Дата пачатку: 05.11.1939 Мінск, г.
Кароткая даведка: балет Міхаіла Крошнера, першы нацыянальны балет
Назвы на іншых мовах: "Соловей" (руская);
Першы беларускі нацыянальны балет «Салавей», створаны ў 1937 г. кампазітарам М. Крошнерам. На сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР прэм'ера адбылася 5 лістапада 1939 г. (дырыжор М. Шнейдэрман, балетмайстар А. Ермалаеў, мастак Б. Матрунін; выканаўцы: Зоська – А. Нікалаева, З. Васільева, Н. Майсеенка; Сымон – C. Дрэчын, А. Сталінскі; пані Вашамірская – Л. Рубіна; Макар – С. Бабанін-Ардынскі, Я. Вяпрынскі, І. Курылаў).
Балет у 4 дзеях «Салавей» напісаны па аднайменнай аповесці З. Бядулі (лібрэта Ю. Сланімскага і А. Ермалаева). Упершыню пастаўлены ў Адэсе (1938). Вопыт стварэння падобных пастановак у савецкім музычным тэатры быў у той час вельмі невялікі. Нацыянальная харэаграфія ў рэспубліках СССР рабіла свае першыя крокі. Адзіным нацыянальным балетам, створаным да да балета «Салавей», быў балет «Сэрца гор» грузінскага кампазітара А. Баланчывадзе. Такім чынам, дзеячам беларускага балетнага тэатра ў працы над балетам «Салавей» прыходзілася вырашаць многія агульныя праблемы харэаграфічнай формы, узаемаадносін класікі і фальклору.
Лібрэта балета «Салавей» захоўвала асноўную ідэю літаратурнага твора, атмасферу рамантычнай прыўзнятасці, давала магчымасць для стварэння самастойнага, арыгінальнага харэаграфічнага твора. Музыка балета, народная па духу, была выразнай і глыбокай. Не ператвараючы партытуру ў зборнік нацыянальных мелодый, кампазітар паказваў багацце беларускага меласу. Музыкальны вобраз быў пабудаваны на аснове мелодый нацыянальных танцаў і песень, сярод якіх «Лявоніха», «Юрачка», «Мяцеліца», полька «Янка», «Перапёлачка», песня «Ой, палын мой, палыночак» і інш. Галоўны герой балета – народ – паказаны ў розных станах сродкамі выразнай танцавальнай мовы з мінімальным уключэннем пантамімы. Танцавальнымі сродкамі выяўляліся і народны гнеў, і гора, і запал барацьбы, і радасць перамогі. Для характарыстыкі польскай шляхты выкарыстоўваліся мазурка, кракавяк, паланэз. У той жа час многія старонкі партытуры былі напісаны кампазітарам без апоры на музычны фальклор. Гэтыя сцэны натуральна ўліваліся ў музычную канву балета, не вылучаючыся стылістычна, што сведчыць аб глыбокім пранікненні аўтара ў характар народнай творчасці.
У балеце «Салавей» упершыню ў гісторыі нацыянальнай харэаграфіі героем пастаноўкі стаў беларускі юнак, упершыню на балетную сцэну выйшаў народ. Перад пастаноўшчыкамі паўсталі пытанні вырашэння праблем нацыянальнай своеасаблівасці харэаграфічнага спектакля на сваёй нацыянальнай глебе. Каб харэаграфічная мова герояў балета стала нацыянальнай і агульначалавечай адначасова, неабходна было трансфарміраваць і класічны, і народны танец. Выкарыстоўваючы разнастайныя прыёмы, сінтэзуючы класічныя і народныя рухі, мяняючы эмацыянальныя фарбы, пастаноўшчыкі дабіліся прастаты і натуральнасці харэаграфічнай мовы. Рухі герояў балета набылі незвычайную для таго часу выразнасць, свежасць і яркі нацыянальны характар. Танцавальны фальклор, які ўвайшоў у балетнае мастацтва, пашырыў яго выразныя сродкі, надаў пластычнаму малюнку яскравыя жывыя фарбы. Народны песенна-танцавальны свет стаў маляўнічым фонам, які выразна адцяняў рух тэм – музычных характарыстык герояў. Яны ўзнікалі і развіваліся па ходу разгортвання сцэнічнага дзеяння, у сувязі з паводзінамі і ўчынкамі герояў.
