Кароткая даведка:
артыст балета, балетмайстар, першы вядучы класічны танцоўшчык на беларускай сцэне, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны"
Варыянты імя:
Дрэчын Сямён Вульфавіч
Імёны на іншых мовах:
Дречин Семён Владимирович (руская); Дречин Семён Вульфович (руская);
4281 сімвал
Даведка
Адным з артыстаў першага складу Беларускага тэатра оперы і балета быў танцоўшчык Сямён Дрэчын – у будучым выдатны майстар харэаграфічнага мастацтва Беларусі.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і музыкантаў. З дзяцінства захапіўся танцавальным мастацтвам, марыў выступаць на сцэне. Спецыяльныя веды і пэўную практыку ён атрымаў спачатку ў танцавальным гуртку Палаца піянераў, а затым у аматарскіх групах пры Першым Беларускім дзяржаўным тэатры і трупе У. Галубка ў Мінску. Па парадзе балетмайстра К.А. Алексютовіча ў 1930 г. паступіў у студыю опернага і балетнага мастацтва пры Беларускім музычным тэхнікуме. Па паскоранай праграме засвоіў харэаграфію, музыку, грамадскія дысцыпліны, шмат рэпеціраваў, наведваў выстаўкі і спектаклі. Як адзін з самых адораных навучэнцаў выступіў у балетных сцэнах пастановак студыі «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава і «Кармэн» Ж. Бізэ, першым балетным спектаклі «Чырвоны мак» Р. Гліера (1933).
Пасля гадавога навучання ў Маскоўскім харэаграфічным тэхнікуме С. Дрэчын вярнуўся ў Мінск. Удзельнічаў практычна ва ўсіх пастаноўках Беларускага тэатра оперы і балета. Дзякуючы яркаму сцэнічнаму тэмпераменту, адточанай тэхніцы танца і артыстычнаму таленту хутка стаў адным з вядучых танцоўшчыкаў трупы. Выконваў гераічныя, лірыка-драматычныя і характарныя партыі, сярод якіх – Зігфрыд («Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага), Базыль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева). У гэты ж перыяд стаў актыўным удзельнікам пастановачнай брыгады тэатра, у складзе якой вандраваў па вёсках у пошуках беларускага танцавальнага фальклору. Сабраныя ім вопыт і тэхніка былі арганічна аб’яднаны з класічным танцам пры стварэнні вобразаў Сымона, Васіля, Князя, Янкі ў беларускіх нацыянальных балетах «Салавей» М. Крошнера, «Князь-возера» і «Палымяныя сэрцы» В. Залатарова. Мастацкія вартасці балета «Князь-возера» былі настолькі вялікімі, што ў 1950 г. стваральнікі і выканаўцы галоўных роляў спектакля былі ўдастоены звання лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР.
Выступаў С. Дрэчын і як рэжысёр. Пачынаў з асобных нумароў і балетных мініяцюр. У сваіх першых буйных балетмайстарскіх працах «Іспанскае капрычыа» на музыку М. Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» Р. Гліера (1950), «Эсмеральда» Ц. Пуні (1951), «Лаўрэнсія» А. Крэйна (1955), «Карсар» А. Адана (1957) праявіў сябе як выдатны харэограф. У 1954 г. ён стаў народным артыстам БССР, быў узнагароджаны таксама ордэнамі «Знак Пашаны» (1940) і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955).
У 1960 г. артыст пакінуў сцэну як выканаўца і цалкам прысвяціў сябе балетмайстарскай дзейнасці. У наступныя гады яго запрашалі ставіць спектаклі ў тэатрах оперы і балета Уфы, Львова, Саратава, Самары, Кішынёва, Улан-Удэ, Адэсы, Душанбэ і інш. Сярод пастановак за межамі Беларусі – «Блакітны Дунай» на музыку І. Штрауса (1959, 1982) у Башкірскім тэатры оперы і балета; «Зламаны меч» Э. Лазарава, «Франчэска да Рыміні» П. Чайкоўскага, «Сальвейг» на музыку Э. Грыга і «Балеро» М. Равеля (1960) у Малдаўскім тэатры оперы і балета; «Папялушка» С. Пракоф’ева, «Сцяпан Разін» на музыку А. Глазунова (1964) у Саратаўскім тэатры оперы і балета і інш.
Пасля вяртання на радзіму С. Дрэчын працаваў з Дзяржаўным ансамблем танца БССР у якасці яго мастацкага кіраўніка. Стварыў бліскучую фальклорную праграму з нумарамі «Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха», якія склалі залаты фонд калектыву. У 1973–1980 гг. узначальваў балетную трупу Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. З’яўляўся харэографам спектакляў «Паўлінка» Ю. Семянякі (1973), «Несцерка» Р. Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. Таксама ставіў танцы да драматычных пастановак Беларускага тэатра імя Я. Купалы – «Амністыя» А. Матукоўскага (1970), «Зацюканы апостал» А. Макаёнка (1971), «Памінальная малітва» Р. Горына (1990). Удзельнічаў як балетмайстар у стварэнні фільмаў для дзяцей «Бураціна» (1971) і «Цім Талер, ці Прададзены смех» (у суаўтарстве, 1974).
Сямён Дрэчын сваёй шматгадовай творчай дзейнасцю пакінуў значны след у гісторыі беларускага тэатра, спрыяў станаўленню і развіццю прафесійнай харэаграфіі. У памяці гледачоў і калег па сцэне ён застаўся як выдатны саліст і таленавіты балетмайстар, сапраўдная зорка балета сярэдзіны ХХ ст.