Гісторыя калектыву пачалася ў 1939 г. у Беластоку, калі ўрад БССР даручыў вядомаму музычнаму дзеячу і фалькларысту Р. Шырме арганізаваць першы ў заходніх абласцях прафесійны музычны калектыў, якім ён кіраваў да 1970 г. Спачатку калектыў называўся Беларускім ансамблем песні і танца і ўключаў танцавальную групу (кіраўнік І. Хвораст). Ядро ансамбля склалі былыя ўдзельнікі віленскага беларускага хору, створанага Р. Шырмай у 1929 г. З 1940 г. ансамбль пачаў выступаць з канцэртамі па Беларусі. За першы год існавання было арганізавана каля 140 канцэртаў. У пачатку чэрвеня 1941 г. калектыў з поспехам выступіў у Маскве. У гады Вялікай Айчыннай вайны паказваў патрыятычную праграму «За Радзіму», выконваў беларускія народныя песні на прадпрыемствах і ў шпіталях на Урале, у Кузбасе, Сярэдняй Азіі. Пасля аднаго з канцэртаў у Новасібірску пасланцы 1-й беларускай партызанскай брыгады М.П. Шмырова ўручылі ансамблю трафейны нямецкі акардэон. У канцы 1943 г. калектыў вярнуўся ў Беларусь, у Гомель, дзе абслугоўваў воінаў 1-га Беларускага фронту і насельніцтва вызваленых раёнаў. У ліпені 1944 г. выступаў у Мінску. Са снежня 1944 г. працаваў у Гродне. Узмацненне харавой групы падрыхтавала рэарганізацыю калектыву ў Дзяржаўны хор БССР (1950). У 1952 г. пераведзены ў Мінск. Пасля паспяховага ўдзелу ў 2-й Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1955) перайменаваны ў Дзяржаўную харавую капэлу БССР. У гэтым жа годзе Р. Шырма атрымаў званне народнага артыста СССР. У 1957 г. за значны ўклад у развіццё савецкага мастацтва калектыў быў адзначаны ганаровым званнем «акадэмічны», у 1978 г. прысвоена імя Р. Шырмы. У 2006 г. за заслугі ў развіцці беларускага харавога мастацтва капэле прысуджана званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Кіраўнікамі калектыву былі Р. Шырма (з 1939 г.), У. Раговіч (з 1970 г.), А. Шунтаў (з 1982 г.), Л. Яфімава (з 1987 г.; у 2000 г. ёй было нададзена ганаровае званне народнай артысткі Беларусі). Людміла Яфімава – прадстаўніца Санкт-Пецярбургскай школы харавога дырыжыравання, выхаванка кансерваторыі імя М. Рымскага-Корсакава. Пад яе кіраўніцтвам капэла дасягнула мастацкіх вышынь выканальніцкага майстэрства.
У розны час у капэле працавалі хормайстрамі народныя артысты БССР А. Кагадзееў, В. Роўда, заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР К. Паплаўскі, Я. Грамыка, Д. Рулінскі, Л. Фёдараў, канцэртмайстрам – народны артыст БССР Ю. Семяняка, салістамі – заслужаныя артысты БССР М. Тэадаровіч, М. Шуманскі, В. Юневіч, Л. Царанкова.
Рэпертуар калектыву вельмі шырокі і складаецца з рознастылёвай музыкі: вакальна-сімфанічнай беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў, духоўнай, апрацовак беларускіх народных песень, арыгінальных твораў беларускіх кампазітараў, папулярнай музыкі. Капэла – першы выканаўца большасці харавых і вакальна-сімфанічных твораў М. Аладава, У. Алоўнікава, А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, С. Картэса, І. Кузняцова, І. Лучанка, А. Мдывані, Ю. Семянякі, Д. Смольскага, Э. Тырманд, К. Цесакова і інш. Калектыў выконвае месы і рэквіемы І.С. Баха, В.А. Моцарта, І. Гайдна, Дж. Вэрдзі, Р. Шумана, Л. Керубіні, А. Брукнэра, І. Брамса. У рэпертуары капэлы такія творы, як «Сімфонія псалмоў» І. Стравінскага, «Карміна Бурана» К. Орфа, мюзіклы Дж. Гершвіна, Р. Роджэрса, Дж. Керна. Сярод праграм – «Ave Maria», «Дыялог супрацьлегласцей: джаз – харавая класіка», «Missa di Gloria», «Памяці загінуўшых», «Вяселейка», «Ваенны рэквіем», оперы Р. Вагнера «Лятучы галандзец», «Фідэліа», «Тангейзер», «Нюрнбергскія майстарзінгеры», «Парсіфаль».
Калектыў вылучае высокая музычная культура, яркая эмацыянальнасць, багацце дынамічнай шкалы гучання, адметнае пачуццё ансамблевасці, інтанацыйная чысціня, выразнасць і натуральнасць спеву. Зберагаючы нацыянальны фальклор, у тым ліку і апрацаваны Р. Шырмай, харавая капэла з'яўляецца захавальнікам і прапагандыстам народнай музыкі, а таксама адметным выканаўцам твораў сучасных кампазітараў і шэдэўраў сусветнай класікі.
Пра папулярнасць і прызнанне хору сведчыць геаграфія яго выступленняў. У савецкі час ён аб'ездзіў з канцэртамі ўвесь СССР. Сёння калектыў – удзельнік фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень», музыкі «Мінская вясна», музычных фестываляў у Германіі, Іспаніі, Італіі, Літве, Польшчы, Эстоніі, Аўстрыі, Галандыі, Даніі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу. Артысты прымалі ўдзел у культурнай праграме Алімпійскіх гульняў у Барселоне ў тэатры «Дэ Ліцэо». Капэла з'яўляецца дыпламантам і лаўрэатам усесаюзных аглядаў-конкурсаў прафесійных харавых калектываў, уладальніцай Гран-пры Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча).
Капэла з поспехам канцэртавала з рознымі сімфанічнымі аркестрамі. Сярод іх – аркестры Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Белгарадскай, Харкаўскай, Валгаградскай, Данецкай, Кіеўскай, Іркуцкай філармоній, аркестры Герліцкага і Котбускага музычных тэатраў (Германія), Зялёна-Гурскай філармоніі (Польшча). За пультам стаялі вядомыя дырыжоры Ю. Яфімаў, М. Янсанс, Ц. Мынбаеў, В. Дуброўскі, Л. Крэмер, Р. Зэехавер, Ч. Грабоўскі, С. Сандэцкіс, Г. Праватораў, Ю. Дамаркас, В. Катаеў, Ю. Цырук, А. Янчанка, А. Анісімаў і інш.
Творчасць Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы адыграла важную ролю ў культурным жыцці рэспублікі. Яна з'яўляецца адным з лепшых прафесійных харавых калектываў краіны, нястомным прапагандыстам лепшых узораў нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.