Кароткая даведка:
кампазітар, аўтар першага нацыянальнага балета "Салавей", заслужаны артыст Беларусі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Варыянты імя:
Крошнер Міхаіл Яфімавіч
Імёны на іншых мовах:
Крошнер Михаил Ефимович (руская);
3488 сімвалаў
Даведка
У гісторыю беларускай музычнай культуры Міхаіл Яўхімавіч Крошнер увайшоў як стваральнік музыкі да першага нацыянальнага балета «Салавей», які стаў пачаткам развіцця новага жанру ў айчынным тэатральным мастацтве.
Нарадзіўся ён у Кіеве ў сям’і служачага. У 1918 г. паступіў у Кіеўскае музычнае вучылішча, пасля заканчэння якога працягваў вучобу ў Кіеўскай кансерваторыі. Яго выкладчыкам быў вядомы кампазітар, прафесар Ф. Блуменфельд. Праз некалькі гадоў М. Крошнер пераехаў у Маскву, дзе стаў студэнтам музычнага тэхнікума імя А.М. Скрабіна. У перыяд вучобы (1918–1931) працаваў канцэртмайстрам-піяністам у Кіеве, Маскве. Творчая дзейнасць кампазітара пачалася ў гарадах Сібіры і Урала. Як аўтара песень, якія былі адзначаны прэміямі, М. Крошнера ў 1931 г. камсамольская арганізацыя Цюмені накіравала на вучобу ў Свярдлоўскі музычны тэхнікум імя П.І. Чайкоўскага. Ён паступіў у клас кампазіцыі В. Залатарова, якога ў 1933 г. запрасілі на пасаду прафесара ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Разам з ім і групай іншых студэнтаў М. Крошнер пераехаў у Мінск. У час вучобы працаваў канцэртмайстрам балетнай трупы Мінскай опернай студыі, што дапамагло вывучыць спецыфіку музычнага тэатра і пасля заканчэння кансерваторыі ў 1937 г. прыступіць да напісання буйнога харэаграфічнага твора – балета «Салавей» па аднайменнай аповесці З. Бядулі. Ідэя яго стварэння ўзнікла ў кампазітара яшчэ ў студэнцкія гады, вялікае значэнне для яе ажыццяўлення мела захапленне М. Крошнера фальклорам. У час экспедыцый па Міншчыне і Магілёўшчыне (1937–1939) ён сабраў і запісаў каля 200 народных беларускіх і яўрэйскіх песень, танцавальных мелодый, якія апрацаваў, а потым выкарыстаў у сваіх творах. Некаторыя з іх былі пакладзены ў аснову музыкі і харэаграфіі балета «Салавей». Нацыянальны каларыт у ім падкрэслены таксама гучаннем народных інструментаў – цымбалаў, дудкі, дуды, бубна. Беларускія мелодыі шырока выкарыстаны ў танцавальных сюжэтных эпізодах, бытавых сцэнах, вобразах галоўных персанажаў – Зосі і Сымона. Прэм’ера балета адбылася ў 1939 г. у Адэскім тэатры оперы і балета. Найбольш цікава і па-мастацку дакладна ажыццявіў яго пастаноўку А. Ермалаеў у Мінску. Спектакль быў паказаны 5 лістапада 1939 г. на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. У чэрвені 1940 г. з вялікім поспехам прайшоў у Маскве ў час Дэкады беларускага мастацтва. У даваенны перыяд М. Крошнер плённа працаваў з Дзяржаўным яўрэйскім тэатрам БССР, дзе былі пастаўлены п’есы «Два недарэкі» («Цвей кунілемлех») А. Гольдфадэна і «Сёстры» І. Перэца, аўтарам музыкі да якіх ён з’яўляўся. У 1939 г. кампазітар пачаў пісаць оперу «Урыэль Акоста» (на ідыш), у 1941 г. былі створаны два хоры на яўрэйскія тэксты, сюіта на яўрэйскія тэмы. У ліку твораў М. Крошнера таксама кантата «Тапелец» на словы А. Пушкіна, сімфанічныя танцы, смычковы квартэт (усе 1937), варыяцыі на беларускую тэму для фартэпіяна, п’есы для фартэпіяна, скрыпкі і віяланчэлі, хары «Мы любоўю Радзімы багатыя» і «Чырвонаармейская», рамансы на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Пушкіна, М. Лермантава і інш. На жаль, з усіх твораў кампазітара захавалася толькі партытура да балета «Салавей», ноты шэрага песень, астатнія былі страчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
За заслугі ў развіцці музычнага мастацтва ў 1940 г. М. Крошнер быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста БССР.
Жыццё таленавітага кампазітара спыніла вайна: ён загінуў у Мінскім гета ў ліпені 1942 г.