Кароткая даведка:
наступальная аперацыя войск левага крыла Беларускага фронту ў Вялікую Айчынную вайну
Варыянты назвы:
Калінкавіцка-Мазырская аперацыя; Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944 г.
Назвы на іншых мовах:
Калинковичско-Мозырская операция (руская); Калинковичско-Мозырская операция 1944 (руская); Калинковичско-Мозырская операция 1944 г. (руская);
2628 сімвалаў
Даведка
У пачатку 1944 г. перад Беларускім фронтам стаяла задача: разбіць гітлераўскую групоўку ў раёне Мазыра, стварыць плацдарм для наступлення на Бабруйск і Мінск, дабіцца прасоўвання войск для ахопу з поўдня Бабруйскай групоўкі праціўніка. За кароткі тэрмін Ваенным саветам фронту быў распрацаваны план Калінкавіцка Мазырскай аперацыі. Ён заключаўся ў тым, каб адначасовымі ўдарамі з поўначы, усходу і паўднёвага захаду прарваць абарону праціўніка, вызваліць Калінкавічы, Мазыр і вывесці войскі на рубеж р. Пціч. У аперацыі ўдзельнічалі 61 я (камандуючы генерал-лейтэнантам П.А. Бялоў) і 65 я (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) арміі. Моцную авіяцыйную падтрымку аказвалі атрады бамбардзіроўшчыкаў 16 й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі С.І. Рудэнка). На гэтым напрамку была сканцэнтравана ўдарная артылерыя фронту. У аператыўнае падпарадкаванне камандуючаму 61 й арміі ўключылі два кавалерыйскія корпусы. Савецкім войскам супрацьстаяла 2 я нямецкая армія групы «Цэнтр», некалькі венгерскіх дывізій. У ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі камандаванне армій падтрымлівала сувязь з партызанамі. Асабліва актыўна дзейнічалі атрады партызанскага злучэння Палескай вобласці пад кіраўніцтвам І.Д. Вятрова.
Калінкавіцка Мазырская наступальная аперацыя пачалася 8 студзеня 1944 г. масіраванай атакай варожых пазіцый, на якіх быў створаны моцны абарончы рубеж. На першым этапе баі прынялі ўпарты характар. Для прарыву перадавой абарончай паласы былі накіраваны танкавы і два гвардзейскія кавалерыйскія корпусы. Ляснымі дарогамі партызаны правялі кавалерыстаў у тыл праціўніка. Коннікі перарэзалі дарогу Мазыр – Петрыкаў і пазбавілі нямецкія часці забеспячэння. Камандаванне Беларускага фронту выкарыстала гэты момант, і савецкія войскі зноў пайшлі ў наступленне.
Байцы 61 й арміі вызвалілі Даманавічы і абыйшлі варожую групоўку з поўначы. На поўдні хутка прасунулася наперад 65 я армія. 11 студзеня К.К. Ракасоўскі змяніў напрамкі ўдараў кавалерыйскіх і танкавага карпусоў, што дэзарыентавала праціўніка і паспрыяла захопу Калінкавіч і Мазыра (14 студзеня) – галоўных апорных пунктаў варожай абароны. Працягваючы наступленне, савецкія байцы вызвалілі Азарычы (20 студзеня) і гарадскі пасёлак Лельчыцы (23 студзеня).
Калінкавіцка Прыпяцкая аперацыя была завершана 8 лютага 1944 г. разгромам групоўкі гітлераўскіх войск і стварэннем плацдарма для далейшага наступлення на бабруйска-мінскім напрамку. Злучэнні і часці Беларускага фронту прасунуліся наперад на 30–40 км, на асобных напрамках – да 60 км. У выніку была ахоплена з поўдня бабруйская групоўка праціўніка.