Дата пачатку: пад 1067
Кароткая даведка: сталіца Рэспублікі Беларусь, цэнтр вобласці і раёна
Назвы на іншых мовах: Minsk (не вызначана); Минск (руская);
Папярэднія назвы: Менеск; Менск; Меньск
Першае знаёмства з Мінскам
Мінск – галоўны палітычны, грамадскі, эканамічны цэнтр суверэннай дзяржавы. Мінск – горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці. Гэта вельмі старажытны і разам з тым малады горад, сівізна стагоддзяў у якім цесна пераплялася з сучасным напружаным жыццём. Знаходзячыся ў самым цэнтры Еўропы на перакрыжаванні важнейшых шляхоў, Мінск сёння – афіцыйнае месца знаходжання міждзяржаўных органаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульстваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь. У Мінску размяшчаецца афіцыйная дзяржаўная рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў (Урад), Нацыянальны сход, Нацыянальны банк і іншыя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2000 г., № 410-З “О статусе столицы Республики Беларусь – города Минска” горад мае свае афіцыйныя сімвалы: герб, сцяг і гімн. Герб горада ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога знаходзіцца выява Божай Маці на сярэбраным воблаку, вакол яе размешчаны два анёлы і два херувімы. Сцяг Мінска – палотнішча блакітнага колеру з выявай гербавай эмблемы горада. Гімнам сталіцы ў 2001 г. рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў зацверджана “Песня пра Мінск” (словы І. Панкевіча, музыка У. Алоўнікава). Ёсць у горада свой Устаў, прыняты ў 2001 г., свой мэр (з 2000 г. – М. Паўлаў), органы самакіравання. Як агульнагарадское свята штогод у другую суботу верасня адзначаецца Дзень горада Мінска. Тэрыторыя горада падзелена на 9 раёнаў: Завадскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. У горадзе пражывае (на пачатак 2007 г.) 1797,5 млн чалавек. Налічваецца звыш 600 вуліц і праспектаў. Сучасны Мінск – горад здароўя і высокіх сацыяльных стандартаў, горад ведаў і навукаёмкіх тэхналогій, цэнтр міжнародных камунікацый, горад прывабны для прадпрымальніцтва і інвестыцый, горад, які развівае дэмакратыю з шырокім удзелам грамадзян. У 2003 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны новы “Генеральный план города Минска с прилегающими территориями в пределах перспективной городской черты”, разлічаны да 2030 г.
Гісторыя горада
Мінск – горад з багацейшым гістарычным мінулым. Ён маладзейшы за Кіеў, але старэйшы за Маскву, Берлін, Стакгольм, Варшаву, Вільнюс, Львоў і іншыя старажытныя гарады Еўропы.
Першае ўпамінанне аб Мінску, зробленае ў старажытным летапісе “Повесть временных лет”, адносіцца да 1067 г. Узнікненне горада ў другой палове XI ст. пацвярджаюць і археалагічныя даследаванні. Паданні і легенды па-рознаму тлумачаць яго назву, якая ў розны час гучала як Менеск, Меньск, Менск, Мінск. Лічыцца, што першапачаткова Мінск знаходзіўся за шаснаццаць кіламетраў ад цяперашняга, у вярхоўі Пцічы, дзе ў яе ўпадала зараз амаль высахлая р. Менка. Той горад быў зруйнаваны Яраславічамі і неўзабаве адроджаны полацкім князем Усяславам Чарадзеем на р. Няміга, дзе яна ўпадала ў р. Свіслач. Старажытная гісторыя горада і мясцовых князёў прасочваецца невыразна. У другой палове XI ст. горад знаходзіўся пад уладай Полацка, меў сваё веча і гарадское апалчэнне. У пачатку XII ст. Мінск стаў сталіцай удзельнага княства, у якім княжыў Глеб Усяславіч. Некаторы час горад знаходзіўся пад уладай Уладзіміра Манамаха, а ў 1140-х гг. зноў перайшоў да Глебавічаў. Палітычнае ўзвышэнне і геаграфічнае размяшчэнне горада спрыялі яго эканамічнаму росту, пераўтварэнню ў X–XIII стст. у рамесна-гандлёвы цэнтр. Археалагічныя крыніцы сведчаць пра тое, што жыхары горада мелі даволі высокі ўзровень культуры, якая развівалася ў адным рэчышчы з культурай Старажытнай Русі.
