Дата пачатку: пад 1097 Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка: цэнтр Пінскага раёна Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах: Пинск (руская);
Папярэднія назвы: Пинеск; Пиньск
На крайнім поўдні Беларусі ў цэнтры беларускага Палесся знаходзіцца адзін з самых старажытных і цікавых па сваім гістарычным лёсе гарадоў – Пінск. Ён размешчаны ў сутоках рэк Піны і Прыпяці, за 175 км на ўсход ад Брэста. З’яўляецца вузлом чыгуначных ліній Брэст – Лунінец, аўтадарогамі злучаны з гарадамі Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін, мае рачны порт. Сваю назву атрымаў ад р. Піны. Першае летапіснае ўпамінанне аб ім сустракаецца на старонках «Аповесці мінулых гадоў» пад 1097 г. Археалагічныя раскопкі сведчаць аб старадаўняй гісторыі Пінска. Гарадзішча старажытнага горада ўключала дзядзінец, вакольны горад і гарадскі пасад. Вакольны горад, умацаваны равамі і валамі з драўлянымі навальнымі пабудовамі, меў радыяльна-кальцавую планіроўку, зрубавыя аднакамерныя пабудовы з драўлянай падлогай і глінабітнымі печамі. У свой час Пінск даследавалі Т.У. Раўдзіна (1955, 1957), Б.В. Міралюбаў (1956, 1957, 1960 1962), Я.І. Бібікаў (1960, 1961), П.Ф. Лысенка (1963, 1964). Пры раскопках у старажытных пластах выяўлены прылады працы (сашнік, сярпы, косы, жалезныя акоўкі, прабойнікі, прасліцы, верацёны і інш.), зброя (наканечнікі стрэл, шпоры), упрыгожванні (бранзалеты, падвескі, фібулы), прадметы ўжытку (нажы, замкі, кручкі, спражкі, падковы), рэшткі скуранога абутку, глінянага посуду. Сярод знаходак найбольш багатая калекцыя каляровых керамічных дэкаратыўных плітак. Да рэдкіх адносяцца знаходкі каменнага абразка з выявай Спаса Эмануіла (ХII ст.), шыферная прасліца і фрагмент амфары з надпісамі. Знаходкі ў ранніх пластах вакольнага горада сведчаць пра яго ўзнікненне ў ХI ст. Выгаднае геаграфічнае становішча спрыяла хуткаму росту і развіццю. Пінск знаходзіўся ў вузле рэк, што ўпадалі ў Балтыйскае і Чорнае моры. Тут пралягаў старажытны шлях «з варагаў у грэкі». Да сярэдзіны ХII ст. Пінск уваходзіў у склад Тураўскага княства, потым стаў цэнтрам удзельнага Пінскага княства са сваёй княжацкай дынастыяй. У пачатку ХIV ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У ХIV–ХV стст. ён набыў рысы тыповага еўрапейскага сярэдневяковага горада. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што Пінск быў цэнтрам не княжацкай вотчыны Рурыкавічаў, а выдзяляўся кіраўніцтвам дзяржавы аднаму з прадстаўнікоў правячай дынастыі Гедымінавічаў. Уваходжанне Пінскага княства ў склад асабістых уладанняў вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1430-х гг. абумовіла ператварэнне княства ў староства. У 1521 г. Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі, перадаў горад у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Боне Сфорца, каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай. Яна вельмі шмат зрабіла для развіцця і павелічэння даходнасці сваіх уладанняў. Горадам кіравалі спецыяльна прызначаныя старосты. Першым з іх быў І.М. Харэвіч. Потым гэтую пасаду займалі П.К. Мыльскі, С. Фальчэўскі. У гэты час горад налічваў каля 4 тыс. жыхароў. Планіровачнае аблічча Пінска вызначала яго размяшчэнне ўздоўж р. Піны. У 1556 г. пасля ад’езду Боны Сфорца ў Італію, княства перайшло яе сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту, вялікаму князю ВКЛ і каралю Польшчы.
