае як сонечны гадзіннік. Падняўшыся на назіральную пляцоўку гарадской ратушы, можна ўбачыць старажытны і ў той жа час сучасны горад, які не адно стагоддзе пакарае людзей сваёй прыгажосцю.
* Назвы архітэктурных помнікаў прыведзены па кнізе: Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / М-ва культуры Рэсп. Беларусь ; [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. Мінск, 2009. С. 442–451.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.