Хойнікі – горад у Гомельскай вобласці, цэнтр Хойніцкага раёна. Знаходзіцца за 103 км на паўднёвы захад ад Гомеля, у 3 км ад аднайменнай станцыі чыгуначнай веткі Васілевічы – Хойнікі на лініі Калінкавічы – Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Рэчыцай, Калінкавічамі, Брагінам.
Населены пункт вядомы з 1512 г. як вёска ў Брагінскім графстве Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З сярэдзіны XVI ст. з’яўлялася мястэчкам у складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства, у розны час належала князям Вішнявецкім, Шуйскім, Прозарам. У першай палове XVII ст. Вішнявецкія пабудавалі ў Хойніках замак, які існаваў да XVIII ст. У 1705 г. на сродкі князя Шуйскага ў мястэчку была ўзведзена царква і даравана богаслужбовая кніга з запісам, пазначаным гэтым годам.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Хойнікі далучаны да Расійскай імперыі і сталі цэнтрам воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1863 г. у мястэчку была ўзведзена мураваная Пакроўская царква. У 1869 г. імператар Аляксандр ІІ падараваў ёй абраз Божай Маці ў сярэбранай рызе, а імператрыца Марыя Аляксандраўна – шэраг сярэбраных рэчаў, неабходных для царкоўнай службы. У 1864 г. у Хойніках адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1897 г. тут налічвалася 335 двароў, пражывала 2596 жыхароў, працавалі царква, касцёл, жалезаапрацоўчы, лесапільны, колавы заводы, хлебазапасная крама, паштовая станцыя, карчма. Эканамічнаму развіццю рэгіёна садзейнічала ўведзеная ў 1911 г. у эксплуатацыю чыгуначная ветка Васілевічы – Хойнікі, прызначаная галоўным чынам для вывазу лесу.
З 26 красавіка 1919 г. Хойнікі знаходзіліся ў Гомельскай губерні РСФСР, 6 снежня 1926 г. увайшлі ў склад БССР. З 8 снежня 1926 г. сталі цэнтрам Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. Гомельскай акруг. У 1930-х гг. у мястэчку дзейнічалі пачатковая і сямігадовая школы, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, працавалі шпаларэзны завод, маслазавод, смалакурня, паравы млын, машынна-трактарная станцыя і інш. 20 лютага 1938 г. Хойнікі ўвайшлі ў склад Палескай вобласці, 27 верасня 1938 г. аднесены да катэгорыі гарадскога пасёлка.
У час Вялікай Айчыннай вайны 25 жніўня 1941 г. Хойнікі былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія амаль цалкам спалілі і разбурылі пасёлак, знішчылі ў ім 184 жыхара. У гады акупацыі ў Хойніках і раёне дзейнічалі патрыятычнае падполле і партызанскія атрады. 15 лістапада 1942 г. партызаны разграмілі ў пасёлку буйны гітлераўскі гарнізон. Хойнікі былі вызвалены 23 лістапада 1943 г. войскамі 61-й арміі Беларускага фронту ў ходзе бітвы за Дняпро.
8 студзеня 1954 г. пасёлак увайшоў у склад Гомельскай вобласці, 10 лістапада 1967 г. ён атрымаў статус горада. У 2001 г. быў зацверджаны афіцыйны герб – у зялёным полі іспанскага шчыта выява замка залатога колеру.
У цяперашні час у горадзе працуюць дзяржаўны прафесійны ліцэй, гімназія, 3 сярэднія школы, 5 дзіцячых дашкольных устаноў, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, краязнаўчы музей, бальніца, кінатэатр, гасцініца. Дзейнічаюць лясгас, завод гідраапаратуры, завод жалезабетонных вырабаў і інш. Выходзіць раённая газета “Хойніцкія навіны”. Штогод у Хойніках праходзіць рэгіянальны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Чароўны свет фантазіі”.
У горадзе знаходзяцца Свята-Пакроўскі жаночы манастыр, касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі, брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнікі танкістам 68-й танкавай брыгады, ахвярам фашызму, воінам-інтэрнацыяналістам. У 1996 г. быў адкрыты помнік Смутку – у памяць адселеным вёскам Хойніцкага раёна, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Захавалася сядзіба, пабудаваная ў канцы ХІХ– пачатку ХХ ст. (унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь).
Хойнікі з’яўляюцца радзімай Героя Сацыялістычнай працы М.-Х. Ш. Качароўскага, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, доктара тэхнічных навук, прафесара А.В. Бераснева, аднаго з кіраўнікоў патрыятычнага падполля на тэрыторыі Палескай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну Я.І. Казачука.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.