З 1566 г. Пінск з’яўляўся цэнтрам Пінскага павета ў Брэсцкім ваяводстве. Ім кіравалі старосты, якім належалі адміністрацыйныя і судовыя функцыі, фактычна яны былі прадстаўнікамі цэнтральнай улады. На тэрыторыі Пінска размяшчаліся павятовыя органы ўлады: староста і павятовы гродскі суд, павятовыя земскі і падкаморскі суды. Тут праходзілі пасяджэнні пінскіх павятовых сеймікаў, пазней размяшчаліся адміністрацыя Ваенна-парадковай камісіі Пінскага павета, Пінская мытная камора. У 1581 г. адбылася значная падзея ў жыцці горада – ён атрымаў магдэбургскае права і герб: у чырвоным полі шчыта залатыя лук са стралой і нацягнутай цецівой. Магдэбургскае права пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гг. У рэлігійным плане Пінск традыцыйна з’яўляўся праваслаўным горадам. У сярэдзіне XVI ст. налічвалася больш за 11 праваслаўных цэркваў, якія служылі цэнтрам не толькі рэлігійнага, але і культурнага жыцця. Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. праваслаўная Пінская епархія была пераўтворана ў Пінска-Тураўскую ўніяцкую епархію. У канцы XVI ст. адміністрацыйныя і культавыя будынкі абумоўлівалі характар планіроўкі горада. Прырэчнае становішча вызначыла радыяльна-паўкальцавую схему планіроўкі. У асноўным Пінск развіваўся ў заходнім, паўночным і ўсходнім напрамках. На месцы былога гарадзішча з’явіўся драўляны замак. Працягласць яго магутных дубовых умацаванняў, з валам і ровам, складала 435 м. У гэты перыяд замак ужо не з’яўляўся княжацкай рэзідэнцыяй і быў заселены мяшчанамі, шляхтай і духавенствам. На яго тэрыторыі размяшчаліся галоўны пінскі храм – мураваны кафедральны Дзімітраўскі сабор, а таксама драўляная Афанасьеўская царква. З поўдня замак прымыкаў да р. Прыпяці, а ўезд быў з паўночнага боку, дзе знаходзілася гандлёвая плошча. Да яе, вядомай як Стары рынак, сыходзіліся галоўныя вуліцы былога вакольнага горада, тэрыторыя якога была надзейна ўмацавана равамі і дрэва-землянымі канструкцыямі, даўжыня іх складала 830 м. Увайсці можна было праз Траецкую, Спаскую, Замкавую, Лешчанскую, Северскую з пад’ёмным мостам, Берасцейскую, Уладычую, Ясельдскую брамы. У асобных вежах размяшчаліся цэрквы. У XVII ст. стары драўляны замак прыходзіць у заняпад. У прадмесці Пінска Каралін, на беразе р. Піны, быў узведзены бастыённы замак – узор новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы. Роля ж гарадской планіровачнай дамінанты пераходзіць да рынкавай плошчы. Тут былі ўзведзены езуіцкі калегіум і ратуша, размяшчаліся гандлёвыя рады з крамамі, дамы найбольш заможных мяшчан, духавенства і шляхты. Яны вылучаліся значнымі памерамі і манументальнасцю, дапаўняліся шматлікімі гаспадарчымі будынкамі. У гэты перыяд Пінск дасягнуў вяршыні свайго росквіту. Ён стаў буйным гарадскім цэнтрам, эканамічна развітым асяродкам рамяства і гандлю, з дастатковай колькасцю насельніцтва і трывалымі горадабудаўнічымі традыцыямі. Аднак далейшаму паступальнаму развіццю горада перашкодзілі ваенныя ліхалецці, якія ахапілі не толькі Пінск, але і беларускія землі ў цэлым. У выніку войнаў горад неаднаразова падвяргаўся пажарам і спусташэнням. У час антыфеадальнай вайны 1648–1651 гг. у верасні 1648 г. паўстаўшае насельніцтва Пінска разам з казацкім атрадам А. Нябабы аказалі супраціўленне войску вялікага стражніка ВКЛ Р. Мірскага. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. у верасні 1655 г. горад быў заняты маскоўскім войскам і казакамі пад кіраўніцтвам ваяводы Ф. Валконскага, разрабаваны і спалены. У Паўночную вайну 1700–1721 гг. у маі 1706 г. захоплены войскамі шведскага караля Карла ХII. У выніку Пінск быў разбураны і адбудоўваўся да канца XVIII ст. Паводле плана 1798 г. ён меў складаную планіроўку. У цэнтры стаяў замак з земляным валам, за ім – плошча з крамамі і каморамі, спіхлерамі, важніцай, гандлёвымі радамі. Сярод манументальных і драўляных пабудоў вылучаліся касцёл і калегіум езуітаў. Пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр, існавала музычная бурса, працавала друкарня. Былі ў горадзе кляштары францысканцаў, кармелітаў, марыявітак, дамініканцаў.