14 (па старым стылі 2) красавіка 1886 г. выйшаў у свет першы нумар першай у Беларусі прыватнай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты ліберальна-асветніцкага кірунку “Минский листок”. Спробы заснавання ў краіне мясцовага друкаванага органа, на старонках якога адлюстроўвалася б грамадска-палітычнае і культурнае жыццё краю, неаднаразова рабіліся яшчэ ў 1870-я гг. Толькі ў 1886 г. натарыус І.П. Фацінскі атрымаў дазвол на выданне газеты.
Па змесце, ідэйным напрамку сваіх артыкулаў “Минский листок” быў тыповай правінцыяльнай газетай свайго часу. У розныя перыяды выдаўцамі і рэдактарамі газеты былі І.П. Сілініч, К.І. Зіноўеў, М.П. Мысаўской, А.Я. Мацкевіч, Ф.Ф. Каменскі і інш. У 1894–1897 гг. “Минский листок” меў больш радыкальны кірунак, таму царская цэнзура пачала прымяняць рэпрэсіўныя меры: многія нумары забараняліся або выходзілі са значным спазненнем. Нарэшце, у лютым 1897 г. Галоўнае кіраўніцтва па справах друку спыніла выданне газеты на восем месяцаў.
Рэдакцыя “Минского листка” падтрымлівала сувязі з вядомымі вучонымі, даследчыкамі культурнай спадчыны беларускага народа. На старонках выдання можна было знайсці матэрыялы філасофскага і сацыяльна-палітычнага зместу, артыкулы па гісторыі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, творы мастацкай літаратуры, карэспандэнцыі з месцаў. З цягам часу вакол газеты арганізаваўся свайго роду гурток, у склад якога ўваходзілі гісторык і этнограф М. Доўнар-Запольскі, этнограф А. Слупскі, гісторык і археолаг У. Завітневіч, даследчык гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і літаратуры М. Янчук і інш.
У 1889 г. “Минский листок” упершыню надрукаваў сатырычна-гумарыстычную паэму “Тарас на Парнасе” (пад назвай “Тарас”), напісаную, верагодна, у 50-я гг. XIX ст. Неаднаразова газета змяшчала творы Я. Лучыны, высока ацэньваючы творчасць паэта-дэмакрата. Самым аб'ёмным і цікавым у выданні быў раздзел белетрыстыкі, які знаёміў з творамі не толькі беларускіх, але і прагрэсіўных рускіх і замежных пісьменнікаў – А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Гогаля, І. Тургенева, М. Горкага, Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Э. Заля, Гі дэ Мапасана.
“Минский листок” друкаваў матэрыялы аб паходжанні беларускага народа, яго нацыянальных асаблівасцях, мове, творчасці. У газеце былі апублікаваны артыкулы “З навуковай вандроўкі ў Беларусь” М. Янчука, “Унія ў Мінску”, “Мінск і яго мінулае” і “Стары Мінск” А. Слупскага. Вядомы беларускі гісторык М. Доўнар-Запольскі на працягу 1887–1892 гг. надрукаваў свае даследаванні “Ад Кіева да Рагачова”, “Старадаўняя Беларусь”, “Беларускае мінулае”, “Доктар Францыск Скарына”, урыўкі з нарыса “Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках” і інш. Станоўчую ацэнку ў “Минском листке” атрымалі “Беларускія зборнікі” Е. Раманава, “Агляд гукаў і форм беларускай мовы” Я. Карскага, “Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” П. Шэйна, “Беларускае мінулае” А. Пыпіна і шэраг іншых работ. Неаднаразова газета змяшчала творы Я. Лучыны, высока ацэньваючы творчасць паэта-дэмакрата. У 1889 г. “Минский листок” упершыню надрукаваў сатырычна-гумарыстычную паэму “Тарас на Парнасе”.
Самым аб'ёмным і цікавым у выданні быў раздзел белетрыстыкі, які знаёміў з творамі не толькі беларускіх, але і прагрэсіўных рускіх і замежных пісьменнікаў – А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Гогаля, І. Тургенева, М. Горкага, Э. Ажэшкі, Э. Заля, Гі дэ Мапасана.
З 1888 г. газета выдавала неперыядычны навукова-папулярны і літаратурна-публіцыстычны дадатак “Северо-западный календарь”, які змяшчаў беларускія вершы і апавяданні, прыказкі і прымаўкі, даведачны і навуковы матэрыял пра Беларусь.
Даволі падрабязна апісвалася ў газеце жыццё Мінска. У ёй можна было прачытаць пра арганізацыю тэлефоннай сеткі, адкрыццё коннай чыгункі, медыка-санітарны стан горада, дзейнасць таварыстваў урачоў, сельскіх гаспадароў і іншых арганізацый, правядзенне лекцый і гутарак па розных галінах ведаў і г. д. Асвятляў “Минский листок” тэатральнае і музычнае жыццё: на старонках выдання размяшчаліся рэцэнзіі на спектаклі, артыкулы пра гастролі драматычных і оперных калектываў і асобных выканаўцаў. Газета адгукалася на ўсе юбілейныя даты, звязаныя з жыццём і творчасцю славутых кампазітараў, мастакоў і акцёраў. “Минский листок” быў выданнем, дзе мясцовая інтэлігенцыя магла выказаць свае адносіны да актуальных праблем грамадскага жыцця і культуры. Карэспандэнцыі чытачоў былі не толькі водгукам на матэрыялы, змешчаныя ў газеце, але і акрэслівалі кола праблем, звязаных з прагрэсам навукі і культуры на Беларусі. Выданне садзейнічала развіццю грамадска-палітычнай думкі, распаўсюджанню навуковых ведаў.
З лістапада 1902 г. “Минский листок” стаў выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г., адрэдагаваны ў 2026 г.