Дата пачатку: пад 1155 Мазырскі раён, Гомельская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Гомельскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Мозырь (руская);
Мазыр — адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. Першыя звесткі аб ім адносяцца да 1155 г., калі Юрый Далгарукі, вялікі князь кіеўскі, перадаў горад чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. Гэты год лічыцца афіцыйнай датай заснавання горада. За стагоддзі свайго існавання горад перажыў нямала бурных падзей, якія наклалі адбітак на ўвесь далейшы ход яго развіцця. Мазыр прыкрываў паўднёвыя межы Беларусі і таму часта цярпеў войны, набегі іншаземцаў, разбурэнні і грабяжы. З сярэдзіны XIV ст. уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Да 1569 г. — павятовы цэнтр Кіеўскага ваяводства, потым перайшоў у склад Мінскага. У 1577 г. кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый падпісаў грамату аб наданні гораду магдэбургскага права. Мазыр атрымаў герб: выява чорнага арла , на грудзях якога малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на шчыце з'явілася буква S — манаграма Стафана Баторыя. Ён, як і іншыя старажытнабеларускія гарады, меў свой умацаваны замак. Размяшчаўся ён на гарадскім дзядзінцы. У выніку пажару ў пачатку XVII ст. мазырскі замак і частка горада згарэлі, але за кошт асобага збору сродкаў замак хутка быў адбудаваны. У 1615 і 1649 гг. у горадзе адбыліся антыфеадальныя паўстанні гараджан. У 1616 г. быў заснаваны касцёл, у 1645 г. — Мазырскі кляштар бернардзінцаў. Пазней пабудаваны Марыявіцкі і Тэрыянцаў кляштары. У 1760—1775 гг. пры кляштары бернардзінцаў на месцы драўлянага храма ўзведзены мураваны касцёл. Для планіроўкі горада была характэрна веерная сістэма. Вуліцы разыходзіліся ад рыначнай плошчы ў розных напрамках. У інвентары 1724 г. упамінаюцца вуліцы Кіеўская, Оўруцкая, Свідаўская, Нагорная, Гончая і інш. Доўгі час Мазыр уваходзіў у склад ВКЛ і Польшчы, з 1793 г. — у Расійскай імперыі. У 1795 г. стаў цэнтрам павета Мінскай губерні. У горадзе меліся мураваныя і драўляныя манастыры, праваслаўныя цэрквы, касцёлы, хрысціянскія школы, крамы, карчмы. XIX ст. дало моцны штуршок развіццю транспартных зносін. Па царскім загадзе была пабудавана палепшаная паштовая і ваенна-транспартная дарога — Валынскі тракт. У 1880-х гг. Мазыр далучыўся да пабудавання Палескіх чыгунак. А ў 1916 г. праз яго прайшла чыгуначная лінія Калінкавічы-Оўруч. Буйных прамысловых прадпрыемстваў у Мазыры не было. У 1885 г. збудавана запалкавая фабрыка «Маланка», функцыянавала фанерная фабрыка «Прыма» А. Лур'е.
З 1924 г. Мазыр — цэнтр Мазырскага раёна, у 1924—1930 і 1935—1938 гг. — цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—1954 гг. — цэнтр Палескай вобласці. Мірнае жыццё мазыран было парушана вераломным нападзеннем фашысцкай Германіі. З першых дзён акупацыі на Мазыршчыне разгарнулася партызанская барацьба. Вялікую работу праводзілі ў тыле ворага падпольныя арганізацыі. 14 студзеня 1944 г. у ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі горад быў вызвалены. Да канца 1950-х гг. узровень развіцця народнай гаспадаркі Мазыра перавысіў даваенны. Мазырскі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. У 1958 г. налічвалася 18 прамысловых прадпрыемстваў. Яны былі невялікія, і Мазыр заставаўся правінцыйным горадам. Другую маладосць ён атрымаў у другой палове ХХ ст., калі пачалі будавацца прадпрыемствы, якія сталі гонарам жыхароў.
Сёння Мазыр — горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Мазырскага раёна. Знаходзіцца за 133 км ад Гомеля. Горад займае тэрыторыю каля 38 кв. км, працягнуўся ўздоўж Прыпяці на 12 км. Сучасны Мазыр — буйны транспартны, прамысловы і культурны цэнтр. Самы буйны ў Беларусі рачны порт на рацэ Прыпяць знаходзіцца ў гэтым горадзе. Стратэгічнае значэнне маюць аўтамабільныя дарогі Бранск — Брэст і Санкт-Пецярбург — Адэса, якія праходзяць блізка ад Мазыра. У горадзе размешчаны заводы ( нафтаперапрацоўчы, «Беларуськабель», меліярацыйных машын, «Мазырдрэў», мэблевае аб'яднанне, жалезабетонных вырабаў і зборнага жалезабетону, «Мазырсельмаш», аўтарэмзавод), прадпрыемствы лёгкай (трыкатажная фірма «Славянка», «Мазырабутак», «Мазыркераміка»), харчовай прамысловасці (хлебазавод, кармавых дражджэй, піваварны і малочны заводы), салявыварны камбінат і інш. Дзейнічаюць у Мазыры педагагічны ўніверсітэт, палітэхнікум, медыцынскае і музычнае вучылішчы, агульнаадукацыйныя і музычныя школы, дзіцячы дом, краязнаўчы музей, драматычны тэатр імя І. Мележа, філіял Нацыянальнага архіва і іншыя ўстановы. На тэрыторыі раёна створаны дзяржаўныя заказнікі: адзін ландшафтны і два па зберажэнні флоры і фаўны. Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Мазырскія Яры» знаходзіцца ў самым Мазыры на правым беразе Прыпяці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.