Вобразы Зоські і Сымона вылучаны з агульнага музычнага кантэксту народнай песеннай, танцавальнай ладава-інтанацыйнай сферы канкрэтным тэматычным матэрыялам. Сымон быў блізкі да вобразаў былінных волатаў і нёс у сабе рысы фальклорна-рамантычнай тыпізацыі. Увасабленнем лепшых якасцей народнага жаночага характару стала яго каханая Зоська. Першыя выдатныя выканаўцы партый галоўных герояў А. Нікалаева і С. Дрэчын ярка і глыбока ўвасобілі сцэнічныя характары, заклалі традыцыі інтэрпрэтацыі станоўчых вобразаў у нацыянальных балетах, традыцыі, якія жывуць на беларускай сцэне па сённяшні дзень.
Плённым для беларускага балетнага мастацтва з'явілася прынцыповае наватарства балетмайстра А. Ермалаева ў харэаграфічным увасабленні музыкі М. Крошнера, яго апора на нацыянальны танец. Харэограф імкнуўся ўвесці ў балет як мага больш нацыянальна характэрных рухаў, заканамерных і неабходных для дасягнення пэўнай мастацкай мэты. Адмовіўшыся ад традыцыйных балетных штампаў з абавязковымі формамі, А. Ермалаеў знайшоў своеасаблівыя сродкі, якія выяўлялі характары герояў, праўду пачуццяў, логіку ўчынкаў.
Ствараючы першы беларускі балет, аўтары не ішлі пракладзеным шляхам. Яны імкнуліся да стварэння па-мастацку праўдзівай карціны жыцця народа без той яго ідэалізацыі, якая часам была ўласцівая першым харэаграфічным творам у іншых нацыянальных рэспубліках. Наватарская рэжысура А. Ермалаева шырока выкарыстоўвала адпаведныя прыродзе балета паэтычную ўмоўнасць, метафару, сімвал, гіпербалу, гратэск, пашырала выразныя магчымасці балетнага мастацтва. Плённым было імкненне харэографа ствараць на аснове народнага танцавальнага мастацтва высокія мастацкія абагульненні, што выводзіла на новыя шляхі нацыянальную харэаграфію.
У пастаноўцы ярка выявіўся прынцып эмацыянальнага адзінства сцэнічнай драматургіі і пейзажнай сцэнаграфіі, характэрнай для беларускага тэатральнага мастацтва 1920 – 30-х гадоў. Мастак Б. Матрунін выразна праводзіў думку аб яднанні прыроды з лёсам герояў, выкарыстоўваў паэтыку фальклору. Яго пейзажы арганічна зліваліся з музыкай М. Крошнера, былі поўныя настрою, эмацыянальнасці.
Балет «Салавей» быў паказаны на сцэне Вялікага тэатра ў чэрвені 1940 г. на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Кампазітар Ц. Хрэннікаў адзначаў, што пастаноўка выклікала захапленне масквічоў, бо вылучалася свежасцю, паэтычнасцю, сапраўднай народнасцю і з'явілася новым словам у савецкім балеце.
У межах свайго жанру балет «Салавей» даў жыццё новым формам, адкрыў новыя магчымасці народна-танцавальнай музыкі, прадвызначыў шляхі магчымай харэаграфічнай канцэпцыі твора на аснове народнага танца. У балеце ўпершыню адбыўся сінтэз двух напрамкаў харэаграфічнага мастацтва – класічнага і фальклорнага. Акадэмічны танец набыў самабытны нацыянальны каларыт, а народныя танцы – абагульненасць і высакароднасць класічных формаў, стаўшы арганічным кампанентам драматургіі. Вартасці твора М. Крошнера адыгралі асноўную ролю ў фарміраванні балетнага жанру ў беларускім музычна-тэатральным мастацтве і знайшлі працяг і развіццё ў наступных нацыянальных балетных творах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.