Бялынічы – адміністрацыйны цэнтр Бялынічскага раёна Магілёўскай вобласці, размешчаны на левым беразе ракі Друць, за 44 км ад Магілёва. Наконт паходжання назвы населенага пункта існуе шмат версій. Паводле адной з легенд, заззяла ў ХIII ст. ікона Божай Маці, напоўніўшы святлом ноч (Бялынічы – “белыя ночы”). Рэліквіяй горада з’яўляецца цудатворная ікона Бялыніцкай Божай Маці, створаная ў першай палове ХVII ст. Гэты абраз вядомы ў Беларусі і за мяжой па шматлікіх копіях (арыгінальная святыня, на жаль, страчана). Невыпадкова на новым гербе, прынятым у 2002 г., змешчана выява Божай маці ў залатым адзенні з Немаўляці на руках.
У рукапісных крыніцах Бялынічы згадваюцца з сярэдзіны XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1577 г. у складзе маёнтка Цяцерын належалі князю С.А. Збаражскаму, які заснаваў тут замак (Белагарадок) і мястэчка. Пасля яго смерці ў 1585 г. Бялынічы перайшлі да дачкі Барбары, а ў пачатку XVII ст. – да дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, дыпламата і аднаго са стваральнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага канцлера Льва Сапегі. Ён зрабіў Бялынічы буйным рэлігійным цэнтрам, у 1624 г. заснаваў драўляны касцёл і кляштар кармелітаў, які ў хуткім часе стаў адным з найбагацейшых у Беларусі на той час. У сярэдзіне XVII ст. пры кляштары дзейнічала друкарня. У 1634 г. сын Льва Сапегі Казімір атрымаў для Бялыніч каралеўскі прывілей на магдэбургскае права і правядзенне кірмашоў. З 1685 г. Бялынічы знаходзіліся ва ўласнасці Радзівілаў, з 1733 г. – Агінскіх. У сярэдзіне ХVIII ст. быў закладзены парк, які з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва. Яго частка захавалася да сёняшняга дня.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 гг. Бялынічы былі заняты рускімі войскамі і на працягу некалькіх гадоў знаходзіліся пад уладай рускай адміністрацыі. Паводле Андросаўскага перамір’я ў 1667 г. вернуты ў склад Рэчы Паспалітай, аднак пасля яе падзелу ў 1772 г. далучаны да Расійскай імперыі і ўвайшлі ў склад Магілёўскага павета. Праз Бялынічы праходзіў гандлёвы шлях, які звязваў цэнтр Беларусі з Расіяй. У ХVIII ст. у мястэчку дзейнічаў мытны пункт. У 1756–1761 гг. пабудаваны вялікі мураваны касцёл, інтэр’ер якога быў размаляваны фрэскамі. Сюды пачалося масавае паломніцтва вернікаў.
У Айчынную вайну 1812 г. Бялынічы знаходзіліся ў зоне ваенных дзеянняў і панеслі вялікія страты. У 1859 г. адбыўся вялікі пажар: амаль усе дамы і касцёл згарэлі. Аднак мястэчка было хутка адбудавана і ўжо ў 1864 г. тут адкрылася 2-класнае народнае вучылішча, у 1870 г. пачала працаваць крупадзёрка, у 1875 г. – вінакурны завод.
У гады Першай сусветнай вайны Бялынічы былі заняты германскімі войскамі (з канца лютага да лістапада 1918 г.). З 1 студзеня 1919 г. увайшлі ў склад БССР, у лютым адышлі да РСФСР. З сакавіка 1924 г. зноў у межах БССР і ў гэтым жа годзе сталі цэнтрам раёна. У 1927 г. у Бялынічах створана метэаралагічная станцыя, у 1928 г. пачала дзейнічаць электратурбіна. Працавалі млын, лесапільня, маслазавод, сталярна-мэблевы камбінат, хлебазавод, друкарня і інш. З 8 студзеня 1932 г. пачала выходзіць раённая газета “Чырвоны калектывіст”.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны (6 ліпеня 1941 г.) пад націскам пераўзыходзячых сіл нямецка-фашысцкіх захопнікаў Бялынічы былі акупіраваны. Ужо праз некалькі тыдняў тут пачало разгортвацца патрыятычнае падполле, узнік першы партызанскі атрад. За гады вайны фашысты знішчылі ў гарадскім пасёлку і раёне каля двух тысяч чалавек. Бялынічы былі вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. падраздзяленнямі 32-й і 42-й стралковых дывізій 2-га Беларускага фронту з удзелам партызан. У гонар вызваліцеляў, воінаў-землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усталяваны помнікі.
Пасля вайны ў Бялынічах пачалі аднаўляцца і ўзводзіцца новыя прадпрыемствы, вялося жыллёвае будаўніцтва. У 1972 г. да пасёлка далучыліся вёска Новы шлях, у 1977 г. – вёскі Бярозаўка, Задруцкая Слабада, пасёлак Тарфяны.
19 снежня 2016 года Бялынічы сталі горадам раённага падпарадкавання. Тут працуюць масласырзавод, хлебазавод, крухмальны завод, рамонтна-механічныя майстэрні і інш. Пабудаваны Дом культуры, царква Бялыніцкага абраза Маці Божай, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Друць”. Дзейнічаюць народны тэатр юнага гледача, кінатэатр.
Значнай падзеяй для Бялыніч стала правядзенне ў 2020 г. Дня беларускага пісьменства. З гэтай нагоды былі адноўлены аб’екты інфраструктуры, узведзены новы будынак адчыненага яшчэ ў 1970 г. музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, знакамітага ўраджэнца Бялыніцкага раёна, народнага мастака Беларусі і Расіі.
У 2024 г. Бялынічам прысвоены статус “Культурная сталіца года”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.