Кароткая даведка:
горад, цэнтр Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Bychau (не вызначана); Быхов (руская);
Папярэднія назвы:
Стары Быхаў
3951 сімвал
Даведка
У старажытнасці многія населеныя пункты размяшчаліся на берагах рэк. Да іх ліку адносіцца і Быхаў — раённы цэнтр, прыстань на Дняпры.
Існуюць два тлумачэнні назвы гэтага горада: “быў-хоў” — месца, дзе жыхары хаваліся ад нападу ворага і “Бых-аў” — утворана ад асабістага імя. Якое з іх правільнае, устанавіць цяжка, бо першае ўпамінанне аб горадзе пад назвай Стары Быхаў адносіцца да 1430 г.* (згадваецца ў “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх” сярод гарадоў, якія прымалі абранне Свідрыгайлы вялікім князем літоўскім).
У другой чвэрці XV ст. Быхаў належаў князю Дзмітрыю Сямёнавічу Друцкаму-Зубравіцкаму па мянушцы Сякіра. Дачка князя Марына рана засталася ўдавой і завяшчала горад свайму ўнуку Альбрэхту Гаштольду. У 1542 г. усе маёнткі Гаштольдаў адышлі да вялікага князя Жыгімонта І Старога, і Быхаў доўгі час быў каралеўскім уладаннем. Жыгімонт І Стары здаў яго ў заклад князю Івану Саламярэцкаму, а той у 1556 г. падараваў кіеўскаму ваяводзе Рыгору Хадкевічу. Апошні праз чатыры гады атрымаў прывілей на валоданне горадам. Магнаты роду Хадкевічаў зрабілі ўсё, каб старажытнае паселішча ператварылася ў сапраўдную крэпасць: была заснавана Быхаўская людвісарня (гарматная ліцейная майстэрня), распачата будаўніцтва гарадскіх умацаванняў і новага замка (узведзены ў 1619 г.). З гэтага часу Быхаў стаў лічыцца адной з лепшых крэпасцей на Беларусі.
У 1621 г. горад перайшоў ва ўладанне Сапегаў.* Леў Сапега ўмацаваў Быхаў бастыённай фартыфікацыяй і гарматамі, павялічыў гарнізон. У вызваленчую вайну беларускага і ўкраінскага народаў (1648—1654 гг.) крэпасць не здолела ўзяць казацкае войска пад кіраўніцтвам Ф.Гаркушы. Замак вытрымаў доўгатэрміновую (у 1655 г.) аблогу войск гетмана І.Залатарэнкі падчас руска-польскай вайны 1654—1667 гг. і 30-тыднёвую аблогу рускіх войск (у 1659 г.).
Вялікія страты гораду нанесла Паўночная вайна, калі Быхаў пераходзіў то да прыхільнікаў шведаў, то да войск Пятра І. У 1702 г. генерал артылерыі ВКЛ К.Сініцкі-Бонч з цяжкасцю ўзяў горад. У час бітвы была выкарыстана знятая з гарадскіх умацаванняў Магілёва гармата “Галянка”. Па сваіх памерах ні адна гармата дзяржавы не магла параўнацца з ёй: толькі зарад пораху важыў 40 кг.
У 1772 г. Быхаў увайшоў у склад Расіі і праз год стаў павятовым цэнтрам. У 1781 г. быў зацверджаны герб горада: на чырвоным полі дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы. Рэшткі гарадскіх умацаванняў і каменны палац Сапегаў заставаліся ў горадзе да канца ХІХ ст. У гэты час тут пачала працаваць тэлеграфная станцыя (1882 г.), меліся запалкавая фабрыка, цагельня, чатыры ветракі.
Тыповае ваенна-чыноўніцкае аблічча горад захаваў і да пачатку першай сусветнай вайны. У Быхаве размяшчаўся ваенны гарнізон, перададзены пазней у непасрэднае падпарадкаванне начальніка штаба царскай Стаўкі ў Магілёве генерала Духоніна. Тут 12 верасня 1917 г. “бясслаўна закончыўся ўшчэмлены гісторыяй карнілаўскі рух”, як пісаў М.Шолахаў у рамане “Ціхі Дон”.
Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Быхаве ў лістападзе 1917 г. У складаных умовах нараджалася новае жыццё, пашыралася гаспадарчае, прамысловае і культурнае будаўніцтва горада. У 1924 г. Быхаў стаў цэнтрам раёна.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, многія быхаўчане пайшлі на фронт і мужна змагаліся з ворагам. Чатырнаццаць Герояў Савецкага Саюза дала краіне быхаўская зямля. Горад быў вызвалены 28 чэрвеня 1944 г.
Прайшлі гады, мінулі стагоддзі. Стары Быхаў з невялікага паселішча ператварыўся ў сучасны прамысловы цэнтр. Толькі старажытны замак, аддзелены ад новага горада глыбокім ровам, глядзіць сваімі байніцамі на дняпроўскія воды, быццам услухоўваецца ў водгукі падзей, што канулі ў далёкае мінулае. А вакол новымі фарбамі цвіце дзень сённяшні: запрашаюць жыхароў раённы Дом культуры, кінатэатр, універмаг, узвышаюцца сучасныя жылыя дамы, працуюць буйныя прамысловыя прадпрыемствы.