Кароткая даведка:
адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе канцэрна "Беллегпрам", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2005, 2012, 2017, 2021)
Назвы на іншых мовах:
"Vitebsk Carpets" (англійская); "Витебские ковры" (руская);
Папярэднія назвы:
Віцебскае вытворчае дывановае аб'яднанне імя 50-годдзя БССР; Віцебская лёнапрадзільная фабрыка "Дзвіна"; Віцебскі дывановы камбінат
1886 сімвалаў
Даведка
Адным з буйнейшых вытворцаў тэкстыльнай галіны Беларусі з’яўляецца ААТ "Віцебскія дываны".
Гісторыя прадпрыемства пачалася ў Віцебску ў 1947 г., калі на базе лёнапрадзільнай фабрыкі “Дзвіна” (дзейнічала ў 1900–1946 гг.), разбуранай ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў створаны дыванова-плюшавы камбінат. Станкі для новага прадпрыемства (27 плюшавых і 73 ткацкіх) былі атрыманы па рэпарацыях з Германіі. У 1957 г. камбінат рэканструявалі пад вытворчасць аксмінстэрскіх дываноў, у 1977 г. – пад выпуск прашыўных дываноў з рэльефным малюнкам. У складзе прадпрыемства дзейнічалі фабрыкі нятканых матэрыялаў, ткацка-аддзелачная і прашыўных дывановых вырабаў. У 1980 г. прадпрыемства пераўтворана ў вытворчае дывановае аб’яднанне імя 50-годдзя БССР, у 1994 г. – у адкрытае акцыянернае таварыства “Віцебскія дываны”.
У цяперашні час ААТ “Віцебскія дываны” ўваходзіць у склад канцэрна “Беллегпрам”. Тут працуе больш за 1 тыс. чалавек. З мэтай павелічэння вытворчай магутнасці і пашырэння асартыменту прадукцыі праведзена мадэрнізацыя абсталявання. У 2020 г. на аснове ліквідаванага ААТ “Дываны Брэста” створаны вытворчы філіял “Брэсцкія дываны”. Прадпрыемства мае ўласную гандлёвую сетку. Сярод выпускаемай прадукцыі: двухпалотныя дываны з поліпрапіленавым і камбінаваным ворсам, дываны са спалучэннем розных відаў перапляценняў ворсавай асновы, дываны з выкарыстаннем у асобных элементах малюнка высокаўсадачнай поліэфірнай ніткі, прашыўныя пакрыцці з петлявым, разразным і рэльефным ворсам з друкаваным малюнкам, пакрыцці з разразным ворсам тыпу “штучная трава”, пакрыцці на гумавай аснове. Таксама арганізавана вытворчасць уласных кардонных гільз для ўпакоўкі дывановых вырабаў (2017) і поліпрапіленавых нітак (2019).
Па выніках працы ААТ “Віцебскія дываны” адзначана Прэміяй Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2005, 2012, 2017, 2021).