Дата пачатку:
09.10.1708 Лясная, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі ў Паўночную вайну 1700–1721 гг.
Варыянты назвы:
Бітва рускай арміі са шведамі пад в. Лясная Слаўгарадскага раёна
Назвы на іншых мовах:
Битва русской армии со шведами у д. Лесная Славгородского района (руская);
3117 сімвалаў
Даведка
У пачатку XVIII ст. Расія ўступіла ў барацьбу са Швецыяй за вяртанне Балтыйскага ўзбярэжжа. Яе саюзнікамі ў гэтай вайне, якая атрымала назву Паўночнай (1700–1721), былі еўрапейскія дзяржавы – Данія, Саксонія, Прусія і Рэч Паспалітая. Адной з самых значных і вырашальных падзей у гісторыі Паўночнай вайны стала бітва пад в. Лясная (цяпер Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці).
У сакавіку 1702 г. шведскі кароль Карл XII пачаў свой літоўскі паход (на тэрыторыю Заходняй і Цэнтральнай Беларусі). Яго войскі ў красавіку захапілі Вільню і Гродна, у маі Варшаву, у першай палавіне 1706 г. Нясвіж, Ружаны, Пінск, Клецк, Слуцк. У студзені 1708 г. праз беларускія землі пачаўся паход Карла ХІІ на Маскву. 25 чэрвеня шведы пераправіліся праз Бярэзіну. Каля мястэчка Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14 ліпеня 1708 г. адбылася бітва, у якой руская армія пацярпела паражэнне і адышла за Днепр. Шведы занялі Магілёў і праз месяц рушылі далей. У баях каля вёсак Добрае і Раёўка на Мсціслаўшчыне авангард Карла ХІІ панёс значныя страты. Адразу ўзніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі прадуктамі харчавання і фуражом. На злучэнне з галоўнымі сіламі Карла ХІІ з Рыгі быў накіраваны корпус генерала А. Левенгаўпта (16 тыс. чалавек, 17 гармат), які рухаўся з вялікім абозам (7 тыс. павозак з боепрыпасамі і харчаваннем). Нагнаныя каля в. Лясная рускім войскам, шведы занялі абарончую пазіцыю і зрабілі ў тыле ўмацаванне з павозак. Палавіну абозу А. Левенгаўпт накіраваў да Прапойска (цяпер Слаўгарад). Бітва працягвалася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам рускага атрада генерала Р.Х. Баура (4 тыс. чалавек) шведы вымушаны былі адступіць. Генерал А. Левенгаўпт пакінуў параненых, артылерыю і абоз і адышоў з войскам да Прапойска. Каб адарвацца ад пагоні, адступіў уздоўж Сожа на поўдзень. На злучэнне з Карлам ХІІ прарвалася каля 7 тыс. чалавек. У бітве пад Лясной шведы страцілі больш за 8 тыс. чалавек, у тым ліку некалькі соцень палоннымі, артыллерыю і ўвесь абоз. Страты на баку расійскай арміі склалі звыш 1,1 тыс. чалавек забітымі і каля 2,9 тыс. параненымі. Знішчэнне корпусу значна паслабіла пазіцыі Карла ХII і ўзняло дух расійскай арміі. Гэта была перамога над самым моцным корпусам шведаў, які доўгі час (9 гадоў) лічыўся непераможным. Бітва пры Лясной стала канцом перавагі Швецыі на поўдні Еўропы. Яна была названа Пятром I “Маці Палтаўскай перамогі”.
У гонар 200-годдзя бітвы пад Лясной быў створаны мемарыяльны комплекс (1908), які ўключае манумент у выглядзе адлітага з бронзы арла, мемарыяльную капліцу, Свята-Петра-Паўлаўскі храм-помнік (1912, архітэктар А. Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках (1908). У 1958 г. у будынку помніка-храма адкрыўся музей гісторыі бітвы пад Лясной. У яго экспазіцыі было прадстаўлена больш за 250 экспанатаў, у тым ліку і сапраўдных (стрэльбы, адзенне, прадметы побыту салдат і інш.) У 1990-я гг. музей зачынілі, экспанаты вывезлі ў Магілёўскі краязнаўчы музей. У 1993 г. будынак перададзены ў карыстанне праваслаўнай абшчыны прыхода Свята-Петра-Паўлаўскага храма.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2018 г.