Дата пачатку: 23.11.1906 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата заканчэння: 20.08.1915
Кароткая даведка: грамадска-палітычная, навукова-асветная і літаратурна-мастацкая газета на беларускай мове
У гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння адным з выдатнейшых з’яўляецца перыяд “нашаніўства”. Пад гэтай назвай разумеецца шэраг з’яў і падзей у літаратурным, агульнакультурным і грамадскім жыцці Беларусі, так ці інакш звязаных з газетай “Наша Ніва”. Нараджэнне “Нашай Нівы” адносіцца да ліку пераломных падзей у жыцці беларускага народа. Яно паклала пачатак новаму перыяду ў гісторыі Беларусі, багатаму па свайму нацыянальнаму зместу і па сваёй плённасці, а газета была галоўнай спружынай, якая рухала яго развіццё і з’яўлялася яго духоўным асяродкам, розумам і сэрцам.
“Наша Ніва” была заснавана як орган Беларускай сацыялістычнай грамады. Заснавальнікамі новага выдання былі Іван і Антон Луцкевічы, А. Уласаў, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Выдаўцом і рэдактарам першых чатырох нумароў быў С. Вольскі, з пятага (8 снежня 1906 г.) – А.М. Уласаў – вельмі яскравая і каларытная постаць у гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. У неверагодна цяжкіх матэрыяльных і іншых умовах (безупынныя канфіскацыі, штрафы, судовыя працэсы і адміністрацыйныя спагнанні) Аляксандр Мікітавіч выдаваў “Нашу Ніву” да 1914 г. Калі пачалася Першая сусветная вайна і яго забралі ў войска, ён перадаў адразу рэдактарства, а потым і правы выдаўца Янку Купалу (з 16 мая 1914 г.). У рэдакцыі працавалі Я. Колас, З. Бядуля, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш., С. Палуян і інш. Выдавалася газета ў родавым гняздзе беларускай ідэі, гісторыі і культуры – Вільні – да жніўня 1915 г. Дзейнасць “Нашай Нівы” выйшла далёка за межы звычайнай газеты. У яе прэм’ерным нумары была пастаўлена мэта “служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу”. Для беларусаў яна стала асноўным культурным асяродкам, нацыянальнай школай асветніцтва, сімвалам адраджэння нацыі. У гісторыю Беларусі “Наша Ніва” ўвайшла як унікальная нацыянальная з’ява, як важны пісьмовы дакумент, помнік-энцыклапедыя традыцыйнай культуры, як адна з тых гістарычных вех, якімі пазначаны шлях беларускай духоўнасці. За вельмі кароткі час штотыднёвік на васьмі старонках стаў шматфункцыянальным. “Наша Ніва” была адначасова грамадска-палітычным, навукова-асветным і выдавецкім цэнтрам, навучальным літаратурным інстытутам, навукова-даследчым інстытутам літаратуразнаўства, мовазнаўства, гісторыі, этнаграфіі і фальклору, таварыствам дружбы і культурных сувязей з іншымі народамі. І як вынік працы “Нашай Нівы” аформілася ідэя нацыянальнай самасвядомасці Беларусі.
“Наша Ніва” імкнулася задаволіць самыя шырокія запатрабаванні чытачоў. Яна асвятляла падзеі ў дзяржаўным і міжнародным палітычным і эканамічным жыцці не толькі роднага краю, але і ўсёй імперыі. Першая старонка змяшчала артыкулы на грамадска-палітычную тэматыку, а ў перыяд работы Дзяржаўнай Думы – каментарыі да парламенцкіх спрэчак. Пачынаючы з трэцяга нумара ў газеце адкрылася рубрыка “З Беларусі і Літвы”, якая ўяўляла сабою інфармацыйную падборку пра розныя падзеі з жыцця беларусаў нашага краю і Літвы. На думку М. Багдановіча, “Наша Ніва” прабіла сабе дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі, у самыя цёмныя слаі яе насельніцтва. Для тысяч сялян яна з’явілася першай газетай, прачытанай імі, першай крыніцай ведаў, якая не мела афіцыйнага адбітку і была выкладзена простай і яснай мовай. Нумары “Нашай Нівы” доўгі час выдаваліся паралельна двума шрыфтамі – лацінкай і кірыліцай, каб мець шырэйшае кола чытачоў (большасць каталікоў была непісьменная па-руску і не ведала “кірыліцы”). Гэта акалічнасць значна павялічвала кошт выдання, і таму ў канцы 1911 г. рэдакцыя газеты звярнулася да чытачоў з прапановай зрабіць выбар. З лістапада 1912 г. “Наша Ніва” перайшла на адзіны грамадзянскі алфавіт і пачала цалкам друкавацца кірыліцай. Нашаніўскі перыяд храналагічна кароткі, але надзвычай важны і выніковы ў гісторыі развіцця беларускай мовы. За гэты час сфарміраваўся літаратурны варыянт беларускай мовы, былі распрацаваны яе багатыя мастацка-выяўленчыя сродкі, нормы і стылі.
