Дата пачатку: 1078 Мінская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр Лагойскага раёна Мінскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Логойск (руская);
Папярэднія назвы: Лагожск; Логожеск; Логожк
Лагойск размешчаны ў 40 км ад сталіцы Беларусі, на правым беразе р. Гайна. Ён з'яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Лагойскага раёна Мінскай вобласці і ўваходзіць у лік самых старажытных гарадоў нашай краіны.
Лагойск (летапісны Логожск, Логожеск) упершыню ўпамінаецца ў «Павучанні Уладзіміра Манамаха» ў сувязі з падзеямі, што адбываліся ў 1078 г. (паход кіеўскага князя на Усяслава Полацкага). У ХІ–ХІІ ст. Лагойск – важны ўмацаваны пункт, крэпасць на паўднёвых межах Полацкай зямлі. У 1127 г. разрабаваны войскам вялікага кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. Многія яго жыхары былі захоплены ў палон. Лагойск з'яўляўся важным стратэгічнам пунктам, праз які адкрываўся шлях на Полацк. У перыяд феадальнай раздробленасці (ХІІ–ХІІІ стст.) стаў цэнтрам самастойнага Лагожскага княства, якое ў пачатку XIV ст. увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Пад назвай Логоско згадваецца як літоўскі горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV ст.). У 1387 г. вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы Ягайла перадаў Лагойск, Полацк, Мінск і землі Трокскага княства свайму брату Я. Скіргайлу. У 1392 г. Лагойск стаў уласнасцю вялікага князя літоўскага Вітаўта, які ўмацаваў мясцовы замак. З 1413 г. горад знаходзіўся ў складзе Віленскага ваяводства. Пры вялікім князе Казіміры IV Ягелончыку Лагойск перашоў да князёў Чартарыйскіх, якія пабудавалі там манастыры, храмы, вуліцы, рыначную плошчу. У 1505 г. Лагойск захапілі крымскія татары. Яны разрабавалі горад, спалілі замак. Многія жыхары былі забіты, жывыя, разам з сынамі князя С. Чартарыйскага, трапілі ў палон. З пачатку XVІ ст. уладальнікамі Лагойска сталі прадстаўнікі роду Тышкевічаў. У 1531 г. В. Тышкевіч аднавіў замак і пабудаваў Богаяўленскую царкву. У 1609 г. А. Тышкевіч узвёў мураваны касцёл. У 1673 г. горад атрымаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У час Паўночнай вайны 1700–1721 лагойскі замак быў спалены шведамі і больш не аднаўляўся. У 1752 г. на яго месцы жамойцкі біскуп А. Тышкевіч пабудаваў царкву і пазней заснаваў манастыр базыльян. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Лагойск быў далучаны да Расійскай Імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. У ХІХ ст. ён хутка будаваўся і пачаў адыгрываць вялікую ролю ў тагачасным эканамічным жыцці краіны. У 1814–1819 гг. у Лагойску быў пабудаваны палац Тышкевічаў (разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны). Значны ўклад у развіццё культуры горада ўнеслі заснавальнікі беларускай археалогіі – браты К. і Я. Тышкевічы, якія ў 1842 г. стварылі ў Лагойску першы на беларускіх землях музей старажытнасцей (яго калекцыі ў 1855 г. склалі аснову Віленскага музея старажытнасцей). Ім належала багатая бібліятэка, сярод рэдкіх кніг якой захоўваліся ўнікальныя помнікі айчыннага кнігадрукавання, каштоўныя рукапісы, карты. У 1844 г. у мястэчку налічвалася 146 двароў, 696 жыхароў, дзейнічала палатняная мануфактура. У 1866 г. было ўжо 172 двары, капліца, царква, касцёл, сінагога, народнае вучылішча, 5 крам, вадзяны млын, хлебазапасны магазін. У 1897 г. Лагойск стаў цэнтрам воласці Барысаўскага павета. Там пражывала 2296 жыхароў, працавалі гарбарны завод, 9 кузняў, сукнавальня, 14 магазінаў, дробныяя прадпрыемствы.
У студзені 1919 г. Лагойск увайшоў у склад БССР, у ліпені 1924 г. стаў цэнтрам Лагойскага раёна Мінскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.). У студзені 1931 г. выйшаў першы нумар раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына». Яе тыраж складаў у сярэднім 3500 экзэмпляраў і ахопліваў амаль усё насельніцтва. У цэнтры горада адкрыліся магазіны, сталовая, гасцініца. Быў пабудаваны бальнічны гарадок з тэрапеўтычным, хірургічным, гінекалагічным і іншымі аддзяленнямі. Пачаў курсіраваць аўтобус Лагойск – Мінск. З 20 лютага 1938 г. Лагойск увайшоў у Мінскую вобласць, з 27 верасня таго ж года атрымаў статус гарадскога пасёлка. У Вялікую Айчынную вайну з 2 ліпеня 1941 г. да 2 ліпеня 1944 г. быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За 3 гады гітлераўцы знішчылі амаль усе жылыя дамы, будынкі дзяржаўных устаноў і арганізацый, прамысловыя прадпрыемствы. Пасля вызвалення Лагойск пачаў адраджацца і ў хуткім часе быў не толькі адноўлены, але і значна пашырыў свае межы. У 1998 г. атрымаў статус горада.
Архітэктурна-планіровачную структуру сучаснага горада вызначаюць вуліцы Савецкая, Перамогі і Мінская. На перакрыжаванні Камсамольскай, Савецкай і вуліцы Я. Купалы знаходзіцца плошча – адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Гарадскі гандлёвы цэнтр размясціўся на плошчы 8 Сакавіка. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўночнай, паўночна-ўсходняй і паўднёвай частках горада. У Лагойску працуюць некалькі прамысловых прадпрыемстваў з рознымі формамі ўласнасці. Вядучае месца сярод іх належыць унітарнаму прадпрыемству «Амкодор-Логойск», адкрытаму акцыянернаму якое спецыялізуецца на вытворчасці тэхнікі для лесапрамысловага комплексу.
У горадзе ёсць 2 сярэднія школы, гімназія, некалькі ўстаноў дадатковай адукацыі: Цэнтр дзіцячай творчасці, дзіцячая школа мастацтваў і дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву. Адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў, мастацкая галерэя С.Ф. Давідовіча, у студзені 1998 г. Дом рамёстваў. Раённы цэнтр культуры арганізоўвае вольны час моладзі і дзяцей. У Лагойскім гарадскім Доме культуры дзейнічаюць эстрадная студыя «Млечны шлях», танцавальны калектыў «Акварэль», драматычны гурток «Архестра», духавы аркестр «Бравыя гусары», калектыў мажарэтак, народны ансамбль песні «Шчодрыца», вакальна-інструментальны ансамбль «Р. S.». Для правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў выкарыстоўваюцца стадыён, некалькі спартыўных клубаў і футбольных палёў, басейн, 2 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы «Атлет» і «Лагойск».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.