З XIV ст. гісторыя Мінска і Мінскай зямлі была цесна звязана з Вялікім княствам Літоўскім. У XV ст. ён уваходзіў у лік 15 мацнейшых гарадоў гэтага княства. Нават стаў у другой палове гэтага стагоддзя цэнтрам Мінскага павета, а ў 1499 г. па ўказанню вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелона атрымаў, як і іншыя вялікія гарады, магдэбургскае права. Знаходзячыся ў самым цэнтры княства, на традыцыйных шляхах гандлю і ваенных паходаў, горад неаднаразова прымаў на сябе ўдары з усходу і захаду, гарэў і зноў узнімаўся з попелу. У 1565–1566 гг. Мінск стаў цэнтрам Мінскага ваяводства, дзякуючы чаму ператварыўся ў значны адміністрацыйны цэнтр дзяржавы. У 1591 г. у пацвярджальным прывілеі на магдэбургскае права ён атрымаў свой герб, які з’яўляецца яго гербам і сёння. З гэтага часу і да скасавання адміністрацыйнай структуры ў 1793 г. пасаду мінскага ваяводы займалі прадстаўнікі такіх вядомых родаў ВКЛ, як Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Пацы, Агінскія і інш. У другой палове XVI ст. Мінск стаў ваяводскім цэнтрам новай дзяржавы – Рэчы Паспалітай, створанай у выніку заключэння Люблінскай уніі 1569 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім, і заставаўся ў яе складзе на працягу амаль 230 год. За час знаходжання ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай Мінск набыў шэраг атрыбутаў еўрапейскага горада – самакіраванне, цэхавую арганізацыю рамяства, развітую планіровачную структуру цэнтра з цэрквамі і касцёламі.
У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Мінск увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў ускраінным губернскім горадам. У час вайны 1812 г. ён быў моцна разбураны, але да сярэдзіны XIX ст. узноўлены. Тэрыторыя яго павялічылася амаль у два разы ў параўнанні з XVIII ст. Горад атрымаў інтэнсіўнае па тым часе прамысловае, а таксама інфраструктурнае і транспартнае развіццё. Ужо ў канцы XIX – пачатку XX ст. Мінск значна адрозніваўся ад іншых губернскіх гарадоў беларускіх зямель. У горадзе дзейнічала электрастанцыя, водаправод, тэлефонная станцыя, навучальныя ўстановы і розныя таварыствы. Да гэтага часу адносіцца фарміраванне ў горадзе пралетарыяту, размах сацыял-дэмакратычнага і нацыянал-дэмакратычнага рухаў.
Аднак статус сталіцы Мінск набыў толькі пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, калі ў Беларусі пачаўся працэс будаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнасці, і Мінск стаў цэнтрам гэтай работы. На аснове палітыкі індустрыялізацыі ў горадзе, які значна пацярпеў пасля Першай сусветнай вайны і замежных інтэрвенцый, пачалі будавацца новыя заводы і фабрыкі, да пачатку 1930-х гг. было ліквідавана беспрацоўе. У сталіцы размяшчалася абсалютная большасць вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, была створана сетка агульнаадукацыйных і прафесійных навучальных устаноў, працавалі буйнейшыя навукова-даследчыя ўстановы, ствараліся музеі, бібліятэкі, выдавецтвы. З Мінскам звязана станаўленне беларускага прафесійнага тэатра.
Трагічную старонку ў шматвяковы летапіс горада ўпісала Вялікая Айчынная вайна. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі абаронцамі, жыхарамі горада і яго вызваліцелямі былі праяўлены незвычайныя гераізм і мужнасць. У 1974 г. у канун 30-годдзя з дня вызвалення Мінск быў афіцыйна ўдастоены ганаровага звання “Горад-герой”.
Вайна пакінула на месцы горада руіны і папялішчы. Але ўжо ў 1949 г. яго эканоміка дасягнула даваеннага ўзроўню і працягвала развівацца хуткімі тэмпамі. У 1960-х – 1970-х гг. Мінск стаў адным з найбольш развітых эканамічных і культурных цэнтраў СССР. У пачатку 1970-х гг. яго насельніцтва перайшло мільённы рубеж. У XXI ст. горад увайшоў у новай якасці – сталіцы суверэннай незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
Мінск у XXI стагоддзі
Сёння Мінск – шматфункцыянальны горад. Па-першае, гэта буйны прамысловы цэнтр рэспублікі. Тут вырабляецца амаль чвэрць прамысловай прадукцыі краіны, у тым ліку звыш паловы прадукцыі машынабудавання. Аснову прамысловага комплексу горада складаюць буйныя і сярэднія прадпрыемствы рознай формы ўласнасці. У дзесятку буйнейшых сусветных вытворцаў трактараў уваходзіць ВА “Мінскі трактарны завод”. Прызнанымі лідэрамі прамысловага сектара з’яўляюцца такія прадпрыемствы, як РУП “Мінскі аўтамабільны завод”, ЗАТ “Атлант”, УП “Мінскі маторны завод”, УП “Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава”, ААТ “Гарызонт”, НВА “Інтэграл” і інш. Прамысловыя прадпрыемствы горада выпускаюць грузавыя аўтамабілі, прапашныя і універсальныя трактары, магутныя колавыя цягачы, камфортныя аўтобусы, тралейбусы і трамваі, матацыклы і веласіпеды, халадзільнікі і тэлевізары, мэблю, тканіны і шмат іншага. Размешчаны ў Мінску галоўны банк краіны – Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь – вызначае сёння ўсю крэдытна-фінансавую палітыку ў рэспубліцы. З мэтай прыцягнення ў горад замежных інвестыцый створана «Свабодная эканамічная зона “Мінск”» (СЭЗ “Мінск”). На горад прыпадае больш за 40 працэнтаў знешнегандлёвага абароту Беларусі.
