Паўночная вайна 1700–1721 гг. – адна з самых буйных войнаў, у якую былі ўцягнуты Расія, Данія і Саксонія («Паўночны саюз»), Рэч Паспалітая (з 1704), Прусія і Гановер (з 1715) з аднаго боку і Шведскае каралеўства – з другога. Прычынай для пачатку вайны стала пытанне панавання ва Усходняй Прыбалтыцы і на Балтыйскім моры.
У той час каралём Швецыі з’яўляўся 18-гадовы Карл ХІІ. Маскоўскім царом быў амбіцыёзны Пётр І. На троне Рэчы Паспалітай знаходзіўся Аўгуст ІІ, які адначасова з’яўляўся саксонскім курфюрстам Аўгустам І.
Першай краінай, якая ўступіла ў вайну супроць Швецыі стала Саксонія: у лютым 1700 г. войскі Аўгуста ІІ узялі ў аблогу Рыгу. Вясной гэта ж года ў вайну ўступіла Данія. Расія, якая вяла вайну з Турцыяй, змагла ўступіць у вайну са Швецыяй у жніўні 1700 г. і ўзяла ў аблогу Нарву. Карл ХІІ вырашыў разбіць сваіх супраціўнікаў аднаго за адным. У 1700 г. яго войскі ўзялі у аблогу сталіцу Даніі Капенгаген і прымусілі караля падпісаць мір са Швецыяй і выйсці з вайны. У канцы гэтага года войскі шведскага караля разграмілі расійскую армію і знялі аблогу Нарвы. Летам наступнага года шведы зноў перамаглі рускіх і вызвалілі ад аблогі Рыгу.
З пачаткам Паўночнай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў на чале з вялікім гетманам К.Я. Сапегам і вялікім падскарбіем Б. Сапегам і прадстаўнікамі беларуска-літоўскай шляхты, што групавалася вакол Р.А. Агінскага, М.С. Вішнявецкага і К.С. Радзівіла. Аўгуст ІІ быў зацікаўлены ў аслабленні ўлады групоўкі Сапегаў і паабяцаў падтрымаць барацьбу магнатаў за “залатыя шляхецкія вольнасці”.
У 1702 г. шведская армія пад кіраўніцтвам Карла ХІІ увайшла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. У 1703–1704 гг. шведы атрымалі шэраг перамог над польска-саксонскімі войскамі і захапілі Варшаву, Кракаў, Львоў, Познань, Кракаў. У гэты час войскі Пятра І захапілі Нарву, Нотэбург і Ніеншанц і выйшлі да Балтыйскага мора. У маі 1704 г. прыхільнікі Аўгуста ІІ аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. Варшаўская канфедэрацыя, арганізаваная пры падтрымцы Карла ХІІ, абвясціла каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Для дапамогі Аўгусту ІІ на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі расійскія войскі (каля 60 тыс. чалавек), занялі Мінск і Гродна, у ліпені 1705 г. рушылі на Вільню. У студзені 1706 г. Карл ХІІ пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў расійскі гарнізон у Гродне. У лютым-маі 1706 г. шведы спалілі Карэлічы, Мір, Свержань, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, Нясвіж, аблажылі Ляхавіцкі замак. У выніку перамог шведскай арміі ў верасні 1706 г. Аўгуст ІІ адрокся ад кароны Рэчы Паспалітай, адмовіўся ад саюзу з Пятром І і абавязаўся выплаціць вялікую грашовую кантрыбуцыю Карлу ХІІ.
У пачатку 1708 г. войскі Карла ХІІ занялі Гродна і рушылі на Ліду і Смаргонь. Каля мястэчка Галоўчын 14 ліпеня 1708 г. адбылася бітва, у якой расійская армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро, а шведы занялі Магілёў. Пётр І разумеў, што ў генеральнай бітве армія Карла ХІІ атрымае перамогу, таму выбраў тактыку максімальнага ўхілення ад вялікіх бітваў. Каб пазбавіць шведаў правіянту, маёмасць жыхароў гарадоў, мястэчак і вёсак ВКЛ падвяргалася рабаванню, гарадскія умацаванні разбураліся, а ўраджай знішчаўся. Расійскімі войскамі былі спалены Віцебск, Дуброўна, Орша, Магілёў, Мсціслаў, Быхаў.
У бітвах каля вёсак Добрае (10 верасня 1708 г.) і Раёўка (20 верасня 1708 г.) авангард Карла ХІІ панёс значныя страты. На дапамогу галоўным сілам Карла ХІІ выйшаў 16-тысячны корпус А. Левенгаупта, аднак 9 кастрычніка 1708 г. каля вёскі Лясная ён быў разбіты расійскімі войскамі. Войска Карла ХІІ рушыла на Украіну, каб атрымаць дапамогу ад гетмана І. Мазепы, аднак расійскія войскі знішчылі запасы харчавання і фуражу, прыгатаваныя для шведаў. Вынікам гэтых падзей стала знясільванне шведскай арміі з-за адсутнасці правіянту і вайсковых падмацаванняў.
8 ліпеня 1709 г. адбылася Палтаўскай бітва, у якой армія Карла ХІІ была разгромлена. Шведскі кароль разам з гетманам І. Мазепам збеглі на тэрыторыю Асманскай імперыі. Аўгуст ІІ вярнуўся на трон, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. З таго часу актыўныя ваенныя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Прыбалтыкі і Паўночнай Германіі. У 1710 г. расійскія войскі захапілі Ліфляндыю і Эстляндыю, узялі Рыгу і Рэвель. Праз тры гады Швецыя страціла Фінляндыю і Памеранію, у 1714 г. шведская флатылія была захоплена расійскімі маракамі ў бітве каля мыса Гангут. У 1715 г. у вайну супраць швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У 1718 г. шведскі кароль Карл ХІІ загінуў. Паўночная вайна канчаткова скончылася падпісаннем 30 жніўня (10 верасня) 1721 г. Ніштацкага мірнага дагавора. Мірны дагавор Швецыі з Рэччу Паспалітай быў падпісаны ў 1733 г.
Працяглая і кровапралітная Паўночная вайна эканамічна зруйнавала Рэч Паспалітую, асабліва яе ўсходнія рэгіёны і стала адной з найбольш драматычных старонак беларускай гісторыі. Шведскія, саксонскія і расійскія войскі спусташылі беларускія землі, нанеслі вялікі ўрон эканоміцы, гаспадарчаму развіццю. У выніку баявых дзеянняў, голаду і эпідэмій насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў скарацілася на трэць. Паўночная вайна аслабіла Рэч Паспалітую, што з цягам часу прывяло да яе знікнення.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.