Будаўніцтва прадпрыемства, тады яшчэ Брэсцкага дывановага камбiната, было пачата ў 1958 г. Камбінат уведзены ў эксплуатацыю ў 1960 г. Першапачаткова праектная магутнасць была разлічана на 45 тыс. кв м дывановых вырабаў у год. Да 1965 г. прадпрыемства спецыялізавалася на вытворчасці стужкавых дываноў. Абсталяванне складалася з 3 кальцавых прадзільных машын і 74 стужкавых ткацкіх станкоў. Калектыў налічваў 790 чалавек. Першым дырэктарам быў прызначаны М. Я. Вуколаў, які валодаў выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі і змог удала наладзіць працу новага прадпрыемства. У 1965 г. быў пабудаваны новы вытворчы будынак, аснашчаны абсталяваннем з тэхналогіяй вырабаў двухпалотных жакардавых паціколерных з разразным ворсам дываноў. Праектная магутнасць новай вытворчасці складала 1050 тыс. кв м дываноў у год. Калектыў прадпрыемства, які складаўся ўжо з 1269 чалавек, паспяхова спраўляўся з асваеннем новых магутнасцей і ў 1968 г. вырабіў 1148 тыс. кв м прадукцыі.
У 1970 г. на базе Брэсцкага дывановага камбiната і Брэсцкай суконнай фабрыкі было створана Брэсцкае вытворчае дыванова-суконнае аб’яднанне. У 1972 г. выраблены першы дыван, якому быў прысуджаны дзяржаўны Знак якасці – “Жамчужына” (аўтар-мастак Т. І. Сцепанюк). Прадукцыя прадпрыемства ў тыя гады пастаўлялался больш чым на 500 гандлёвых баз СССР і за мяжу – у Іарданію, Балгарыю, Йемен, Чэхаславакію, Кувейт і іншыя краіны. Дываны дэманстраваліся на міжнародных кірмашах і выставах у Лейпцыгу, Дэлі, Хельсінкі, Лондане, атрымлівалі прэстыжныя прэміі і ўзнагароды. У 1978–1983 гг. на прадпрыемстве была праведзена чарговая рэканструкцыя і пашырэнне вытворчасці. Камбінат стаў буйнейшым вытворцам двухпалотных жакардавых дываноў у Еўропе. Праектная магутнасць прадпрыемства дасягнула 5 млн. кв м вырабаў у год.
У 1993 г. Брэсцкае дывановае вытворчае аб’яднанне было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Дываны Брэста”. У канцы 1990-х гг. прадпрыемства вырабляла 4300 тыс. кв м дываноў у год. Калектыў прадпрыемства налічваў 3293 чалавека. Сярод ветэранаў – 3 кавалеры ордэна Леніна, 15 кавалераў ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, 12 – кавалераў ордэна “Знак пашаны”. У 2020 г. ААТ “Дываны Брэста” было прызнана банкрутам. Ліквідацыйная вытворчасць скончана ў жніўні 2022 г. Маёмасць прадпрыемства набыла адкрытае акцыянернае таварыства “Віцебскія дываны”, якое зарэгістравала на гэтай базе свой філіял “Брэсцкія дываны”.
За час свайго існавання “Дываны Брэста” не толькі наладзілі самую буйную ў Еўропе дывановую вытворчасць, але і замацавалі за сабой рэпутацыю надзейнага дзелавога партнёра. Дакладная арганізаванасць тэхналагічнага працэсу, выкарыстанне самага сучаснага айчыннага і імпартнага абсталявання ў спалучэнні з высокай кваліфікацыяй работнікаў – гэта той падмурак, на якім базіравалася паспяховая праца калектыву прадпрыемства. Яго прадукцыя характарызавалася высокай якасцю і шырокім асартыментам. Гонар “Дываноў Брэста” – міжнародныя ўзнагароды, якімі адзначана яго прадукцыя: “Міжнародная Залатая Зорка” (1993), “Залатая Арка Еўропы” (1995), “Залаты Арол” (1997), залаты і сярэбраны “Знак якасці ХХІ стагоддзя” (2000).
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага ў 2011 г., актуалізаваны ў 2024 г.