Дата пачатку:
пад 1213 Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Кароткая даведка:
горад, цэнтр раёна Гомельскай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Речица (руская);
3200 сімвалаў
Даведка
На крутым беразе Дняпра, у зеляніне паркаў і садоў прывольна раскінуўся горад Рэчыца. Упершыню ён упамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213 г. Першы Наўгародскі летапіс у 1214 г. называе Рэчыцу “чарнігаўскім” горадам, што быў разгромлены наўгародскім князем Мсціславам. З ХІV стагоддзя горад знаходзіўся ў складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1561 г. меў няпоўнае магдэбургскае права. У 1793 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай горад адышоў да Расійскай дзяржавы, у 1795 г. стаў павятовым цэнтрам Мінскай губерні. У 1897 г. у горадзе існавала прыватная ткацкая фабрыка, уладальнік якой пастаўляў для арміі сукно. Паступова колькасць прамысловых прадпрыемстваў расла. І ўжо ў 1914 г. іх налічвалася 8, сярод якіх – запалкавая фабрыка “Дняпро”, 5 лесапільняў. Савецкая ўлада ў Рэчыцы была ўстаноўлена 12 лістапада 1917 г., але яшчэ на працягу некалькіх гадоў улада ў ёй мянялася: спачатку яна была акупіравана кайзераўскай Германіяй, потым войскамі буржуазнай Польшчы. У снежні 1926 г. Рэчыца ўваходзіць у склад БССР, з 1938 г. – горад абласнога падпарадкавання.
У час Вялікай Айчыннай вайны Рэчыца была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У горадзе былі створаны падпольныя арганізацыі, выдавалася падпольная газета “Зара камуны”. Рэчыца была вызвалена 18 лістапада 1943 г. Бітва за яе з’явілася важным этапам у Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Авалоданне буйным вузлом камунікацый і моцным апорным пунктам абароны гітлераўцаў стварыла спрыяльныя ўмовы для разгрому групоўкі ворага. 20 вайсковым часцям і злучэнням, што вызначыліся ў аперацыі, нададзены ганаровыя найменні “Рэчыцкіх”. Пасля вызвалення пачалося аднаўленне разбуранай вайною гаспадаркі. Дзве даты асабліва выдзяляюцца ў пасляваенным летапісе горада. У жніўні 1964 г. паблізу яго было адкрыта буйное месцанараджэнне “чорнага золата”. А 29 красавіка 1965 г. першыя яго тоны ўліліся ў магістральны нафтаправод “Дружба”. Нафтавыя вышкі паступова станавіліся прывычнай дэталлю палескага пейзажу. А ў Рэчыцы адна за адной абсталёўваліся арганізацыі: “Саюзгазпрамбуд”, нафтаразведвальная экспедыцыя глыбокага бурэння, упраўленне “Рэчыцанафта”, прамыслова-геафізічная і тампанажная канторы, упраўленне разведвальнага бурэння. Прыкметныя змены адбыліся на дзеючых прадпрыемствах. Працу на іх аблегчылі і паскорылі механізаваныя паточныя, аўтаматычныя і паўаўтаматычныя лініі. Многія вытворчыя працэсы пачалі весціся па новай, больш дасканалай тэхналогіі. Газаперапрацоўчы завод ператварае ў каштоўныя хімічныя прадукты спадарожны газ нафтапромыслаў. З’явіліся гідролізна-дражджавы, піваварны заводы. Мэбля, керамічныя трубы, метызы, абутак, тканіны, кансервы, малочныя вырабы разыходзяцца адсюль ва ўсе канцы Беларусі і за яе межы.
Сучасная Рэчыца – адзін з буйных індустрыяльных і культурных цэнтраў, трэці па велічыні горад Гомельшчыны, рачны порт на беразе Дняпра, вузел аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя. Да паслуг насельніцтва – Дамы культуры, кінатэатры, краязнаўчы музей, бібліятэкі, спартыўныя і музычныя ўстановы. У горадзе многа помнікаў і мемарыяльных дошак у памяць загінуўшых воінаў, партызан і падпольшчыкаў, помнікаў на могілках ахвяр контррэвалюцыйнага мецяжу 1919 г., ахвяр фашызму і інш.