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Пінск як цэнтр павета Мінскай губерні ўвайшоў у склад Расійскай Імперыі. У 1794 г. у горадзе было 548 дамоў. Насельніцтва складала 3 716 жыхароў. У 1800 г. быў зроблены першы праектны план забудовы Пінска, які, акрамя ўпарадкавання вулічнай сеткі, прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, узбуйненне гарадскіх кварталаў, злучэнне цэнтра з дарогамі на Брэст і Нясвіж. З сярэдзіны ХIХ ст. Пінск становіцца значным гандлёва-рамесным цэнтрам Беларусі. Тут працавалі медзеапрацоўчы завод, тытунёвая фабрыка, дзве гарбарні, піваварня, млын і інш. У 1858 г. адкрыта першая гімназія, пераўтвораная ў 1872 г. у рэальнае вучылішча. З пракладкай у 1882 г. праз Пінск паўднёвай веткі Палескіх чыгунак у горадзе пачала хутка развівацца прамысловасць, дзейнічала 27 прадпрыемстваў. Найбольшымі з іх былі майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы завод, тытунёвая, шпілечна-фанерная, запалкавая «Прагрэс-Вулкан» фабрыкі, працавалі тры лесапільні, маслабойня і інш. Паводле перапісу 1897 г. гарадское насельніцтва склала 28 368 жыхароў, а ў 1909 г. – 32 960 чалавек. Працавалі дзевяць пачатковых школ, адна сярэдняя навучальная ўстанова, было тры бальніцы. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Пінск увайшоў у склад Польшчы, стаў павятовым цэнтрам Палескага ваяводства. Тут знаходзілася база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. З 1925 па 1939 г. існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часці Чырвонай Арміі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР з 4 снежня 1939 г. Пінск – цэнтр Пінскай вобласці, а з 15 студзеня 1940 г. – Пінскага раёна. У гэты перыяд у горадзе налічвалася 35,9 тыс. жыхароў. Пачаліся маштабныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні па стварэнні ў горадзе сеткі ўстаноў і арганізацый савецкага тыпу, індустрыяльных прадпрыемстваў, інфраструктуры і ваенных аб’ектаў. Аднаўленне Дняпроўска-Бугскай воднай сістэмы паспрыяла росту грузаабароту чыгуначнай станцыі і рачнога порта. У 1940 г. працавалі суднарамонтны і два фанерныя заводы, запалкавая фабрыка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, музычная і фельчарская школы, бібліятэкі, дзіцячыя сады, абласная і гарадская бальніцы, паліклінікі. Былі адкрыты настаўніцкі інстытут, педагагічнае вучылішча. Пачаў дзейнічаць абласны драматычны тэатр. Тут знаходзілася база савецкай Пінскай ваеннай флатыліі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з 5 ліпеня 1941 г. Пінск быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі звыш 60 тыс. мірных жыхароў горада і ваеннапалонных. Фашысты вывезлі абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, падарвалі шматлікія будынкі. У Пінску дзейнічала антыфашысцкае падполле. 26 чэрвеня 1941 г. у Пінскім раёне сфарміраваны партызанскі атрад пад камандаваннем В.З. Каржа – адзін з першых у Беларусі, на базе якога было створана партызанскае злучэнне. 14 ліпеня 1944 г. горад вызвалены войскамі Чырвонай Арміі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г. 18 часцям і злучэнням Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні горада, нададзены ганаровыя найменні «Пінскіх». Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Пінск узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Як і іншыя населеныя пункты Беларусі, Пінск быў разбураны, загінула вялікая колькасць жыхароў. Нягледзячы на недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, перш за ўсё будаўнікоў, насельніцтва імкнулася ўласнымі сіламі стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця. Пачалі дзейнічаць хлебазавод, мясакамбінат, малаказавод, адноўлены запалкавая і фанерная фабрыкі і інш. У 1948 г. быў распрацаваны праект планіроўкі Пінска, згодна з якім далейшае развіццё горада было абумоўлена яго адміністрацыйна-палітычным, культурна-асветным значэннем як абласнога цэнтра, а таксама народнагаспадарчым значэннем як прамысловага цэнтра вобласці і адносна развітага воднага транспартнага вузла, што размешчаны на Днепра-Бугскай воднай сістэме. З 1952 г. Пінск забудоўваўся паводле генплана, які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, што сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўночны, цэнтральны, заходні і ўсходні планіровачныя раёны. 8 студзеня 1954 г. Пінск стаў раённым цэнтрам Брэсцкай вобласці. На 1959 г. тут налічвалася 41,5 тыс. жыхароў. У 1972 г. распрацаваны новы генплан Пінска, у 1974 г. зроблена яго карэкціроўка. Масавае жыллёвае будаўніцтва ў 1970–1980 гг. вялося ў заходнім, усходнім і паўночным раёнах горада. Былі створаны зоны адпачынку – набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. У 1989 г. насельніцтва павялічылася да 119 тыс. жыхароў. У 1990 г. распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнага раёна з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гістарычнай забудовы.
Сучасны Пінск – гэта горад, дзе пражывае больш за 138 тыс. чалавек, горад з развітай прамысловасцю і сацыяльнай сферай. Гаспадарчы комплекс прадстаўлены шырокай сеткай прадпрыемстваў прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, бытавога абслугоўвання і камунальнай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання, банкаўскага, страхавога і інфармацыйнага абслугоўвання. Пінск – буйны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы). Эксплуатацыяй р. Піны занята РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях». У сферы чыгуначнага транспарту стабільна працуе калектыў цэнтра механізацыі Беларускай чыгункі. У горадзе дзейнічаюць музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва, бібліятэкі, гарадская канцэртная зала, ДУК «Пінскі гарадскі Дом культуры», ДУК «Пінскі гарадскі цэнтр культуры і творчасці», клуб ЗАТ «Пінскдрэў», ДУ «Музей Беларускага Палесся», ДУ «Палескі драматычны тэатр» і інш. Пінск з’яўляецца цэнтрам правядзення масавых культурных мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Ён па праву лічыцца горадам з вялікімі спартыўнымі традыцыямі. Тут працуюць спартыўныя школы па розных відах спорту, спартыўныя клубы. У горадзе ёсць тэлерадыёкампаніі: прыватная тэлерадыёкампанія «Вараг», дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Пінск». Для інфармацыйнага суправаджэння грамадска-палітычнага жыцця функцыянуе афіцыйны сайт Пінскага гарвыканкама, атрымаць аператыўную інфармацыю аб гарадскіх падзеях можна на старонках перыядычных выданняў «Пінскі веснік», «Палеская праўда» і інш.
Па захаванасці старажытнай планіроўкі, наяўнасці помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры Пінск з’яўляецца адным з самых унікальных гарадоў Беларусі. Гістарычны цэнтр уяўляе сабой горадабудаўнічы помнік рэспубліканскага значэння. Усяго ў горадзе 186 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пазнаёміцца з яго гісторыяй можна дзякуючы паслугам турыстычных фірм, якія прапануюць вялікі выбар цікавых экскурсій на тэмы: «Гісторыя Піншчыны», «Рамёствы і промыслы Палесся», «Жывёльны свет Палесся», «Фотагалерэя партызанскай славы» і інш. Сёння Пінск – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця, працы, адпачынку, далейшага развіцця.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.