Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр – адна з буйнейшых тэатральна-відовішчных устаноў. Створаны ў 1970 г. у Мінску часткова на базе музычнай трупы Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі як Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі. У 2000 г. быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. У 2001 г. яму прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», а ў 2009 г. – званне «акадэмічны».
Свой першы сезон тэатр адкрыў 17 студзеня 1971 г. пастаноўкай «Пяе “Жаваранак”» Ю. Семянякі. Спачатку на сцэне тэатра пераважна ставіліся спектаклі паводле твораў савецкіх аўтараў («Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А. Сандлера і інш.). Вялікая ўвага надавалася пастаноўцы класічных аперэт І. Кальмана, Ф. Легара, І. Штрауса. Сапраўдным творчым дасягненнем сталі беларуская аперэта «Паўлінка» (паводле аднайменнай камедыі Я. Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Ю. Семянякі, народная музычная камедыя «Несцерка» Р. Суруса (паводле п’есы В. Вольскага).
У 1981 г. тэатр атрымаў будынак на вуліцы Мяснікова, 44 (архітэктары А. Ткачук, У. Тарноўскі). Найбольш яркімі спектаклямі, якія былі пастаўлены ў 1980-я гг., лічацца «Судны час» Р. Суруса (паводле п’есы А. Макаёнка «Трыбунал»), «Дзяніс Давыдаў» А. Мдывані, «Мільянерка» Я. Глебава (паводле аднайменнай камедыі Б. Шоу), «Прынцэса цырка» І. Кальмана, «Сірано» С. Пажлакова, «Гуляем у прынца і жабрака» А. Журбіна, фольк-опера «Клоп» У. Дашкевіча. У гэты перыяд пачаў фарміравацца дзіцячы рэпертуар: спектаклі «Зайка-зазнайка», «Сцяпан – вялікі пан» Ю. Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э. Калманоўскага, «Залатое кураня» У. Уланоўскага і інш. Усе пастаноўкі вызначаліся творчай фантазіяй, выразнай і лёгкай музыкай.
У 1990-я гг. была абноўлена і за кошт выпускнікоў Беларускага дзяржаўнака харэаграфічнака каледжа павялічана балетная трупа. У тэатры ўпершыню сталі ставіць мюзіклы, а з канца 1992 г. пад кіраўніцтвам галоўнага балетмайстра, заслужанай артысткі Расіі Н. Дзьячэнка – самастойныя балетныя спектаклі. Сярод іх – «Штраусіяна» на музыку І. Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (музыка народная), «Шахеразада» на музыку М. Рымскага-Корсакава, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на музыку П. Чайкоўскага і інш. Ажыццёўлены пастаноўкі спектакляў «Джулія» і «Шклянка вады» У. Кандрусевіча, «Хэло, Долі» Дж. Германа, «Капялюш Напалеона» О. Штрауса і інш. З 1991 па 1996 г. пры тэатры дзейнічаў Мінскі музычны дзіцячы тэатр-студыя «Казка».
З 2000-х гг. акрамя балетаў у тэатры ставяцца італьянскія камерцыйныя оперы, класічныя і сучасныя мюзіклы, рок-оперы і інш. Сярод іх – рок-опера «Юнона і Авось» А. Рыбнікава, рок-опера-балет «Арфей і Эўрыдыка» А. Журбіна, карнавал «Ноч у Венецыі» І. Штрауса, камічная опера «Даратэя» Ц. Хрэннікава, музычная камедыя «Бабін бунт» Я. Пцічкіна, мюзікл «Тры мушкецёры» М. Дунаеўскага, музычная драма «Купала: жыццё сярод маланак» А. Хадоскі; дзіцячыя пастаноўкі «Айбаліт-2002» І. Левіна, «Прыгоды брэменскіх музыкантаў» А. Гладкова, «Бураціна. BY» А. Рыбнікава, «Ямеля і чароўны камень Радамарын» Г. Шайдулавай, «Пеця і воўк» С. Пракоф’ева і інш. Пачынаючы з 2010 г. калектыў тэатра здзейсніў гастролі ў Расію, краіны СНД і Прыбалтыкі, Польшчу, Чэхію, Іспанію, Партугалію, Кітай, Германію.
Тэатр захоўвае культурныя традыцыі беларускага народа, развівае нацыянальнае музычнае сцэнічнае мастацтва. Яго дзейнасць стварае ўмовы для міжкультурнага дыялогу і фарміравання агульнаеўрапейскай культурнай прасторы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.