Дата пачатку: 01.08.1914
Дата заканчэння: 28.06.1919
Кароткая даведка: вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і краінамі Антанты (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.)
Варыянты назвы: Першая сусветная вайна 1914–1918 гг.
Назвы на іншых мовах: Первая мировая война 1914–1918 (руская); Первая мировая война 1914–1918 гг. (руская);
Першая сусветная вайна – адзін з самых маштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які ўзнік паміж дзвюма кааліцыямі – Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Галоўнай прычынай канфлікту стала барацьба буйных еўрапейскіх краін за першынство на сусветным рынку, пераразмеркаванне раней набытых калоній, авалоданне запасамі сыравіны. Падставай для пачатку вайны паслужыла забойства ў Сараеве наследніка аўстрыйскага трона эрцгерцага Франца Фердынанда.
28 ліпеня Аўстра Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Рэгіянальны канфлікт ператварыўся ў глабальны: 1 жніўня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі. Пачалася вайна, у якой удзельнічалі 38 дзяржаў і іх шматмільённыя арміі: аўстра-германскі блок налічваў 193 дывізіі (3,5 млн чалавек), дзяржавы Антанты – 287 дывізій (6 млн чалавек). Германскія войскі пачалі наступленне на Заходнееўрапейскім фронце 2 жніўня 1914 г. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўночныя дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. Германскае камандаванне рабіла стаўку на правядзенне “маланкавай вайны”. Аднак 5–12 верасня паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вялікая бітва (на р. Марне), дзе немцы сустрэлі ўпартае супраціўленне англа-французскіх войск, адступілі і перайшлі да абароны. Пачалася пазіцыйная вайна. Поспеху Антанты паспрыялі баявыя аперацыі войск (Усходне Пруская і Галіцыйская бітвы) на Паўночна Заходнім і Паўднёва Заходнім франтах. Актыўныя ваенныя дзеянні ў гэты перыяд адбываліся на аўстра сербскім фронце, у Закаўказзі. Галоўным вынікам барацьбы на моры стала блакада Англіяй германскага ўзбярэжжа. У цэлым кампанія 1914 г. завяршылася перамогай краін Антанты. Планы Германіі на “маланкавую вайну” праваліліся.
У 1915 г., каб вывесці Расію з вайны, германскае камандаванне сканцэнтравала асноўныя сілы на ўсходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў. У выніку масіраванага наступлення ў чэрвені была захоплена большая частка Польшчы (разам з Варшавай). З бесперапыннымі баямі рускія адыходзілі на ўсход, фронт набліжаўся да Беларусі. У жніўні пачалося германскае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. 9 верасня ў стыку Паўночнага і Заходняга франтоў немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў і захапілі Вілейку. У хуткім часе былі пакінуты Вільня, Гродна, Брэст, Пінск і іншыя гарады заходняй часткі Беларусі. У сувязі з гэтым Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. 19 верасня перадавыя нямецкія раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск – Масква ў раёне Смалявіч. Вялікімі намаганнямі рускім войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастрычніку фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. На Заходнееўрапейскім фронце на працягу ўсяго 1915 г. актыўных баявых дзеянняў не вялося, аднак 22 красавіка каля г. Іпр (Бельгія) немцы прымянілі хімічную зброю. У выніку газавай атакі было атручана каля 15 тыс. чалавек, з якіх 5 тыс. памерлі.
Кампанія 1916 г. пачалася актывізацыяй баявых дзеянняў. 21 лютага немцы пачалі наступленне ў раёне крэпасці Вердэн. Упартыя баі працягваліся да снежня і прынеслі вялікія страты (Германія – 600 тыс. забітых і параненых, Францыя – 360 тыс.). Каб аслабіць націск праціўніка, англа французскія войскі паспрабавалі прарваць лінію фронта каля р. Сомы. Тут упершыню англічане прымянілі танкі. Няпроста складвалася становішча і на руска нямецкім фронце. Наступальныя аперацыі рускай арміі ў сакавіку і чэрвені – ліпені 1916 г. у раёнах возера Нарач і г. Баранавічы поспеху не прынеслі. Больш значным у гэты час стала наступленне 8-й арміі пад камандаваннем генерала А.А. Брусілава. У выніку Брусілаўскага прарыву рускія занялі вялікую частку Галіцыі, а потым Букавіну. Падзеі на р. Соме і ў Галіцыі сталі пераломнымі ў ходзе вайны на карысць Антанты.
У 1917 г. палітычны крызіс ахапіў усе дзяржавы, якія ваявалі, але асабліва вострая сітуацыя складвалася ў Расіі. Амаль бесперапынныя баі, мільённыя страты, разруха, голад, эпідэміі – усё гэта настроіла насельніцтва і салдацкія масы супраць самадзяржаўя. У краіне адбылася Лютаўская рэвалюцыя і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад. Расія працягвала вайну, церпячы адно паражэнне за другім. Паступова рускія ваенныя фарміраванні страцілі баяздольнасць. На франтах пачалося братанне рускіх і нямецкіх салдат, з’явіліся лозунгі бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыялістычнай у грамадзянскую. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачаліся сепаратыўныя перагаворы з аўстра германскай кааліцыяй. 4 снежня 1917 г. у в. Солы (цяпер Гродзенская вобласць) быў падпісаны Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце. У лютым 1918 г. немцы і іх саюзнікі яго парушылі і пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. За кароткі час нямецкая армія акупіравала большую частку беларускай тэрыторыі. Бальшавіцкі ўрад не меў рэгулярнай арміі, таму быў вымушаны пайсці на падпісанне Брэсцкага мірнага дагавора (3 сакавіка 1918 г.), у выніку якога амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі заставалася ў нямецкай акупацыі.
На Заходнееўрапейскім фронце ў сакавіку – ліпені 1918 г. германскае камандаванне арганізавала некалькі буйных наступленняў, аднак яны былі беспаспяховымі. У верасні арміі Антанты перайшлі ў генеральнае наступленне. 11 лістапада 1918 г. было заключана Камп’енскае перамір’е, з падпісаннем якога Першая сусветная вайна завяршылася. Германія прызнала сябе пераможанай. 28 чэрвеня 1919 г. краіны Антанты (без Расіі) заключылі Версальскі мірны дагавор.
Першая сусветная вайна цягнулася больш за чатыры гады і мела надзвычай разбуральны характар: з 73,5 млн вайскоўцаў загінула каля 10 млн і больш за 20 млн было паранена, ад эпідэмій і голаду памерла яшчэ каля 10 млн чалавек. Вайна прынесла вялікія страты і беларускаму народу. З 1914 г. тэрыторыя нашай краіны з’яўлялася арэнай баявых дзеянняў. Каля 900 тыс. яе жыхароў былі мабілізаваны ў дзеючую армію, 70 тыс. з іх загінулі. Вялікія страты панесла мірнае насельніцтва (60 тыс. памерлых), адступленне рускіх войск на ўсход суправаджалася вялікай колькасцю бежанцаў (ад 1,5 да 2,2 млн чалавек). Беларускія гарады і вёскі разбураліся і спальваліся, абсталяванне прадпрыемстваў знішчалася ці вывозілася ў Германію, прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка.
Першая сусветная вайна парадзіла шэраг новых праблем. Версальскі мірны дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі і паслужыў падставай для падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939–1945 гг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.