Даследчыкі нашаніўскага руху вылучаюць дзве раўнаважныя плыні – культурна-асветніцкую і літаратурную. Да першай плыні можна аднесці арганізацыйна-прапагандысцкую дзейнасць па стварэнні драматычнага тэатра, гурткоў самадзейнасці, заснаванні часопісаў (дзіцячага “Лучынка” і сельскагаспадарчага “Саха”), па адкрыцці школ, бібліятэк, правядзенні беларускіх вечарын, а таксама імкненне да сацыяльна-эканамічнай асветы, да павышэння культуры быту і гаспадарання беларускага селяніна (газета ўзнімала пытанні асабістай гігіены і санітарыі беларускіх паселішчаў, пытанні культуры земляробства, барацьбы з гаспадарчай нядбайнасцю, п’янствам і г.д.). Гэта было абумоўлена жаданнем далучыць як мага больш шырокія масы простага народа да здабыткаў сусветнай цывілізацыі.
Сваю асветніцкую ролю “Наша Ніва” ў значнай ступені выконвала і праз выдавецкую і літаратурную дзейнасць. Неацэнным быў яе ўклад у працэс станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры, асваенне многіх паэтычных і празаічных жанраў. У 1908 г. было створана выдавецкае таварыства “Наша хата”. У выніку яго супрацоўніцтва з суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца” пабачыў свет падручнік “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, складзены Я. Коласам. Вельмі папулярны быў “Беларускі каляндар”, які “Наша Ніва” пачала выдаваць з 1910 г. (тыраж першага – 20 тыс. экз.). Усяго выйшла сем календароў. У іх асвятляліся пытанні жыцця і побыту народа, расказвалася пра гандаль і кірмашы на Беларусі, даваліся каштоўныя практычныя парады для гаспадароў. Цікавым і змястоўным быў раздзел календара “З роднай нівы”, дзе публікаваліся творы вядомых і пачынаючых беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Апошні этап у дзейнасці газеты цалкам звязаны з імем Янкі Купалы. Пясняр фактычна быў душой выдання і ідэйным правадыром цэлай плеяды паэтаў і пісьменнікаў. Па словах У. Жылкі, Вільня была на той час “крывіцкай Меккай”. Дзякуючы “Нашай Ніве” ў літаратуру ўвайшлі З. Бядуля, А. Гарун, М. Гарэцкі, Ц. Гартны, У. Галубок, К. Каганец, К. Буйло, Цётка, Я. Журба. Сам факт, што ў газеце змяшчалі свае творы больш за 60 празаікаў і паэтаў, дае зразумець, з якім духоўным патэнцыялам крочыла ў будучыню беларуская нацыя пасля рэвалюцыйных падзей 1905 г. Найбольш таленавітыя аўтары і карэспандэнты “Нашай Нівы”, яе выдаўцы і супрацоўнікі ў далейшым станавіліся актыўнымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі Беларусі.
Не было, бадай, ніводнай значнай праблемы, што хвалявала грамадства, якую б не закранала “Наша Ніва”. Таму аўтарытэт газеты з кожным годам павышаўся, раслі яе тыраж, колькасць падпісчыкаў, пашыралася геаграфія распаўсюджвання. Падпісчыкі былі ў Льежы (Бельгія), Львове, Празе, Брно, Парыжы, ЗША. Такім чынам, “Наша Ніва”, на першай старонцы якой было напісана “першая беларуская газета”, паклала пачатак гісторыі найноўшага нацыянальнага друку, стала сапраўднай легендай беларускай журналістыкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г.