Дата пачатку:
XVII ст. Быхаў, г., Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры позняга рэнесансу, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
1809 сімвалаў
Даведка
Звесткі аб існаванні яўрэйскай абшчыны ў Быхаве адносяцца да першай чвэрці XVII ст. Мяркуецца, што менавіта тады (па іншых звестках ў 1640–1660-я гг.) тут быў узведзены і будынак першай мураванай сінагогі.
Размяшчалася яна ў асобным гандлёвым квартале непадалёк ад гарадской брамы і рыначнай плошчы. Каменнае двухпавярховае збудаванне памерам 20х21 м і вышынёй 11 м было накрыта вальмавым дахам. У яго архітэктуры прасочваўся выразны абарончы характар: на паўночна-заходнім рагу была размешчана круглая баявая вежа з вітой лесвіцай унутры, меўся дэкаратыўна-абарончы атык з байніцамі, якія пазней замуравалі, сцены таўшчынёй да 2 м з боку ўсходняга фасада былі ўмацаваны контрфорсамі, вялікія вокны з паўцыркульным арачным завяршэннем размяшчаліся высока ад узроўню зямлі. Па меркаванні даследчыкаў, сінагога таксама мела падземны ход, які вёў з вежы да замкавага рова. Такім чынам будынак прызначаўся не толькі для набажэнстваў, а выконваў яшчэ і функцыі крэпасці ў выпадку нападу ворага.
Знешне храм выглядаў даволі сціпла. Фасады яго былі дэкарыраваны ў стылі рэнесансу простымі карнізамі і неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. Унутранае ўбранства было значна багацейшае. Вялікае памяшканне падзялялася на 9 роўных частак пры дапамозе 4 магутных васьмігранных слупоў, злучаных паміж сабой аркамі. Вуглавыя часткі былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, прамежкавыя – цыліндрычнымі. Цэнтральнае поле паміж слупамі выкарыстоўвалася для двух’яруснай трыбуны (бімы). Інтэр’ер упрыгожвалі багаты роспіс і ляпніна з жывёльным і раслінным арнаментам.
У цяперашні час Быхаўская сінагога не выкарыстоўваецца (патрабуе рэстаўрацыі). Яе будынак з’яўляецца адным з помнікаў абарончага культавага дойлідства і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.