Не толькі эканоміка робіць вядомым Мінск. Гэта буйнейшы навуковы і адукацыйны цэнтр рэспублікі, горад, у якім размяшчаецца шмат музеяў, тэатраў, кінатэатраў, палацаў і дамоў культуры, бібліятэк, стадыёнаў, спартыўных комплексаў. У Мінску знаходзяцца: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, шэраг вышэйшых навучальных устаноў, сярод якіх – флагман беларускай вышэйшай адукацыі Беларускі дзяржаўны універсітэт; Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, багацейшай калекцыі жывапісу якога могуць пазайздросціць многія музеі свету; Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі; шэраг цікавых музейных комплексаў, створаных у наваколлі Мінска; Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, ТА “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь”, будынак якога зараз знаходзіцца на рэканструкцыі; Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, Беларуская дзяржаўная філармонія, канцэртная зала “Мінск” і г. д. Сучасны воблік Мінска – гэта новы чыгуначны вакзал і метро, Палац Рэспублікі і самая вялікая ў горадзе 23-павярховая гасцініца “Беларусь”. Візітнай карткай сталіцы стаў новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь, удзел ва ўзвядзенні якога прымала ўся краіна. Суперсучасным інжынерна-тэхнічным збудаваннем з’яўляецца спартыўны комплекс “Крыты манеж”. Будуюцца і ўзнаўляюцца храмавыя комплексы і цэрквы. Адзін з лепшых архітэктурных ансамбляў горада – праспект Незалежнасці з плошчамі Незалежнасці, Кастрычніцкай, Перамогі і Я. Коласа. У горадзе з’явіліся гіпермаркеты, новыя гандлёвыя цэнтры, сярод якіх – падземны гарадскі гандлёвы цэнтр “Сталіца”. Шпаркімі тэмпамі развіваецца жыллёвае будаўніцтва і добраўпарадкаванне, асабліва цэнтральнай часткі сталіцы. Гонарам мінчан з’яўляецца сістэма паркаў, бульвараў і вадаёмаў горада, у якой асабліва вылучаюцца водна-паркавыя Сляпянскае і Лошыцкае паўкольцы.
Па выдатных мясцінах горада
У сучасным гарадскім пейзажы Мінска прыцягваюць увагу разнастайныя па архітэктуры гістарычныя збудаванні. Войны, пажары, нарэшце, проста няўвага да свайго гістарычнага мінулага прывялі да таго, што гістарычных будынкаў, гэтай неацэннай і незаменнай спадчыны, захавалася ў горадзе вельмі мала. Кіраўніцтва краіны надае сёння вялікую ўвагу захаванню і ўзнаўленню архітэктурна-гістарычных помнікаў сталіцы. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “О развитии исторического центра г. Минска” распрацавана комплексная праграма рэканструкцыі, рэстаўрацыі, адраджэння гістарычнага цэнтра горада на 2004–2010 гг. Згодна з ёй у гарадскім цэнтры выдзелены пяць ахоўных зон, якія ахопліваюць Траецкае і Ракаўскае прадмесце, Верхні горад, Новае места, ахоўныя аб’екты даваеннай забудовы. Рэстаўрацыя гэтых зон часткова выканана, рэстаўрацыя іншых аб’ектаў працягваецца. Адноўлены гасцініца “Еўропа”, якая ў пачатку XX ст. была самым вялікім будынкам у Мінску, і Мінская ратуша – сімвал гарадскога самакіравання. Плануецца закрыць гістарычную частку горада для машын, зрабіць плошчу Свабоды пешаходнай зонай, узнавіць старажытную вуліцу Гандлёвая (каля р. Свіслач, у раёне рэстарана “Журавінка”). Каштоўнымі жамчужынамі сучаснага Мінска з’яўляюцца архітэктурныя помнікі розных стыляў і часоў: цэрквы Свята-Петра-Паўлаўская, Св. Марыі Магдалены, Свята-Аляксандра-Неўская; Кальварыйскі касцёл і брама, Троіцкі Залатагорскі касцёл (касцёл Св. Роха), Пішчалаўскі замак; помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры: сядзіба Ваньковічаў, Белая дача і інш.
Пра трагічныя падзеі апошняй вайны гараджанам і гасцям сталіцы напамінаюць памятныя дошкі і барэльефы ў памяць аб героях-падпольшчыках, а таксама помнікі на месцах масавай згубы і пахавання людзей. Найбольш значныя сярод помнікаў аб вайне – манумент Перамогі на аднайменнай плошчы і архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск – горад-герой”. Шмат помнікаў горада прысвечана дзеячам культуры і літаратуры: Я. Купалу, Я. Коласу, А. Пушкіну, М. Багдановічу, М. Горкаму, А. Міцкевічу. Ёсць у горадзе і невялікія, “неафіцыйныя”, але ствараючыя яго непаўторнасць скульптуры, сярод якіх – скульптурная кампазіцыя 1874 г. “Хлопчык з лебедзем” (аўтар Л. Бярніні) і сучасныя – “Незнаёмка з Міхайлаўскага сквера”, “Дзяўчынка з парасонам” У. Жбанава і інш.