Дата нараджэння:
24.02.1902 Кацёлкі, в., Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
01.07.1983
Кароткая даведка:
танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору, заслужаны работнік культуры Беларусі (1977)
Варыянты імя:
Хвораст Іван Маркавіч
Імёны на іншых мовах:
Chvorast Janka (польская); Хворост Иван Маркович (руская);
3626 сімвалаў
Даведка
Янка Хвораст нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў тры класы царкоўна-прыходскага вучылішча, вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, на філалагічным факультэце ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. З ранняга дзяцінства Янку вабіў танец. Яшчэ маленькім хлапчуком ён прыглядаўся, як танцуюць дарослыя, запамінаў асноўныя рухі, а потым спрабаваў іх паўтарыць. Жаданне танцаваць не пакідала яго і надалей. Падчас вучобы ў Вільні юнак актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і нават сам арганізоўваў танцавальныя гурткі. Адначасова з вучэбнымі заняткамі па вечарах наведваў прыватныя ўрокі ў школе балетнага майстэрства. У 1935 г. Янка Хвораст атрымаў дыплом магістра і праз некаторы час уладкаваўся на працу настаўнікам у Вілейскую гімназію.
Пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй частак Беларусі атрымаў запрашэнне на пасаду балетмайстра і саліста Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца ў Беластоку, які стварыў Рыгор Шырма. У сціслы тэрмін Янкам Хворастам было пастаўлена некалькі беларускіх народных танцаў, падрыхтаваны шэраг сцэнічных нумароў. Першае выступленне ансамбля адбылося 23 лютага 1940 г. у Беластоку і мела вялікі поспех. Калектыў многа гастраляваў па краіне і хутка набыў вялікую папулярнасць. Янка Хвораст многа працаваў над пашырэннем яго рэпертуару, паставіў многа новых танцаў. У маі 1941 г. пачалася вялікая гастрольная паездка за межы Беларусі, але артысты паспелі даць толькі некалькі канцэртаў у Маскве. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны змяніў усе творчыя планы. Ансамбль быў эвакуіраваны ў Краснаярск. За час эвакуацыі Янка Хвораст аб’ездзіў з канцэртамі шэраг гарадоў Сібіры, Урала, Сярэдняй Азіі, ставіў новыя танцы, ствараў харэаграфічныя кампазіцыі. У 1943 г., калектыў вярнуўся на радзіму і асталяваўся ў Гродне. За 10-гадовы перыяд працы на пасадзе балетмайстра Янкам Хворастам было пастаўлена больш 60 разнапланавых танцаў і харэаграфічных кампазіцый, якія карысталіся нязменным поспехам гледачоў.
У 1953 г. ён пераехаў у Мінск, дзе працягнуў артыстычную дзейнасць як саліст балета Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пасля заканчэння сцэнічнай кар’еры ў 1960 г. перайшоў на педагагічную працу: выкладаў у Мінскім харэаграфічным вучылішчы і адначасова працаваў кансультантам Рэспубліканскага дома народнай творчасці. Як прызнаны майстар танцавальнага жанра ён аказаў дапамогу многім самадзейным калектывам у пастаноўцы танцаў і распрацоўцы рэпертуару. Дзякуючы Я. Хворасту набылі упапулярнасць такія танцавальныя калектывы як Смаргонскі ансамбль песні і танца імя М. Агінскага, “Свіцязь” з Навагрудка, ваўкавыская “Маладосць”, дзятлаўскі “Лянок” і іншыя. Для іх ён распрацаваў песенна-харэаграфічныя кампазіцыі “Паланэз Агінскага”, “Світанак над Свіцяззю”, сцэнічныя варыянты народных беларускіх танцаў “Мікіта”, “Козачка”, “Таўкачыкі”; кадрыляў “Котчынская”, “Бараўская”; карагодаў “Дзявочы”, “Лірычны” і інш.
Янка Хвораст пакінуў пасля сябе вялікую танцавальную спадчыну. За час творчай дзейнасці ён стварыў больш за 120 выдатных танцавальных пастановак, зрабіў мноства запісаў беларускіх народных танцаў і танцавальных мініяцюр, сцэнарыяў харэаграфічных кампазіцый. Яшчэ пры жыцці артыста ў 1974 і 1977 гг. выйшлі з друку два выданні яго кнігі “Беларускія танцы”, а ў 1991 г. – зборнік “Танцы Янкі Хвораста”, якія рэпрэзентавалі шырокай грамадскасці толькі невялікую частку з яго шматлікіх запісаў.
Заслугі Я. Хвораста ў развіцці беларускага танцавальнага мастацтва былі адзначаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1977 г. яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”.