Пінскі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў
Дата пачатку:
1396 Пінск, г., Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры барока, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францысканцаў; Катэдральная базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі; Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў
Назвы на іншых мовах:
The Virgin Maria Ascension Catholic Church (англійская); Пинский кафедральный костел Успения Святой Девы Марии и монастырь францисканцев (руская); Пинский костел Вознесения Девы Марии (руская); Пинский костёл и монастырь францисканцев (руская);
2539 сімвалаў
Даведка
Візітнай карткай Пінска з’яўляецца адзін з буйнейшых у Беларусі архітэктурных ансамбляў у стылі барока – касцёл і кляштар францысканцаў, помнік архітэктуры XVI –XVIII стст., унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 1396 г. у самым цэнтры праваслаўнага Палесся з’явіўся першы каталіцкі манастыр, заснаваны Жыгімонтам Кейстутавічам, вялікім князем ВКЛ. Доўгі час ён быў драўляным, неаднаразова гарэў. У 1712–1730 гг. пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней – карпусы кляштара. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766 г. Пабудаваная ў 1817 г. трох’ярусная мураваная званіца, чацвёрты ярус якой дабудаваны ў пачатку XX ст., уносіць дынамічную асіметрыю ў кампазіцыю ансамбля. У 1920-х гг. кляштар перабудаваны, касцёл у 1920–1940 гг. быў кафедральным. Галоўнай жамчужынай манастыра з’яўляецца касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі – аднанефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і крыху вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы знаходзяцца пад аднасхільнымі чарапічнымі дахамі. Галоўны фасад расчлянёны на тры ярусы і завершаны складаным франтонам з дзвюма вежамі па баках. Фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапаванымі карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі вокнамі нефа і алтарнай апсіды – прамавугольнымі вокнамі з лучковымі завяршэннямі. Неф і прасбітэрый перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. У інтэр’еры пазалочаныя алтары XVIII ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкаратыўнай арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 г. скляпенні і падпружныя аркі былі размаляваны арнаментальнымі матывамі, прэсбітэрый аздоблены фрэскамі. Гонарам касцёла з’яўляецца арган. Яго 1498 труб з металу і дрэва нараджаюць чароўныя гукі, што разносяцца пад купалам храма. Чатыры ўзаемна перпендыкулярныя двух- і трохпавярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю. Увесь ансамбль займае велізарную прастору паміж галоўнай вуліцай і ракой і па сваёй значнасці нечым нагадвае славуты на ўвесь свет кракаўскі Вавель. У 1997 г. у ходзе рэстаўрацыйных работ выяўлены фрэскавы роспіс пачатку XIX ст. на сюжэты жыцця святога Францыска Асізскага. У 2001 г. у будынку адкрыта Міждыяцэзіяльная вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага.