Імёны на іншых мовах:
Буйло Констанция Антоновна (руская); Калечиц Констанция Антоновна (руская);
4379 сімвалаў
Даведка
Канстанцыя Антонаўна Буйло (сапраўднае прозвішча Калечыц) пакінула адметны след у беларускай літаратуры. Яна нарадзілася ў Вільні (па некаторых звестках на Ашмяншчыне) у сялянскай сям’і. У 1914 г. скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні і пачала выкладаць у школе ў в. Чаўшклі на Лідчыне. Потым загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. У гады Першай сусветнай вайны К. Буйло працавала справаводам у канцылярыі Усерасійскага земскага саюза (займаўся забеспячэннем войска). Там пазнаёмілася са студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі В. Калечыцам, за якога ў 1916 г. выйшла замуж. У хуткім часе яны пераехалі ў Валакаламскі павет (Падмаскоўе). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі К. Буйло працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым бухгалтарам у саўгасе «Данілкава». У 1923 г. яе мужа запрасілі ў Маскву. Там была адкрыта Усерасійская сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка, на якой В. Калечыц загадваў павільёнам Сярэдняй Расіі. Некаторы час К. Буйло заставалася хатняй гаспадыняй, потым уладкавалася мантажніцай у цэх лабараторнага абсталявання завода «Аграном», пазней працавала загадчыцай склада. Яе сувязь з Беларуссю абмяжоўвалася перапіскай і сустрэчамі з Я. Купалам і яго жонкай У. Луцэвіч, калі яны прыязджалі ў Маскву. У 1933 г. В. Калечыц быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у лагеры Дальлаг пад Хабараўскам. Канстанцыя Антонаўна заставалася ў Маскве. Некалькі гадоў працавала начальнікам аддзела збыту Палітэхлабарсаюза, у 1940 г. стала начальнікам аператыўнага аддзела, затым выконвала абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам. У гады Вялікай Айчыннай вайны (са жніўня 1941 да жніўня 1944 г.) у Маскве знаходзілася шмат беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў і К. Буйло падтрымлівала з імі цесную сувязь. Яна сустракалася з К. Чорным, П. Панчанкам, М. Лужаніным, М. Лыньковым, П. Глебкам і іншымі, асаблівыя адносіны былі з У. Луцэвіч. У першыя пасляваенныя гады часта прыязджала ў Мінск на з’езды і пленумы пісьменнікаў, розныя літаратурныя ўрачыстасці. У 1944 г. была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. У 1968 г. атрымала званне заслужанага дзеяча культуры БССР.
Пісаць вершы К. Буйло пачала вельмі рана. Яе паэтычны талент развіваўся пад уплывам творчасці Я. Купалы, што асабліва прыкметна ў першых вершах «Хвоя», «Салавейка», «Скора зіма», «Хаўтурны звон». Яны былі апублікаваны ў 1909 г. пад імем брата паэтэсы. Наступныя творы – «Лес», «Вясной», «Мне сніўся сон», «Дзяўчына», «У бяссонную ноч», «Курган» – надрукаваны ў 1910 г. і падпісаны ўжо ўласным імем. У 1914 г. у Вільні быў выдадзены першы паэтычны зборнік К. Буйло «Курганная кветка» (факсімільнае выданне ў 1989 г.), які адрэдагаваў Я. Купала. У кнігу ўвайшло больш за 40 вершаў і 2 драмы «Кветка папараці» і «Сягонняшнія і даўнейшыя». У 1920 г. у часопісе «Рунь» быў апублікаваны абразок «Крывавы год». П’есы К. Буйло шырока ставілі драматычныя аматарскія гурткі і паўпрафесійныя калектывы.
У час Першай сусветнай вайны і да сярэдзіны 1940-х гг. К. Буйло амаль не друкавалася. Новы перыяд яе творчасці пачаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Былі напісаны ўзнёслыя і глыбока патрыятычныя вершы «У маёй майстэрні», «Шмат дзён прайшло», «Над Донам», «Памяці друга» і інш. Яны прасякнуты каханнем, пяшчотай, душэўнымі пакутамі. У пасляваенны час К. Буйло плённа працавала і яе творы шырока друкаваліся ў беларускіх выданнях. У 1950 г. выйшаў другі зборнік паэзіі «Світанне», рэдактарам якога быў П. Глебка. Потым з’явіліся кнігі «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973) і іншыя, зборнікі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Паэзія К. Буйло вызначаецца глыбокім лірызмам, цеснай сувяззю з народнай творчасцю. У вершах яна быццам расказвала пра сябе, сваю бязмежную любоў і адданасць Беларусі. Многія творы К. Буйло пакладзены на музыку. Шырокую папулярнасць набыла песня «Люблю», якая стала народнай.
Больш за 50 гадоў К. Буйло пражыла ў Маскве. Яна памерла 4 чэрвеня 1986 г. У 1989 г. урна з прахам паэтэсы была перазахавана на могілках у в. Вішнева Валожынскага раёна. На будынку мясцовай школы ў гонар К. Буйло ўсталявана мемарыяльная дошка. У Мінску ёсць вуліца, названая яе імем.